Мядовы пах тваіх садоў,
азёр бясконцых пералівы,
касцёл, як сведку ўсіх гадоў,
нясу ў душы, нібыта дзіва…
“Гэта верш – мой!” – прызналася, зачытаўшы са сцэны раённага Дома культуры прыгаданыя радкі, Людміла Рыгораўна Карабань. Мела яна на ўвазе, канечне, не аўтарства твора “Ушаччыне”, а яго змест, надзвычайную сугучнасць уласным пачуццям. Прынамсі, падобнае маглі б сказаць пра вершы Галіны Аляксандраўны Варатынскай і ўсе гледачы, якія прыйшлі на творчую вечарыну паэтэсы, што ладзілася напрыканцы студзеня з выпадку яе 65-гадовага юбілею.
Падобныя мерапрыемствы звычайна праходзяць у вельмі цёплай атмасферы, бо тут не бывае выпадковых гледачоў. Вось і на гэтую вечарыну сабраліся выключна тыя, хто любіць і цэніць творчасць Галіны Аляксандраўны, хто крочыў з ёю поруч у жыцці і працы. Да апошніх належаць прадстаўнікі ўшацкай журналісцкай суполкі, да якіх можна аднесці і намесніка старшыні Ушацкага райвыканкама Алену Васільеўну Пашковіч. “Галіна Аляксандраўна аказала вялікі ўплыў на маё станаўленне, калі я прыйшла ў газету маладым спецыялістам. Раіла, як лепш выкласці факты, цікавей падаць матэрыял – прычым, рабіла гэта вельмі акуратна, мудра, недакучліва. Зрэшты, такая ж тонкая, далікатная і яе паэзія, у якой галоўны сэнс знаходзіцца паміж радкоў”, – адзначыла Алена Васільеўна, уручаючы юбілярцы Ганаровую грамату Ушацкага райвыканкама (на здымку). Каштоўны падарунак і шчырыя віншаванні атрымала віноўніца імпрэзы і ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святланы Васільеўны Азевіч. Пра жыццёвыя і творчыя ўрокі ад былой калегі з удзячнасцю прыгадалі і мы, цяперашнія работнікі рэдакцыі.
Справай жыцця Галіны Аляксандраўны можна таксама назваць яе любімае дзецішча – народны клуб творчых сустрэч “Муза”, якім паэтэса кіруе ўжо не адзін дзясятак год. Дзякуючы ёй удзельнікі аб’яднання могуць адточваць літаратурны талент, выносіць свае творы на шырокую публіку, праводзіць вольны час у прыемным асяроддзі аднадумцаў. І словы, што прагучалі ў гэты вечар ад “музаўцаў”, упэўнілі, наколькі горача і непадробна шануюць яны свайго нязменнага кіраўніка. Вельмі ўразіў юбілярку і прыгатаваны імі падарунак – цудоўная карціна, зробленая на аснове зімовага фотапейзажа ўдзельніка творчага аб’яднання Уладзіміра Іванавіча Бязрукава. “Мы ведаем, як Вы любіце гэтую прыгожую пару года, калі з’явіліся на свет, – адзначылі “музаўцы” Аляксандр Сяргеевіч Лосеў і Сяргей Уладзіміравіч Каранеўскі (на здымку). – Невыпадкова і новы зборнік Вашых вершаў, які выйшаў напрыканцы года, мае назву “Не спужаўце снегіра”.
Вядома ж, гучалі на імпрэзе і шматлікія вершы з прыгаданай кнігі. Пачулі прысутныя і паэтычныя творы аўтарства ганаровага госця творчай вечарыны, нашага земляка Міхася Мірановіча, які спецыяльна прыехаў ва Ушачы, каб павіншаваць Галіну Аляксандраўну. Паэт-гумарыст парадаваў усіх сваімі фірменнымі “міранізмамі” – гарэзлівымі васьмірадкоўямі на блізкія простым людзям тэмы. А яшчэ прызнаўся, што з Галінай Варатынскай яго звязваюць даўнія сяброўскія стасункі – так, напрыклад, яна была вядучай падчас прэзентацыі яго першай кніжкі.
Не абышлося на вечарыне і без прыгожай жывой музыкі. Ушацкая публіка адкрыла для сябе таленавітага барда Аляксандра Фёдаравіча Праніка – гэты самадзейны спявак, удзельнік клуба “Муза”, які працуе ўрачом раённай паліклінікі, мае ў сваім абшырным рэпертуары як мілагучныя беларускія творы, так і кампазіцыі на шэрагу розных моў свету. Песню на словы Г.Варатынскай, музыка У.Нікіценкі, выканала Святлана Муша.
Скончыць жа аповед пра гэтае мерапрыемства мушу таксама словамі Л.Р.Карабань: “Хачу, каб мы зноў куплялі кнігі ў краме… Каб на аўтастанцыі людзі набывалі ў кіёску не цыгарэты, а часопісы ды газеты”. І сапраўды, такі літаратурны край, як наша Ушаччына, проста павінен мець хаця б невялікую кнігарню, дзе б жыхары і госці раёна маглі набыць у тым ліку і выданні мясцовых аўтараў. Прынамсі, іх колькасць у хуткім часе павінна павялічыцца: Галіна Аляксандраўна Варатынская рыхтуе да выхаду ў свет зборнік з твораў удзельнікаў народнага клуба “Муза”.
* * *
Не маглі застацца ўбаку ад юбілею ўшацкай паэтэсы, члена пісьменніцкага Саюза Г.А.Варатынскай і іншыя культустановы райцэнтра. Мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай даты і прысвечанае выхаду зборніка вершаў “Не спужайце снегіра”, было арганізавана ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. На літаратурную вечарыну былі запрошаны ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія прачыталі на памяць любімыя вершы паэтэсы, выканалі песні беларускіх аўтараў, паглядзелі адмысловую выставу кніг і публікацый.
Наталля БАГДАНОВІЧ.