Акуратны цагляны будынак Вялікадолецкай сельскай участковай бальніцы. На другім паверсе ідзе прыём пацыентаў, у аптэчны пункт за лекамі спяшаюцца мясцовыя жыхары, а з кабінета для правядзення прышчэпак даносiцца крык немаўля. Па сваім распарадку ідзе жыццё і ў пакоях, размешчаных ніжэй, – у бальніцы сястрынскага догляду, разлічанай на 10 ложкаў, зараз 9 чалавек.
У такой установе не месца работнікам з чэрствай душой, якія шукаюць высокіх заробкаў пры мінімальнай аддачы ўласных фізічных і духоўных сіл. Напэўна таму затрымліваюцца тут толькі лепшыя прадстаўнікі прафесіі – на сённяшні дзень іх у калектыве 21.
На працягу вось ужо 25 гадоў працуюць у бальніцы Аляксандр Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна Крыштопенкі (на здымку). Абое – урачы агульнай практыкі, а значыць, як кажуць у народзе, майстры на ўсе рукі ў медыцынскай сферы.
На абслугоўванні ўстановы, якой кіруе галава сям’і, знаходзіцца 2453 чалавекі з 76 населеных пунктаў Ушаччыны, прычым, не толькі Вялікадолецкага сельсавета. Да самага аддаленага Завыдрына, напрыклад, 43 кіламетры. У “веданні” медыкаў і пяць фельчарска-акушэрскіх пунктаў, якія яны згодна з графікам наведваюць два разы ў месяц, а ў Старым Сяле з-за адсутнасці фельчара бываюць кожны тыдзень. Так, шмат часу праводзяць урачы ў дарозе, але ж на своечасовасць аказання пацыентам дапамогі гэта не ўплывае: калі адзін едзе на выклік, у бальніцы абавязкова застаецца другі.
– Раней працавала яшчэ і ва Ушацкай ЦРБ кардыёлагам, – расказвае А.М.Крыштопенка. – Вось тады былі пэўныя нязручнасці. У дні, калі знаходзілася ў гарпасёлку, а мужу неабходна было тэрмінова ехаць да пацыентаў, установа заставалася без урача. У такіх умовах уся адказнасць клалася на плечы нашых медсясцёр. І хоць вопыту і прафесіяналізму ў іх хапае, мы ўсё ж перажывалі.
А вось сапраўднай душэўнай асалодай для нераўнадушных сельскіх медыкаў з’яўляецца значная колькасць на іх участку людзей працаздольнага ўзросту – 1301 чалавек, 175 – дзяцей, з якіх 19 – да аднаго года.
Вялікадолецкую бальніцу можна назваць медыцынскім цэнтрам у мініяцюры. Акрамя памяшканняў, у якіх урачы вядуць прыём (за дзень каля 45 наведванняў), ёсць тут даўрачэбны, прышчэпкавы, працэдурны кабінеты, дзённы стацыянар на два ложкі, а таксама памяшканне для агляду жанчын. Заўсёды бойка ідзе гандаль у аптэчным пункце. Запатрабаваны ў насельніцтва і стаматалагічныя паслугі. Для паляпшэння якасці аказання апошніх нядаўна ў бальніцу перададзена з Ушач зубалячэбная ўстаноўка – не новая, але на парадак лепшая за ранейшую. Пра гэта ў свой час як дэпутат раённага Савета дэпутатаў паклапацілася А.М.Крыштопенка, якая сёлета зноў прэтэндуе на дэпутацкае месца.
Яшчэ адзін вельмі важны клопат медыкаў – пацыенты сацыяльных ложкаў, пераважна адзінокія пажылыя людзі, якія не могуць самастойна сябе абслугоўваць. Круглыя суткі яны знаходзяцца пад наглядам работнікаў бальніцы, для іх арганізавана трохразовае паўнацэннае харчаванне. Усё гэта абыходзіцца ў 80 працэнтаў пенсіі (незалежна ад яе памеру), што пералічаюцца ў бюджэт. Многія маюць хранічныя захворванні ў стадыі рэмісіі. Калі яны абвастраюцца, назначаецца лячэнне аж да размяшчэння ў стацыянар.
– Самыя складаныя пацыенты – тыя, што перанеслі інсульт, – канстатуюць медсёстры. – І не таму, што яны ляжачыя, а таму, што амаль не размаўляюць. Бывае складана зразумець, што ў іх баліць, здагадацца, як палегчыць іх стан. Шкада адзінокіх, а таксама тых, каму пры наяўнасці родных даводзіцца дажываць век у казённым доме…
– У Вялікадолецкай бальніцы я жыву ўжо чацвёрты год, – расказвае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Станіславаўна Ільюшэвіч з вёскі Рагозіна. – Нарадзілася я ў 1927-м, была ў партызанах. Пасля вайны выйшла замуж, мела чацвярых дзяцей, але зараз засталася без дапамогі. Да старасці далучыліся хваробы. А ў бальніцы пра нас добра клапоцяцца. Тут заўсёды цёпла, чыста, утульна.
Пацыенты знаёмяцца, сябруюць, глядзяць навіны па тэлевізары, уголас чытаюць газеты, ходзяць адзін да аднаго “на сяло” – з палаты ў палату. 9 чалавек, 9 калісьці асобных двароў – цэлая вёска дзядуляў і бабуль.
Медыцынскай сястрой агульнай практыкі з 2004 года працуе ў бальніцы М.П.Паршонак. Жыве жанчына побач з медустановай, таму пры неабходнасці прыбяжыць сюды ў лічаныя хвіліны. Вельмі любяць уважлівага медыка мясцовыя жанчыны: Марына Паўлаўна займаецца акушэрскай справай. Два дні на тыдні вядзе прыём на Маладолецкім ФАПе, разам з урачамі выязджае на выклікі.
25 гадоў працоўнага стажу ў гэтай бальніцы мае А.М.Ардынская. Прыйшла сюды Алена Міхайлаўна разам з галоўным урачом А.У.Крыштопенкам у 1993 годзе. І ўвесь гэты час была надзейным памочнікам кіраўніка і яго жонкі. Пачынала з пасады патранажнай медсястры. Зараз яе прафесійныя функцыі пашырыліся, аднак з усімі медыцынская сястра агульнай практыкі спраўляецца на “ўра”. Радуе яе наяўнасць ва ўстанове інтэрнэту, што дае магчымасць тэрмінова звязацца са спецыялістамі з райбальніцы і нават вобласці.
Паставая медыцынская сястра І.К.Карпенка – ветэран установы, працуе на гэтай пасадзе ўжо 31 год. Ураджэнка вёскі Лагі ў свой час скончыла Полацкае медыцынскае вучылішча і прыйшла па размеркаванні ў Вялікадолецкую бальніцу. Ірына Казіміраўна робіць штодзённы прафілактычны агляд пацыентаў, пры неабходнасці аказвае медыцынскую дапамогу.
Анжэлу Дзмітрыеўну Карабань і Жанну Аляксандраўну Гоман мы засталі ў прасторным калідоры паміж высокіх дэкаратыўных пакаёвых раслін. Жанчыны старанна выціралі пыл з доўгіх лістоў, скрынак з экзатычнымі насаджэннямі. Сярод такога аазісу і ў пахмурны дзень хвораму стане ўтульна! Працаваць санітаркамі ў бальніцы сястрынскага догляду вельмі няпроста, але жанчыны і іх калегі добра спраўляюцца са спецыфічнымі абавязкамі.
Вялікадолецкая сельская ўчастковая бальніца працуе стабільна, забяспечана ўсім неабходным, каб аказаць пацыентам першую дапамогу, пралячыць, сагрэць сэрцы людскія. Вядома, усё гэта – заслуга медперсаналу, які без скідак на глыбінку штодня прафесійна выконвае свае працоўныя абавязкі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.