Выясняем ситуацию: как питаются дети в детских садах и школах района?

Выясняем ситуацию

Часам ушачане скардзяцца, што харчаванне ва ўстановах адукацыі пакідае жадаць лепшага. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі ігнаруюць рыбу, кашы, тварожныя запяканкі, салаты і ў лепшым выпадку могуць з’есці кавалак хлеба ці батона, іншыя радуюцца выключна ласункам. Паспрабуем разабрацца, чаму дзеці выбарачна падыходзяць да прапанаваных ім у школе ці садку страў і як можна выправіць сітуацыю.

Звычка – вялікая справа

Па словах інжынера-тэхнолага аддзела адукацыі спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Аксаны Віктараўны Мацкевіч, харчуючыся ва ўстанове адукацыі, дзіця атрымлівае збалансаваную ежу з патрэбным утрыманнем вітамінаў і мікраэлементаў. Прадукты праходзяць аптымальную тэрмічную апрацоўку для захавання карысных уласцівасцей. Ніколі не будзе тут смажаных, салёных, кіслых і рэзкіх страў – выключна запечаныя, вараныя, тушаныя ці прыгатаваныя на пары. Усё гэта прадугледжана спецыяльнымі патрабаваннямі і строга кантралюецца.

Як правіла, дзеці з задавальненнем ядуць у кампаніі. З прапанаванага ва ўстанове асартыменту (як і дома) яны могуць адмовіцца ад адной-дзвюх страў з-за індывідуальных “смакавых” асаблівасцей. Калі ж дзіця пастаянна скардзіцца на тое, што ў садку ці школе ежа нясмачная, бацькам варта сур’ёзна падумаць і перагледзець сваё стаўленне да прыгатавання яе дома, бо для многіх гэта – вострыя заправы, смажаныя, вэнджаныя і кансерваваныя прадукты, ласункі, якія не рэкамендуюцца для здаровага харчавання.

Нормы захаваны

Штодня ва ўстановах адукацыі складаецца меню-патрабаванне дзённага (сутачнага) рацыёну, якое зацвярджаецца кіраўніком. Прыкладныя ж двухтыднёвыя распрацоўваюцца з улікам сезоннасці (лета-восень, зіма-вясна), рэкамендаванага аб’ёму і спецыяльных зборнікаў рэцэптур страў для дзяцей ранняга і дашкольнага, школьнага ўзросту, а таксама страў дыетычнага харчавання.

Асноўныя прыёмы ежы (сняданак, абед, вячэра) на працягу дня неабходна ажыццяўляць праз 3,5-4 гадзіны. У рацыён дзіцяці штодня павінны ўваходзіць малако і кісламалочныя напоі, алей і сметанковае масла, цукар, мяса, хлеб, крупы, агародніна, свежая садавіна або сокі (нектары). Рыба, яйкі, сыр, тварог, смятана павінны быць на стале малога мінімум 2-3 разы ў тыдзень.

Густы ўлічваюцца

З мэтай выключэння з рацыёну незапатрабаваных навучэнцамі страў у лістападзе 2017-га ў школах раёна праведзена электроннае анкетаванне. Удзел у ім прынялі 552 вучні 5-11 класаў. Вынікі паказалі, што дзеці аддаюць перавагу другім стравам, садавіне, напоям (акрамя кісламалочных). 59,1 працэнта школьнікаў запэўнілі, што аб’ём порцый для іх аптымальны, 29,3 працэнта – больш чым дастатковы. Разнастаіць асартымент страў у сталовай некаторыя дзеці прапаноўвалі пірожнымі, цукеркамі, кавай і нават сушы! Зразумела, што такія прадукты не маюць нічога агульнага са здаровым харчаваннем, таму ў рацыёне школьнікаў не з’явяцца.

Зараз больш паловы навучэнцаў раёна – а гэта 825 дзяцей – з’яўляюцца вучнямі Ушацкай школы. Для большасці з іх (99,8 працэнта) арганізавана гарачае харчаванне. Для астатніх, а таксама тых, каго па нейкіх прычынах не “натхніў” дзённы рацыён, ва ўстанове функцыянуе школьны буфет. У ім заўсёды можна набыць садавіну, выпечку, кісламалочную прадукцыю. Увесь асартымент узгоднены з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

* * *

Больш падрабязную інфармацыю аб змястоўным напаўненні меню, пытаннях аплаты за харчаванне ў навучальных установах раёна можна знайсці на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў раздзеле “Бацькам”.

На здымках: абед у Ільюшынскім дзіцячым садзе; работніцы харчаблока Кубліцкай школы Л.Хадасевіч, С.Піскун.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *