Ушёл из жизни наш земляк, Народный артист и легендарный купаловец Геннадий Гарбук

Наши земляки

Легендарны купалавец

Чорныя весткі заўсёды прыходзяць не ў час. Настолькі, што ў думках неадчэпна верціцца: не можа быць, няўжо больш ніколі не прыедзе, не выйдзе на сцэну з гітарай, не раскажа маналогу, ад якога міжвольна пацякуць слёзы… У  гэтыя дні яны на вачах многіх прыхільнікаў таленту Генадзя Міхайлавіча Гарбука.

Сваё васьмідзесяцігоддзе ён сустракаў шырока, прыгожа, сярод землякоў, родных і калег-тэатралаў. Па-сутнасці юбілей расцягнуўся на некалькі месяцаў. У пачатку жніўня 2014-га акцёр прыехаў на адпачынак на радзіму, даў некалькі канцэртаў у санаторыі “Лясныя азёры” і вельмі сціпла заўважыў, што хацеў бы выступіць у раённым Доме культуры. Ён, Народны артыст, тытулаваны і запатрабаваны ў тэатры і  кінематографе, хваляваўся, як сустрэнуць яго землякі.

Канцэрт 22 жніўня прайшоў “на ўра” пры поўнай зале. Генадзь Міхайлавіч доўга раздаваў аўтографы, пазнаваў пасівелых аднакласнікаў, абдымаўся з прыехаўшымі з раёна роднымі і быў шчаслівы.  А ў верасні, калі з водпускаў і гастроляў вярнулася трупа, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, у якім артыст праслужыў 55 год, адбылася яго юбілейная вечарына. Там жа паказалі дакументальную стужку, знятую ў тым ліку на вулачках Ушачаў, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва знакамітага артыста, нашага артыста, якім ён быў ужо ў сценах Ушацкай сярэдняй школы.

З восьмага класа Генадзь кіраваў вучнёўскім хорам. З канцэртамі, а таксама сіманаўскай пастаноўкай “Рускія людзі” яны гастралявалі па родным раёне. З Глыбачкі Глыбачанскага сельсавета быў яго дзед Ануфрый Іванавіч Гарбук. Матчын бацька – Лаўрэнцій Аляксандравіч  Ясюк – з вёскі Горы былога Гарбаціцкага. Генадзь Міхайлавіч прыгадваў, што ў іх родзе былі нават цыгане, а ён – па маці – тыповы беларус: вялізныя блакітныя вочы з хітрынкай, глыбокі ўдумлівы позірк, русыя валасы і шырокая бескарыслівая душа. А спявалі ўсе – хлопец з гітарай быў кумірам у пяцідзясятых і застаўся ім для многіх пакаленняў беларусаў.

Славу Генадзю Міхайлавічу прынеслі “Людзі на балоце”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Трывожнае шчасце”, “Плач перапёлкі”, “Талаш”, “Чорны замак Альшанскі”, “Знак бяды”… Г.Гарбук зняўся ў 73 фільмах і сыграў больш чым у 50 спектаклях. Яго партрэт знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі, паколькі “Знак бяды”, па меркаванні брытанскіх кінакрытыкаў, уваходзіць у дзясятку лепшых фільмаў пра Другую сусветную вайну.

Ён лічыў сябе шчаслівым і быў ім. Яго шчасце ў пяцярых унуках і праўнучцы, у безлічы роляў і запатрабаванасці нават у такім шаноўным узросце. Дарэчы, каб быць у форме, Генадзь Міхайлавіч многа працаваў над сабой: меў разрад па плаванні, 30 гадоў займаўся ёгай. А да кожнай ролі падыходзіў, як да першай, быццам нічога не ўмее – так расказваў у сваіх інтэрв’ю “Патрыёту”.

Яшчэ падчас вучобы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце лёс звёў Генадзя Міхайлавіча з Анатолем Анікейчыкам, архітэктарам, які стаў аўтарам нашага мемарыяла ў гонар прарыву блакады. Яго Генадзь ра­зам з роднымі прайшоў у дзесяцігадовым узросце і ўсё жыццё лічыў гэта месца свяшчэнным. У маі 2016, падчас другога адкрыцця “Прарыву”, ён стаяў у натоўпе землякоў і прыгадваў жудасныя падзеі сямідзесяцігадовай даўніны. Мабыць таму так натуральна іграў ён партызан, вайскоўцаў, простых быкаўскіх землякоў, што назаўсёды “параненым вайной” было яго чулае сэрца. Хаця не толькі трагічныя ролі ўдаваліся акцёру, бо ён валодаў адметным пачуццём гумару. І нездарма адным з самых запамінальных стаў вобраз Андрэя Ходаса з “Белых Росаў”.

Не стала нашага земляка Народнага ўзроўню. “Шчыры, пранікнёны, ён не іграў, а жыў, верыш кожнаму яго слову, жэсту. Сапраўдны мужык, на якіх і трымаецца свет”. Такія водгукі пішуць пра артыста яго прыхільнікі. І сапраўды, ён ратаваў свет прыгажосцю свайго таленту, шчырасцю сваёй душы. Нізкі паклон Генадзю Міхайлавічу за ўсе створаныя неўміручыя вобразы. У іх ён, як і ў нашых сэрцах, будзе жыць вечна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *