Услуги прачечной ТЦСОН рассчитаны на социально незащищённую категорию граждан — пожилых и инвалидов

Общество

Не так даўно ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна ў Градзянцы з’явілася вакансія сацыяльнага работніка для пральні. Гэта рэабілітацыйнае месца, заняць якое мог толькі інвалід трэцяй групы без супрацьпаказанняў да адзначанай работы. Вывучыўшы спісы патэнцыяльных прэтэндэнтаў, іх індывідуальныя праграмы рэабілітацыі, прадстаўнікі службы прапанавалі вакансію Мікалаю Іванавічу Лісіцы. І той пагадзіўся.

Яго прафесійная дзейнасць заўсёды была звязана з тэхнікай – галоўны інжынер у калгасе “Чырвоная Полаччына”, загадчык гаражамі ў ПМК-66, начальнік мехатрада на льнозаводзе. Але здароўе сур’ёзна падкасіла траўма, і ў 2014-м Мікалай Іванавіч атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Спраўляцца з многімі відамі работ мужчына не мог і аказаўся ў ліку беспрацоўных, калі да выхаду на заслужаны адпачынак заставалася яшчэ шмат часу. На працягу некалькіх гадоў ён дома займаўся гаспадарчымі справамі. Прычым, браў на сябе і “жаночыя” – мыццё, прасаванне. І, як аказалася, недарэмна: навыкі спатрэбіліся ў цяперашняй прафесійнай дзейнасці.

– Памятаю свой першы рабочы дзень на новым месцы, – расказвае М.І.Лісіца. – Крыху перажываў, ці спраўлюся з новай “спецыяльнасцю”, але ўсё пайшло, як па масле. Адчуваю тут сябе камфортна, радуюся зносінам з калегамі і магчымасці быць занятым карыснай справай.

Задаволены і работнікі аддзялення. І хоць рабочы дзень М.І.Лісіцы пачынаецца ў традыцыйныя 8.00, а заканчваецца ў 12.00, згодна з устаноўленымі для такой катэгорыі грамадзян правіламі, па словах загадчыцы службы Марыі Пятроўны Антуновіч, з пральнай і сушыльнай машынамі, гладзільным прэсам, іншымі прыладамі і ўскладзенымі на яго абавязкамі  мужчына спраўляецца адказна і на зайздрасць спрытна. Дарэчы, расчышчаная ад снегу тэрыторыя ля будынка ТЦСАН – таксама яго заслуга.

* * *

Нагадаем, што паслугі пральні ТЦСАН разлічаны на сацыяльна неабароненую катэгорыю грамадзян – пажылых людзей і інвалідаў. Адна загрузка бялізны ў пральную машыну, а гэта пяць кілаграмаў, на сённяшні дзень каштуе 4,68 руб. (сінтэтыка –3,75 руб.). Ёсць магчымасць пагладзіць рэчы спецыяльным прэсам – 1,01 руб. ці звычайным прасам – 1,27 руб. (за кілаграм), а таксама прасушыць іх – 2,28 руб.

Калі пажылы чалавек або інвалід па стане здароўя не можа асабіста прынесці рэчы ў пральню, можна скарыстацца паслугай свайго сацыяльнага работніка ці выклікаць для гэтых мэт прадстаўнікоў аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН. Заяўкі прымаюцца па тэлефоне 5-99-89.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *