Нядаўна скончыўся абласны адбор на адзінаццатым нацыянальным конкурсе прыгажосці “Міс Беларусь-2018”. Літаральна праз месяц стане вядома, хто з 19 дзяўчат, якія прадстаўлялі сябе ў Віцебску і прайшлі ўсе выпрабаванні аж да фінальнай часткі фатаграфавання, застанецца ў далейшай барацьбе ўжо на рэспубліканскім этапе. Прыемна паведаміць, што паспяхова паўдзельнічала ў кастынгу і наша зямлячка.
Ураджэнка Ушач Марыя Прашковіч працуе ў Наваполацку выхавальніцай дзіцячага садка. Год таму яна скончыла Полацкі педагагічны каледж, а зараз вучыцца ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, дзе рыхтуюць спецыялістаў, якія будуць навучаць дзяцей-інвалідаў. А паколькі Марыя – чалавек рознабаковы, паралельна яна спрабуе сябе і ў так званым модэлінгу. І робіць гэта паспяхова: на яе рахунку – адзін з тытулаў конкурсу “Міс Наваполацк-2016”, вучоба ў мадэльнай школе, дзе яна атрымала дыплом і свой першы працоўны кантракт, які, зрэшты, пазней скасавала з-за жадання развівацца далей. Зараз дзяўчына кантактуе з прадстаўнікамі агенцтваў, якія праяўляюць свой інтарэс да супрацоўніцтва.
На сёлетні абласны тур “Міс Беларусь-2018” Марыя прыехала на наступны дзень пасля таго, як здала сесію ва ўніверсітэце. Папярэдне яна склала прыгожае партфоліа, якое адразу зацікавіла судзейскую калегію. Дарэчы, менавіта гэты здымак асабліва адзначыў член Міжнароднага саюза дызайнераў, фотамастак Міхаіл Маруга. Прыродная абаяльнасць дзяўчыны аказалася настолькі моцнай і прыцягальнай, што яна правяла ў зносінах з журы больш часу, чым іншыя канкурсанткі.
А вось як Марыя раскрывае тайну сваёй непараўнальнай усмешкі: “Калі, выходзячы на сцэну, я бачу шмат ацэньваючых позіркаў – губляюся і міжволі пачынаю злёгку ўсміхацца, што, напэўна, і стварае ў людзей добрае ўражанне. А далей ужо бяру сябе ў рукі і набываю ўпэўненасць, якая неабходна, каб паспяхова праходзіць субяседванні, даваць цікавыя адказы на пытанні”.
Каб заваяваць сэрцы гледачоў і журы падобных конкурсаў, трэба быць прыгожай не толькі знешне, але і ўнутрана. Думаецца, што ў нашай зямлячкі ёсць выдатныя шансы спадабацца ўсёй краіне.
Вольга СЕВЕРЫНА.