Простая формула счастья семьи Ревенко

Общество

Цішыня ў гэтым доме пануе рэдка: маладым бацькам Віталію і Вераніцы Рэвенка ні на хвіліну не даюць засумаваць трое непаседлівых сыночкаў: “Мама, можна ўключыць мультфільм?” – просіць старэйшы Арцём, “Тата, глядзі, якую рыбку я зляпіў у садку!” – кліча Цімафей. І за ўсімі імкнецца паспець Андрэй, які робіць свае першыя крокі. Але шматлікія клопаты, звязаныя з выхаваннем дзетак і абсталяваннем свайго дома ва Ушачах, яны ўспрымаюць, як вялікае шчасце.

Карэнная віцябчанка Вераніка калісьці і падумаць не магла, што будзе жыць у такім невялікім пасёлку. А вось Віталь, выпускнік Старасельскай школы, дапускаў той факт, што родны раён можа стаць пастаянным месцам жыхарства. Упершыню яны ўбачылі адзін аднаго на царкоўнай канферэнцыі ў Віцебску, але рашаючай у адносінах стала сустрэча праз некаторы час на полацкім вакзале, адкуль яна ехала дадому, а ён – на работу. А хутка маладыя ўжо святкавалі вяселле ва Ушачах, на якое сабралася больш 150 чалавек.

Сёння шчаслівая пара сядзіць на ўтульнай прасторнай кухні ўласнага дома за чаем, прыгадвае сваё знаёмства і першыя сустрэчы, а побач з імі іх самае бясцэннае багацце – дзеці.

– Заўсёды марыў пра трох сыноў – прадаўжальнікаў роду і памочнікаў, – прызнаецца Віталь. – Як добра ведаць, што цябе чакаюць дома! І не перадаць словамі пачуцці, калі цябе сустракаюць вечарам на парозе тры пары вочак, хінуцца абняць тры пары ручак і наперабой расказваюць пра новыя дасягненні і справы ў садку.

Як кажуць у народзе, сапраўдны мужчына павінен не толькі вырасціць сына, а і пабудаваць дом. З гэтым галава сямейства справіўся паспяхова. Калі было вырашана, што будуць жыць ва Ушачах, пачалі шукаць месца для будаўніцтва. Спыніліся на адным з участкаў на Калінінскай. Вельмі дарэчы прыйшоўся льготны крэдыт з растэрміноўкай на 20 гадоў, умовы якога былі спрошчаны са з’яўленнем трэцяга дзіцяці. Дарэчы, для мнагадзетнай сям’і ёсць і дадатковыя “бонусы” – сямейны капітал, меншая аплата за электраэнергію, садок і некаторыя іншыя.

Практычна ўсе работы па ўзвядзенні дома гаспадар рабіў сам, тым больш што гэта звязана з яго прафесіяй: пасля заканчэння школы, доўга не раздумваючы над выбарам, Віталь“за кампанію”  з сябрам паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. “Нават не меў уяўлення пра будаўнічую спецыяльнасць, на якую падаў дакументы”, – з усмешкай прыгадвае хлопец. Але вучоба захапіла, і скончыў установу, атрымаўшы дыплом з адзнакай.

Ён папрацаваў у будаўнічых арганізацыях раёна і сталіцы, а ў 2013-м вырашыў распачаць сваю справу. Зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, пачаў аказваць рамонтныя паслугі, у асноўным звязаныя з аддзелачнымі работамі. “Рукасты і сумленны хлопец!” – характарызуюць Віталя ўсе, хто яго ведае і хто звяртаўся за яго дапамогай. Аб добрай рэпутацыі майстра сведчыць і той факт, што заказы ў яго распісаны на некалькі месяцаў наперад – некаторыя кліенты спецыяльна чакаюць сваёй чаргі доўгі час, каб даверыць пераўтварэнне жылля менавіта В.Рэвенку. Паралельна з уласнай справай ён працуе яшчэ і вартаўніком-кантралёрам у райспажыўтаварыстве. Са станоўчага боку характарызуюць мужчыну і ў дзіцячым садзе, які наведваюць сыны: ён ніколі не адмаўляе ўстанове ў пасільнай дапамозе.

Пакуль тата нястомна шчыруе на сваіх аб’ектах, нямала турбот кладзецца на плечы мамы.

– Самае галоўнае – каб дзеці былі здаровымі. А тое, што клопатаў шмат, то да гэтага я ўжо прывыкла, як і да шуму ў доме, – разважае Вераніка. – Калі старэйшыя ў садку і дома становіцца цішэй, то нават неяк нязвыкла і чагосьці не хапае.

Ніхто з траіх малышоў не абдзелены мацярынскай пяшчотай і ўвагай, хоць, канечне, найбольш яе дастаецца зараз самаму маленькаму Андрэю, якому толькі нядаўна споўніўся годзік. Паспявае маладая мама не толькі спраўляцца з дзецьмі, работай па доме, а яшчэ і вучыцца на вадзіцеля. Па прафесіі ж Вераніка – медыцынскі работнік, пасля каледжу працавала ў абласной бальніцы і дзіцячай паліклініцы ў Полацку. Свой шлях знайшла не адразу: спачатку атрымала прафесію швачкі, але праз некаторы час зразумела, што гэта не тая справа, якой хацелася б займацца.

Перасяліўшыся са здымнай кватэры ва ўласнае жыллё, Вераніка  і Віталь з энтузіязмам узяліся за абсталяванне не толькі ўнутры, а і каля дома: садзяць агародніну, паставілі цяпліцу, у якой летам вырошчваюць памідоры і перцы, завялі птушку. Шматлікія нарыхтоўкі на зіму гаспадары таксама робяць разам. А на святы Віталь любіць даць адпачыць ад кухні Вераніцы і пабалаваць сям’ю арыгінальнымі мяснымі стравамі.

У іх яшчэ мноства планаў па добраўпарадкаванні, задум, як зрабіць сядзібу прыгожай і арыгінальнай. Асобнае месца адвядуць для альтанкі, у якой сям’я будзе адзначаць летнія святы і сустракаць гасцей, а сяброў у гэтых шчырых і адкрытых людзей нямала. Любяць яны і падарожнічаць.

– Проста і не ўяўляем сябе ў іншым месцы! Ва Ушачах нам спакойна і камфортна, нават у родным Віцебску ўжо адчуваю сябе госцем і хутка стамляюся ад гарадской мітусні. Часта некаторыя нашы сябры кажуць, каб мы пераязджалі жыць у сталіцу, а самі імкнуцца набыць дачы на Ушаччыне. Дык ці не лепшае гэта месца для жыцця? – гаворыць Вераніка, і з ёй поўнасцю згодны Віталь.

Формула ж шчасця гэтых людзей вельмі простая: калі дзеці ўсміхаюцца, а ў сям’і пануюць паразуменне, дабрыня, пяшчота і любоў, то і справы ўсе ладзяцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *