Чтоб гостям хотелось вернуться. О буднях санатория «Лесные озёра» и планах на будущее в интервью с новым руководителем здравницы

Общество

Санаторый “Лясныя азёры” – адна з візітных картак Ушаччыны. Штогод яго наведваюць сотні людзей з Беларусі і замежжа. Зразумела, што ўстанове трэба трымаць высокую марку і статус. З кастрычніка мінулага года калектыў здраўніцы ўзначаліў В.М.Грынкевіч. Пра будні санаторыя і планы на будучае – у нашым інтэрв’ю з яго кіраўніком.

– Віктар Мікалаевіч, Ваша сённяшняя дзейнасць адрозніваецца ад папярэдняй, як сталічнае жыццё ад размеранага раённага. З чым звязаны такі выбар?

– Прыступіў да сваіх новых абавязкаў літаральна праз тыдзень пасля завяршэння службы ў МНС, якой прысвяціў больш 20 гадоў, прайшоў шлях ад інспектара да першага намесніка начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Партызанскага раёна горада Мінска. Пры тым, што мне прапаноўвалі адразу тры варыянты новага месца работы, без доўгіх ваганняў вырашыў паехаць на Ушаччыну, хоць раней, шчыра кажучы, даводзілася толькі чуць пра вашы прыродныя багацці. Чаму выбраў менавіта санаторый? Па-першае, гэта не толькі новая, а і вельмі цікавая работа, таму што тут спалучаецца адразу некалькі сфер дзейнасці – медыцына, турызм, грамадскае харчаванне, транспарт. Па-другое, жыць і працаваць у такім прыгожым кутку – адно задавальненне. Прывыкаць да новага калектыву, які на сёння налічвае 108 чалавек, канечне, было няпроста, але адразу хачу зазначыць, што не прытрымліваюся прынцыпу: новы кіраўнік – новыя правілы. Санаторый паспяхова працаваў да мяне, выдатна і зараз спраўляюцца са сваімі абавязкамі ўсе службы. Стаўлю на мэце не змяніць усё карэнным чынам, а палепшыць сітуацыю.

– Як справы з напаўняльнасцю санаторыя і што робіцца для прыцягнення адпачываючых?

– Зараз санаторый запоўнены на 60 працэнтаў. Але трэба адзначыць, што на летні перыяд практычна ўсе месцы ўжо забраніраваны. Сярод тых, хто жадае ў нас адпачыць і паправіць сваё здароўе, нямала расіян. Імкнемся прыцягнуць у “Лясныя азёры” больш адпачываючых незалежна ад сезона. Над гэтым пытаннем пастаянна працуе маркетынгавая служба. Рэкламуем магчымасці санаторыя і на разнастайных выставах турыстычных паслуг – як у Беларусі, так і за яе межамі. У пачатку лютага, напрыклад, прынялі ўдзел у адпаведнай выставе “Беларусь-Расія”, што праходзіла ў Маскве. Важна не толькі добра сябе падаць, а і зарэкамендаваць, таму стараемся рабіць усё, каб нашым гасцям хацелася вярнуцца сюды зноў. А для гэтага трэба, каб на вышэйшым узроўні былі як медыцынскія паслугі, так і харчаванне, арганізацыя вольнага часу. Дарэчы, хачу адзначыць, што прайсці лячэнне ці атрымаць тыя ці іншыя медыцынскія паслугі ў нас могуць не толькі госці з іншых, а і ўсе жыхары нашага раёна. У снежні закупілі новыя апараты халадавой і ўдарна-хвалявай тэрапіі, масаж­ную аква-кушэтку.

– Вядома ж нічога не стаіць на месцы. Якім Вы бачыце далейшае развіццё  ўшацкай здраўніцы?

– У самы бліжэйшы час збіраемся прывесці ў належны стан жыллёвы фонд санаторыя. За апошнія гады многае знасілася і патрабуе рамонту. Хочацца, каб кожнаму нашаму госцю было камфортна і бытавыя моманты не заміналі адпачынку. Мадэрнізацыя закране сталовую, працягнем добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. У прыватнасці, абавязкова трэба навесці парадак каля крыніц. Менавіта з Баркоўшчынскіх гаючых вод пачынаецца гісторыя санаторна-курортнай справы раёна, а таму лічу, што яны павінны быць у ідэальным парадку. У больш аддаленай перспектыве – абсталяванне басейна і пашырэнне санаторыя.

– У раёне Вас ужо ведаюць не толькі як кіраўніка, а і як кандыдата ў дэпутаты Ушацкага раённага Савета дэпутатаў…

– Рэальна ацэньваю свае сілы, і хаця гэта мая першая спроба заняцца дэпутацкай дзейнасцю, мяркую, што магу прынесці рэальную карысць выбаршчыкам і раёну. Яна будзе заключацца не столькі ў канкрэтнай дапамозе таму ці іншаму чалавеку, а ў больш шырокім сэнсе: паспяховая работа і развіццё санаторыя прыцягне больш інвестыцый і падаткаў, адпаведна ў раёна будзе і больш магчымасцей для паляпшэння якасці жыцця грамадзян. У апошні час правёў сустрэчы з насельніцтвам ва ўсіх вёсках сваёй выбарчай акругі, асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей: работа, дарогі, асвятленне. Лічу, што ўсе яны вырашальныя. Зноў жа – будзе развівацца санаторый, будуць з’яўляцца і новыя рабочыя месцы.

– Як Вы праводзіце вольны час і хто забяспечвае Ваш тыл?

– Свабоднага часу пакуль практычна няма, амаль пастаянна я на рабочым месцы. А падтрымлівае мяне, хоць пакуль і на адлегласці, мая сям’я.

– Дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *