Третий этаж универмага встречает покупателей в обновленном виде

Торговля

“Трэці паверх універмага цяпер проста не пазнаць! Сучасным стаў інтэр’ер, прыкметна пашырыўся асартымент тавараў, прыемна зайсці, так і хочацца зрабіць пакупку!” Такія водгукі апошнімі днямі не раз даводзілася чуць ад ушачан, якія наведалі абноўленую гандлёвую кропку. Хоць і працаваў усе гэтыя дні трэці паверх універмага, у сераду адбылося яго афіцыйнае адкрыццё пасля мадэрнізацыі, сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня праўлення райспажыўтаварыства Л.А.Долгая і намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак.

Ушацкія кааператары ўпэўнены, што паспяховая работа магчыма толькі на аснове мадэрнізацыі, тым больш што ва ўмовах сённяшняй канкурэнцыі пакупніку ёсць з чаго выбраць. Некалькі гадоў таму істотна змяніўся другі паверх універмага, і вось дачакаўся сваёй чаргі і трэці, на які было патрачана каля 50 тысяч рублёў. Распачаўся рамонт у снежні, прычым, увесь гэты  час для пакупнікоў кропка практычна не зачынялася – толькі на некалькі дзён для замены старога гандлёвага абсталявання на сучаснае новае, больш зручнае і прыгожае. Таксама была заменена падлога, асвятленне памяшкання, устаноўлена сістэма відэаназірання. Змяненні дазволілі зрабіць і перапланіроўку ў выкладцы тавараў, якіх цяпер стала значна больш. Здаецца, самы патрабавальны пакупнік падбярэ тут для сябе верхняе адзенне, дзелавы ці спартыўны касцюм, пасцельную бялізну і многае іншае па прымальным кошце. Пра новыя паступленні тавару, акцыі, скідкі  і распрадажы цяпер нагадваюць адпаведныя ўказальнікі. Так, напрыклад, на летні асартымент адзення фабрыкі “Калінка” зараз дзейнічае 40-працэнтная скідка. Практычна ўсё адзенне прадстаўлена беларускімі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці, ёсць асобныя фірменныя секцыі адзення дзелавога стылю “БелКрэда”, пінскага трыкатажу “Палессе”, а таксама “Контэ”. Сярод новых пастаўшчыкоў – бабруйская фабрыка “Славянка”, ювелірныя вырабы цяпер прадстаўлены і “Дыямантам”. Спецыялісты райспажыўтаварыства на гэтым не спыняюцца, шукаюць новыя шляхі пашырэння асартыменту.

Сярод пераваг, якія ўжо паспелі ацаніць пакупнікі – дзве даволі прасторныя прымерачныя замест адной, а таксама тое, што галантарэя цяпер з-за прылаўка вынесена ў адкрыты гандлёвы рад.

– Выбар сумкі для жанчыны – справа не адной хвіліны: трэба яе ўважліва разгледзець, патрымаць, праверыць на зручнасць і ўпэўніцца перад люстэркам, што яна пасуе да астатніх прадметаў гардэробу. Цяпер працэдура выбару для нашых пакупніц больш зручная ды і асартымент большы. У цэлым жа нам ёсць з чым параўнаць, усе змены ў лепшы бок ды і працаваць у такіх умовах адно задавальненне – гавораць вопытныя прадаўцы  Наталля Васільеўна Конух, Алена Мікалаеўна Собаль, Наталля Іванаўна Казіцкая. Зрэшты, у прадаўцоў цяпер і адмысловая форма – у тон агульнага інтэр’еру.

Для больш эфектыўнай нагляднасці тавару з’явіліся манекены. У асартыменце цяпер ёсць і біжутэрыя, якая, дарэчы, стала карыстацца попытам сярод прадстаўніц слабага полу. З добрай падсветкай больш прывабнымі выглядаюць і паліцы з залатымі і срэбранымі вырабамі.

З нядаўняга часу пашырыўся асартымент не толькі тавараў, а і падарачных сертыфікатаў. Калі вы не ведаеце, які падарунак выбраць, можна даць віноўніку ўрачыстасці магчымасць зрабіць гэта самому, набыўшы сертыфікат. Такая паслуга ў апошнія часы ўсё больш папулярная, а ў наяўнасці сертыфікаты наміналам ад 15 да 100 рублёў.

Пераўвасабленне гандлёвай кро­пкі, несумненна, павысіць яе прывабнасць і, адпаведна, колькасць наведвальнікаў. А ва ўшачан з’явілася больш магчымасці для выбару патрэбнага ім тавару. Ну а наперадзе яшчэ рэканструкцыя магазінаў “Абутак” і “Гаспадар”.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Н.Конух, А.Собаль.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *