Усяго два дні засталося пажыць нам у 2009 годзе, перш чым ён адыдзе ў гісторыю. І хоць каляндарны пераход звязаны проста з новым адлікам, а не з карэннымі пераменамі, мы ўсе – асобны чалавек, калектыў, раён ці краіна – падводзім вынікі года адыходзячага і акрэсліваем чарговыя планы.
Якім жа быў год для раёна? Няпростым, як і ў цэлым па краіне, аднак стабільным, роўным, без катаклізмаў, якія б перашкаджалі працаздольнасці калектываў. За дзесяць месяцаў 27 прадпрыемстваў усіх форм гаспадарання, а гэта 93,1 працэнта, атрымалі няхай і невялікі, але даход, і толькі два спрацавалі са стратамі. Чысты прыбытак па раёну склаў 3,1 мільярда рублёў. Нягледзячы на зніжэнне попыту на прадукцыю, літаральна ўсе прадпрыемствы захаваны без скарачэння штату. Мы недавыканалі запланаваныя заданні, аднак за адзінаццаць месяцаў было атрымана валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 42,2 мільярда рублёў, што складае 107,5 працэнта да ўзроўню 2008 года. Тэмп росту прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў склаў 99,8 і 100,8 працэнта. Каб павысіць паступленні ў бюджэт – рэкламуем пустуючыя аб’екты, імкнёмся прыцягваць інвестыцыі, ствараць як новыя вытворчасці, так і новыя працоўныя месцы. “Твестуба”, “Прамбудліт”, “Лес”, “Азёрныя ростані” – гэта праграма развіцця малых гарадоў у дзеянні.
Нягледзячы на дэфіцыт бюджэтных сродкаў, мы выканалі амаль усе запланаваныя праекты. Пабудавана 8 тысяч метраў квадратных жылля, узводзіліся аб’екты ў чарговым аграгарадку Кублічы і заканчваліся пераходныя ў папярэдніх. Дзякуючы гэтаму, навагоднія ёлкі стаяць у амаль што новых Дамах культуры Іллюшына, Вялікіх Дольцаў, Вяркуд. У апошняй вёсцы пабудавана станцыя абезжалезвання вады, ачышчальныя збудаванні… Упершыню за ўсю гісторыю вёскі з’явілася дарога да Ляхаў, таксама як і асфальтаваная да “Лясных азёр”. Добраўпарадкаванне праводзілася ва ўсіх населеных пунктах раёна, і яно прыкметнае не толькі ў цэнтры. Жыхары мікрараёна Рамантыкаў, Надзеі Касцючэнка ходзяць і ездзяць па асфальтавым дарожным пакрыцці. Распачаты работы для гэтага і ў мікрараёне Е.Лось. І хоць кожная капейка загадзя была размеркавана, мы падтрымлівалі і незапланаваныя карысныя справы, напрыклад, каб змог трапіць на конкурс у Маскву хор школы мастацтваў ці на замежныя спаборніцтвы нашы спартсмены. Бо разумеем, часам менавіта яны ствараюць большую славу раёну, чым усе прадпрыемствы разам. 2009-ы – год 65-й гадавіны вызвалення Беларусі – папоўніў гістарычныя даты Ушаччыны як год атрымання гарпасёлкам вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Як правіла, усе мы ацэньваем сітуацыю па ўласным дабрабыце. І тут лічбы сведчаць, што мы не сталі жыць горш. Сярэдні заробак ушачаніна вырас і склаў 716,5 тысячы рублёў. Узровень беспрацоўя па раёну не перавышае 1,4 працэнта. Кожны, хто жадае працаваць, не застаецца без работы, а на многіх прадпрыемствах і не хапае спецыялістаў, справа часта ў адсутнасці ў людзей і адукацыі, і кваліфікацыі. Умовы працы мяняюцца з кожным годам. Хутка пачне даваць прадукцыю новы малочнатаварны комплекс у Завячэллі. Гэта не проста чарговая ферма, а школа для жывёлагадоўчых кадраў, новая тэхналогія.
У 2010 годзе мы не будзем жыць горш, бо бюджэт пралічаны і абгрунтаваны. У ім прадугледжаны сродкі на ўсе сацыяльныя праекты. Адукацыя, культура, медыцына, камунальная гаспадарка будуць працаваць у звычайным рэжыме. А задача ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый – забяспечыць стабільнае паступленне ў бюджэт.
Заданні на наступны год перад усімі пастаўлены вельмі няпростыя, напружаныя і тым не менш — рэальныя. За кошт пашырэння пасяўных плошчаў, а галоўнае – інтэнсіўнай тэхналогіі земляробства і тэхнічнага пераўзбраення, плануем атрымаць 50 тысяч тон зерня. Такога яшчэ не было ў гісторыі Ушаччыны, аднак пры атрыманні 40 цэнтнераў з гектара (незавоблачная лічба) – гэта рэальна. Трэба надаіць па 4 тысячы літраў малака ад каровы і атрымаць амаль 5 тысяч тон мяса…
У новым годзе павінны быць рэалізаваны праекты агароднінасушыльнага завода па разліву мінеральнай вады і ТАА “Лес” па перапрацоўцы дароў лесу, пачне даваць прадукцыю “Твестуба”. Неабходна актыўней развіваць агра- і экатурызм, пашыраць паслугі санаторыя “Лясныя азёры”.
На наступны год запланаваны ўвод 58 і 40-кватэрных дамоў ва Ушачы і 21 на вёсцы, будаўніцтва аграгарадка Глыбачка і завяршэнне аб’ектаў у Кублічах. Будзем пракладаць тратуар па вуліцы Камсамольскай і завяршаць работы па Дуброўскага, Е.Лось. Наогул з пераводам усіх унутраных дарог па населеных пунктах на баланс камунгаса знікнуць, няхай і не адразу, многія праблемы. Нарэшце з’явіцца цывілізаваны, планавы падыход па рамонце дарог. Будзе запушчана кацельня на шчапе, трэцяя лінія станцыі абезжалезвання і праведзена рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў.
Жыццё не стаіць на месцы, з кожным годам мацнее наш дабрабыт, які залежыць, канечне, ад нас саміх. Прыемна, што на 4,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася смяротнасць і наадварот – павялічылася нараджальнасць. Жадаю ўсім ушачанам нястомнай працаздольнасці, мудрасці і раўнавагі пры прыняцці рашэнняў і, канечне, удачы! Няхай папаўняюцца вашы сем’і, а павага, шчасце, каханне будуць іх пастаяннымі спадарожнікамі! Здароўя і спакою я жадаю ўсім, але перш за ўсё нашым ветэранам працы і Вялікай Айчыннай вайны.
Разам нам сустракаць Новы 2010-ы і 65-годдзе Перамогі.