Мелодии, которые не теряют популярности. В Ушачах прошёл конкурм молодых исполнителей «Песни юности наших отцов»

Образование и молодежь

Ёсць музычныя кампазіцыі, якія заслужана атрымліваюць народнае прызнанне і нават праз дзесяцігоддзі не страчваюць сваёй папулярнасці. Якраз такія прагучалі на конкурсе маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які прайшоў на гэтым тыдні ва Ушацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Вясёлыя і сумныя, выпрабаваныя часам, агнём вайны і людскімі лёсамі песні ажывалі ў звонкіх галасах удзельнікаў конкурсу. Мяркуючы ж па іх колькасці, цікавасць да такога музычнага спаборніцтва не губляецца.

Конкурс прад’яўляе да кожнага сур’ёзныя патрабаванні: добрыя вакальныя даныя і артыстызм. Менавіта такія крытэрыі сталі вызначальнымі пры ацэньванні выступленняў.

Канкурсанты двойчы выходзілі на сцэну. У першым аддзяленні выконвалі песні грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, а ў другім – шлягер. Некаторыя выступленні суправаджаліся відэасюжэтамі на экране. Гучалі ў гэты дзень песні, якія былі побач з салдатамі на прывале, падчас баявых аперацый.

У кожнага з удзельнікаў была свая манера падачы матэрыялу. Аляксандра Сайко (Глыбачанскі СДК), Маргарыта Алексяёнак (Вялікадолецкі СДК), Кірыл Шалыга (раённы цэнтр культуры і народнай творчасці), Арцём Бірукоў (райаддзел па надзвычайных сітуацыях) уклалі душу ў свае песні, былі праўдзівымі, шчырымі, за што ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў раённага конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Эмацыянальным і прывабным было выступленне вучаніцы Ушацкай школы Улады Маісеевай, якое ацэнена дыпломам трэцяй ступені. Радком вышэй аказалася Ірына Дубовік з дзіцячай школы мастацтваў, што прадэманстравала шматгранную афарбоўку голасу. Найвышэйшую ж ступень музычнага п’едэсталу заняла Вольга Валодчанка з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Пераканана, што адраджэнне лепшых нацыянальных традыцый пачынаецца менавіта з песні, у якой праслаўляецца адданасць Радзіме”, – лічыць дзяўчына.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *