Калыска беларускай дзяржаўнасці, радзіма безлічы выбітных грамадскіх і культурных дзеячаў, герояў працоўных і ратных подзвігаў, вядомых далёка за межамі краіны. Край незвычайнай прыцягальнасці, авеяны легендамі, і сучасны індустрыяльна-аграрны рэгіён, які мае эканамічныя стасункі больш чым са ста замежнымі дзяржавамі. Гэта ўсё наша Віцебшчына, якая вядзе адлік сваёй гісторыі са старажытнасці. На яе долю выпала мноства выпрабаванняў, але яна заўсёды адраджалася, адбудоўвалася і станавілася яшчэ больш прыгожай. Калі летам 1944-га Чырвоная Армія вызваліла зруйнаваны Віцебск, у ім заставалася ўсяго 118 жыхароў… Вельмі пацярпелі і іншыя гарады і населеныя пункты вобласці, утворанай 15 студзеня 1938 года, і ўшачане як ніхто ведаюць і нясуць святую памяць аб гэтым. Некалькі пакаленняў жыхароў Прыдзвіння аднаўлялі народную гаспадарку, і гэтыя дзесяцігоддзі сталі сапраўдным гімнам стваральнай працы. Годна шчыруюць на карысць Віцебшчыны і нашы сучаснікі – нездарма рэгіён па выніках пяцігодкі занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Таму цалкам лагічна, што на ўрачыстым мерапрыемстве, якое ў мінулую пятніцу ладзілася з нагоды 80-гадовага юбілею вобласці, у цэнтры ўвагі былі людзі працы, лаўрэаты ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2017”.
Цырымонія ўшанавання ў гэтым годзе таксама юбілейная – дзясятая. Варта нагадаць, што колькасць узнагароджаных сёлета скарацілася да 50 чалавек, замест 20 намінацый засталося 5, якія аб’ядноўваць усе сферы. Трапіць у лік пераможцаў у новым фармаце стала яшчэ складаней. І некаторыя раёны, у тым ліку і наш, нягледзячы на значныя працоўныя дасягненні прадстаўленых да ўдзелу ў конкурсе намінантаў, у выніку засталіся без лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2017” – канкурэнцыя была вельмі высокай. Але зусім без узнагарод ушацкая дэлегацыя, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, дадому не вярнулася – яшчэ перад пачаткам дзейства на сцэне, падчас урачыстага прыёму ў аблвыканкаме Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагароджана старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Такім чынам ацэнены яе шматгадовая плённая праца і асабісты ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі нашай краіны.
Вось з такіх крупінак адказнай асабістай дзейнасці кожнага і складаецца агульны дабрабыт рэгіёну, працоўныя дасягненні ўсёй Віцебшчыны. Гэта адзначыў у сваім выступленні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў. Ён таксама падкрэсліў, што 80-гадовы юбілей вобласці – гэта своеасаблівая вяха, калі можна ўбачыць, чым жыў рэгіён учора, і што трэба зрабіць, каб лепш жыць заўтра. Губернатар уручыў Ганаровыя дыпломы і знакі аблвыканкама ветэрану працы Уладзіміру Панцялеевічу Кулакову, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку і памочніку Прэзідэнта краіны Аляксандру Мікалаевічу Косінцу, якія ў розныя гады кіравалі вобласцю, і выказаў ім шчырыя словы падзякі.
Акрамя іх, сярод ганаровых гасцей, якія прыехалі павіншаваць Віцебшчыну з юбілеем, у зале прысутнічалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Васільевіч Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка Павел Уладзіміравіч Калаур, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Міхайлавіч Субоцін, прадстаўнікі міністэрстваў, дэпутацкага корпусу, кіраўнікі буйнейшых прамысловых гігантаў, дэлегацыі іншых рэгіёнаў краіны, Смаленскай, Пскоўскай, Саратаўскай і Бранскай абласцей Расійскай Федэрацыі.
У.П.Андрэйчанка ўручыў М.М.Шарснёву Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якой узнагароджана Віцебская вобласць, і агучыў Падзяку Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі працаўнікам Віцебшчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем утварэння вобласці. Падарункам да юбілею стала выдзяленне са сродкаў рэзервовага Фонду Прэзідэнта мільёна рублёў на будаўніцтва корпусу абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
– Гэта ўзнагарода – высокая ацэнка працы многіх пакаленняў, – зазначыў губернатар Прыдзвінскага краю. – Павялічваюцца аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, ствараюцца буйныя аграхолдынгі. У мінулым годзе адкрыта 300 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, на новыя месцы працаўладкавана 5,7 тысячы чалавек. Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца ў прамысловасці, аграрным сектары, сацыяльнай сферы. Але самае вялікае наша багацце, наш гонар – працалюбівыя, прадпрымальныя, таленавітыя і гасцінныя людзі, якія любяць сваю зямлю.
Лаўрэаты ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2017”, безумоўна, з ліку такіх. Адзіная з 50, хто не змагла прыняць удзел у цырымоніі ўзнагароджання – Ірына Крыўко. Біятланістка, член Нацыянальнай алімпійскай зборнай краіны на момант правядзення мерапрыемства ўжо знаходзілася ў Пхенчхане, сталіцы будучай Алімпіяды. Ад Віцебшчыны, дарэчы, на ёй будзе выступаць пяць спартсменаў. Затое прыемна было бачыць сярод лаўрэатаў знаёмы твар – малады перспектыўны Даніэль Мукетэ, пераможца маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, член Нацыянальнай зборнай краіны па дзюдо, якая зусім нядаўна праводзіла зборы на базе нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, за свае поспехі ўдастоіўся ганаровага звання.
Мы дачакаліся спартыўнага цэнтра, на адкрыццё падобных разлічваюць і жыхары іншых рэгіёнаў. Як і на аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры. На Віцебшчыне асаблівая ўвага ўдзяляецца малым гарадам і пасёлкам, стварэнню там належных умоў жыцця і адпачынку. Эталонам для такіх пераўтварэнняў стаў аграгарадок Копысь Аршанскага раёна. Плануецца кожны год акрамя сталіц “Дажынак” з дапамогай вобласці добраўпарадкоўваць яшчэ па два населеныя пункты. Сёлета карэнныя змены ў гэтым плане будуць датычыцца Езярышча Гарадоцкага і Балбасава Аршанскага раёнаў. Хто ведае, магчыма з такімі тэмпамі засталося не так і шмат часу, калі ў гэтым спісе апынецца і наш гарадскі пасёлак.
Выдатную канцэртную праграму ўдала дапаўнялі выступленні прадстаўнікоў рэгіёнаў. Ад Ушаччыны словы падзякі кіраўніцтву вобласці за дапамогу ў рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” выказала дырэктар музея народнай славы Наталля Пятроўна Бугай, якая павіншавала ўсіх прысутных з юбілеем вобласці і пажадала ёй у далейшым толькі мірнага неба над галавой.
М.М.Шарснёў перад цырымоніяй узнагароджання прывёў лічбы: віцебская зямля нарадзіла і ўзгадавала 312 Герояў Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, Беларусі і нават Расійскай Федэрацыі. Ці гэта не доказ таго, што жыхары Прыдзвіння заўсёды былі дастойнымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны, славілі свой край на франтах ваенных і ў мірны час. Нам, сучаснікам, трэба не толькі ганарыцца нашай Віцебшчынай, а і рабіць усё, каб папаўняць спіс яе дасягненняў і слаўных імён.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.