Эйфории нет — есть надежда. Как КУСХП «Глыбочаны» пытается выйти из критической ситуации

Сельское хозяйство

Глядзець зводкі па надоях малака, датаваныя жніўнем мінулага года, глыбачанскім жывёлаводам зараз непрыемна. Валавы надой па гаспадарцы складаў тады крыху больш 40 працэнтаў да лічбы лета 2016-га, а ад каровы даілі менш шасці літраў, мінусуючы больш за ўсіх па раёне… “Ахавае” становішча некалі моцнай гаспадаркі было тады ва ўсіх на слыху і стала падставай для візітаў у раён прадстаўнікоў улады рознага ўзроўню. Здавалася, ужо нічога не зможа спыніць няўмольнае пагружэнне на дно глыбачанскага “тытаніка”…

Прыпынілі падзенне

Але прайшло паўгода – і ў той жа малочнай зводцы ў радку насупраць КУСГП “Глыбачаны” лічбы зараз больш аптымістычныя. Па валавой вытворчасці малака з пачатку месяца гаспадарка саступае толькі вялікадальчанам і ільюшынцам, у якіх значна большыя статкі, і з’яўляецца адзінай, хто істотна плюсуе па гэтым паказчыку ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. На пачатку лютага тут даілі за дзень да трох тон малака пры неблагім надоі ад каровы, які складаў каля 8 літраў.

“Толькі не варта лічыць, што мы выбраліся на паверхню. Скажам так: пакуль  проста крыху прыпынілі падзенне, – засцерагае ад залішняй эйфарыі начальнік участка па жывёлагадоўлі Таццяна Валер’еўна Крупская, якой з 18 снежня даводзіцца выконваць абавязкі кіраўніка абяскроўленай кадравым голадам гаспадаркі. – Што стала выратавальным кругам? Жаданне раённай улады і мясцовых работнікаў у што б там ні стала захаваць гаспадарку, ад якой залежыць дабрабыт жыхароў такога буйнога рэгіёну. Наш комплекс адносна новы, і было б зусім не па-гаспадарску згубіць яго, у той час як па вобласці трацяцца вялізныя сродкі на будаўніцтва і рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў”.

Прыраслі ў колькасці, дадалі ў якасці

Задачу “выцягнуць адзін статак”, якую ставіў паўгода таму ў час візіту на прадпрыемства міністр сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Л.К.Заяц, глыбачанцы перавыканалі. “Калі год таму прыйшла на пасаду начальніка ўчастка, зрабілі “рэвізію” кароў, адабраўшы “бракаваных”: хворых па генікалогіі, тых, хто не прыходзіў у ахвоту, нізкапрадукцыйных. Іх аб’ядналі ў асобны статак і даручылі самым адказным даяркам. Анжэла Аляксандраўна Кавальчук, Алена Аляксандраўна Аваднёва, Аксана Равільеўна Валашчук, Святлана Уладзіміраўна Літвін (на здымку) і падменная даярка Святлана Аляксандраўна Ружынская старанна даглядалі, раздойвалі кожную жывёлу. І дзякуючы такім адносінам заданне міністра жывёлаводы нават перавыканалі – зараз на МТФ 355 дойных кароў – два паўнацэнныя статкі.

Не забываюць на ферме і пра іх узнаўленне. Так, напрыклад, дзеля лепшага захавання нованароджанай жывёлы ўсе цяляты да 20-дзённага ўзросту знаходзяцца пад наглядам клапатлівай работніцы Надзеі Пятроўны Ларчанкі. Крыху акрэпшыя “малышы” трапляюць у нястомныя рукі вопытных даглядчыц Раісы Мікалаеўны Пліскевіч і Вольгі Васільеўны Лях, у якіх зараз каля 100 гадаванцаў. Потым цялушкі накіроўваюцца на аднаўленне статку – дарэчы, зараз у асобнай аборы на бяспрывязным утрыманні знаходзіцца каля 200 галоў злучнага ўзросту, 100 цялушак гатовыя пад пакрыццё. Нядаўна на ферме памянялі племяннога быка, што павінна паўплываць на прадукцыйнасць. Такім чынам, планы Т.Крупскай істотна павялічыць агульнае пагалоўе аб’екта не выглядаюць нерэальнымі.

Вядома ж, не абмінаюць на МТФ і пытанне якасці прадукцыі. Так, у студзені 75 працэнтаў малака было прададзена “экстрай”. Пра захаванне тэхналагічных патрабаванняў клапоціцца адзін з самых заслужаных работнікаў Тамара Георгіеўна Пліскевіч. Не адзін дзясятак год яна працавала на адкорме жывёлы, па стане здароўя на пэўны час была вымушана змяніць прафесію, аднак зноў вярнулася ў жывёлагадоўлю, без якой не ўяўляе жыцця. “Хоць і складана тут, але гэта маё!” – прызнаецца жанчына, якая зараз выконвае абавязкі лабаранта. А робіць яна гэта з надзвычайнай адказнасцю, бо ведае, як шмат залежыць ад яе работы. Добрыя паказчыкі па якасці – таксама плён намаганняў даярак, слесараў Бахціёра Бердыевіча Насірава і Анатоля Уладзіміравіча Брыціка (на здымку), стараннасць і ўмелыя рукі якіх забяспечваюць бесперабойную работу абсталявання.

Ад Кузьміча да сельгасхарча

“Асноўны наш галаўны боль – кармы, – адзначае начальнік участка. – На жаль, іх якасць пакідае жадаць лепшага. Паўплывала на гэта і надвор’е ў час нарыхтоўкі, і нястача тэхнікі на адвозцы зялёнай масы, і арганізацыйныя пралікі. А зараз пажынаем плады. Па магчымасці дадаём у рацыён салому, камбікорм”. Для набыцця апошняга гаспадарка заключыла трохбаковы дагавор: выручку глыбачанцаў за пяць дзён продажу малака Лепельскі завод пераводзіць на Полацкі КХП, які пастаўляе на ферму камбікармы. А бывае, што дае і ў доўг. “Мы без Кузьміча прапалі б!” – так, па-свойску, называе Таццяна Валер’еўна дырэктара полацкага прадпрыемства В.К.Хамёнка.

Увогуле словы ўдзячнасці за пастаянную дапамогу работнікі МТФ адрасуюць вельмі многім. І найперш – старшыні райвыканкама У.Г.Аўдошку, начальніку райсельгасхарча А.Я.Іоскіну. Аляксандр Яўгенавіч узяў гэты аб’ект пад асабісты кантроль: у прыватнасці, пасадзейнічаў падрыхтоўцы памяшканняў да стойлавага перыяду, дапамог набыць новы транспарцёр для выдалення гною. У гаспадарцы практычна няма ўласных спецыялістаў, таму ўся надзея – на работнікаў райсельгасхарча, якія дапамагаюць і ў эканамічных, і ў тэхнічных пытаннях. Шмат намаганняў прыклалі для выхаду з крызісу раённыя зааветслужбы. Тройчы на тыдзень, а пры экстраннай неабходнасці – і ў нерабочы час, на ўласнай машыне – прыязджае ў аграгарадок ветурач Юлія Валер’еўна Юркевіч. “Так, усёй грамадой, і змагаемся за наша існаванне!” – канстатуюць глыбачанцы.

Самае складанае наперадзе

“Нам бы дырэктара талковага, інжынера ды эканаміста – усё б куды аптымістычней было”, – мяркуе Т.Крупская: калі арганізатарскіх здольнасцяў ды аўтарытэту ёй не займаць, то спецыяльных ведаў, як сама прызнаецца, не стае. А надыход вясны мусіць прынесці шмат выпрабаванняў: амаль зусім не гатова да пасяўной тэхніка, у дэфіцыце механізатарскія кадры, няма якасных пашаў, каб выгнаць жывёлу. Ды і не ўсе работнікі, а іх зараз на прадпрыемстве 74, цалкам усведамляюць, што сітуацыя патрабуе максімальнай аддачы і дысцыпліны. “Проста пакуль не разумеюць, як гэта катастрафічна, калі закрываюцца сельгасаб’екты. Я ж гэта ведаю, бо давялося працаваць і ў Хадакова, і ў Вяркудах”, – кажа начальнік участка. “Знікне гаспадарка – прыйдзе ў заняпад аграгарадок, змарнее зямля нашых продкаў, – падводзіць вынік нашай гутаркі Тамара Георгіеўна Пліскевіч. – Мы гэтага не хочам, так што будзем трымацца да апошняга…”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *