Библиотекарь Ушачской школы Л.Шкарубо умеет заинтересовать детей книгой

Экономика и малый бизнес

Не сакрэт, што сёння ў кнігі нямала “канкурэнтаў” – тэлебачанне, інтэрнэт з сацыяльнымі сеткамі… Бібліятэкарам даводзіцца ў прамым сэнсе змагацца за кожнага чытача. А ў навучальнай установе, дзе прадстаўлены пераважна творы школьнай праграмы, складаней удвая. Тым не менш, зацікавіць вучняў чытаннем – задача, з якой Лідзія Міхайлаўна Шкаруба спраўляецца “на ўра”.

Бібліятэка Ушацкай сярэдняй школы – гэта месца, дзе хапае цяпла, увагі ўсім: і дашкольніку, які трапіў у “царства кніг” упершыню, і старшакласніку, якому іншы раз не хапае зносін. Упэўніліся ў гэтым падчас нядаўняга наведання ўстановы. За непрацяглы перапынак сюды завіталі каля дзясятка школьнікаў: адны – спытаць пра наяўнасць кнігі, іншыя – проста пагутарыць, абмеркаваць прачытаны твор. А са званком на ўрок усе яны выйшлі з бібліятэкі з прыўзнятым настроем, усмешкай.

Такі “сяброўскі” стыль зносін з чытачамі бібліятэкар практыкуе з першага дня сваёй работы ў школе – са жніўня 2017-га. Здаецца, нямнога па часе, тым не менш, у спецыяліста нямала цікавых напрацовак. Дамагаюць у гэтым вышэйшая адукацыя і дзесяцігадовы стаж работы па спецыяльнасці.

А ўсё пачыналася з таго, як па прыкладзе мамы – настаўніцы рускай мовы і літаратуры – дзяўчына захапілася кнігай. Ідучы ў першы клас, Ліда ўжо ўмела бегла чытаць. А за гады вучобы ва Ушацкай школе адолела не толькі творы праграмы. Спрабавала сябе дзяўчына і ў бацькавым прызванні – маляванні. Праўда, гэты занятак не прынёс ёй такога захаплення, асалоды для душы. Таму пасля заканчэння 11 класаў паступіла на аддзяленне бібліятэказнаўства гістарычнага факультэта ВДУ імя П.Машэрава.

Сваю прафесійную дзейнасць Л.Шкаруба пачынала на пасадзе аператара ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Е.Лось – займалася аказаннем платных паслуг. Пазней працавала ў аддзеле маркетынгу, дзе была бібліятэкарам, метадыстам, а потым і загадчыцай.

– Вельмі ўдзячна былому дырэктару бібліятэкі Ірыне Яўгенаўне Урбан, – кажа Ліда. – Яна паверыла ў мае сілы, ва ўсім падтрымлівала. Мне, як маладому спецыялісту, было важна адчуваць такі клопат. Хацелася працаваць многа, на знос, каб даказаць, што ўсё гэта недарэмна!

Так, за планіраваннем, напісаннем справаздач, кантролем за работай сельскіх бібліятэк і іншымі “дакументальнымі” справамі праляцела 10 гадоў. І за гэты час непасрэднага кантакту з чытачамі Лідзія Міхайлаўна практычна не мела. Напэўна таму, калі з’явілася вакансія бібліятэкара ва Ушацкай школе, яна ніколькі не сумнявалася. Пастаяннае імкненне да новага – у яе крыві.

Наша размова з Лідзіяй пачалася на тэму, што разумнае, добрае, вечнае сёння сее школьная бібліятэка. Гэта не толькі выдача кніг і арганізацыя тэматычных выстаў, а цэлая сістэма па выхаванні моладзі, са шматлікімі сустрэчамі, мерапрыемствамі.

З асаблівым натхненнем расказвае Л.Шкаруба пра сваіх актыўных чытачоў. Гэта найперш дзеці з сельскай мясцовасці, а таксама вучні 3 “Б” і 3 “Г”. Добра сябруюць з кнігай пяцікласнікі і восьмая – дзясятая “паралелі”.

Ды і для самой Ліды лепшага адпачынку, як цёплы плед, кошка побач і добрая кніга ў руках не існуе. Любіць пачытаць Віктара Пялевіна, творы замежных філосафаў. Няма яе старонкі ні ў адных сацыяльных сетках. Калі і гля­дзіць фільм, то толькі з цыклу “арт-хаўс” ці старую добрую камедыю.

Раздзяляе захапленне Лідзіі і яе муж. Нягледзячы на прафесійную занятасць, ён знаходзіць час на кнігу, праўда, электронную – і па колькасці прачытанага часам можа даць фору сваёй другой палавінцы. І гэта не адзіны занятак, што аб’ядноўвае сямейную пару. У летні перыяд абое любяць пракаціцца з ветрыкам на ўласным матацыкле, прыняць удзел у байкерскіх злётах.

– Такое не зусім жаночае хобі ў мяне з дзяцінства, – усміхаецца Ліда. – З трох гадоў тата вазіў мяне на сваім “Іжы” ў дзіцячы садок – і гэтыя паездкі выклікалі буру эмоцый. Дачакацца не магла, калі вырасту і ўрэшце перасяду з каляскі матацыкла за спіну вадзіцеля. Спачатку ім быў тата, цяпер – муж. Хачу і сама ўзяцца за руль, але пакуль пабойваюся.

Ёсць у Шкарубаў і творчыя дасягненні. Не так даўно па месцы працы мужа прымалі ўдзел у конкурсе мастацкай самадзейнасці: яна спявала, ён іграў на электрагітары. Сямейны дуэт пакарыў членаў журы – у намінацыі “вакальна-інструментальны ансамбль” яму прысуджана другое месца.

Талентаў у гераіні нашага аповеду, сапраўды, хоць адбаўляй. Не першы год яна з’яўляецца сакратаром раённай арганізацыі Беларускага фонду міру. Без яе ўдзелу ў якасці вядучай не абыходзяцца выпускныя балі і вечары сустрэч, іншыя мерапрыемствы школьнага і раённага ўзроўню. Спрабуе сябе Лідзія і на літаратурнай ніве. За актыўны ўдзел у Міжнародным экалагічным конкурсе сацыяльных эсэ і асабісты ўклад у паляпшэнне экалогіі роднага краю нядаўна яна адзначана спецыяльным дыпломам.

Л.Шкаруба не любіць сядзець на месцы. Ужо зараз задумваецца аб атрыманні другой вышэйшай адукацыі, плануе паездку да сяброў у Чэхію і эстэтычнае пераафармленне школьнай бібліятэкі. У апошняй Ліда мяркуе ўлетку “асвяжыць” сцены (ужо зараз на месца прасвідраваных некалі дзірак бібліятэкар прымацавала работы свайго бацькі), змайстраваць галерэю для зменных экспанатаў. І ўсё ж галоўнае, пра што дбае Л.Шкаруба, – яшчэ больш захапіць вучняў чытаннем. Гэта патрабуе ад работніка не толькі глыбокіх ведаў літаратуры, стварэння спрыяльных умоў для зносін, але і вывучэння асаблівасцей маладзёжнай чытацкай культуры. Аднак такому прафесіяналу, як Лідзія Міхайлаўна, гэта цалкам удаецца. Бібліятэка з’яўляецца запатрабаванай. Школьнікі ведаюць: тут іх чакаюць цікавыя сустрэчы з творчай асобай, сэнс жыцця якой – дапамагчы кожнаму стаць багацейшым інтэлектуальна і духоўна, увабраць у сябе каштоўнасці нашай нацыянальнай спадчыны, стаць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам сваёй Радзімы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Библиотекарь Ушачской школы Л.Шкарубо умеет заинтересовать детей книгой

  1. Лидуся, так держать! Мы в тебя верим!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *