Кормление птиц зимой

Экология

З надыходам зімы ля моста праз раку ў гарпасёлку даволі часта можна назіраць карціну, што ўжо стала звыклай – людзі кормяць качак і лебедзяў, якія засталіся зімаваць. Асобныя грамадзяне нават тэлефануюць нам у інспекцыю і цікавяцца, якія мы прымаем меры, каб аблегчыць нібы цяжкі лёс гэтых птушак. Між тым, чуллівасць людзей у пераважнай большасці такіх выпадкаў залішняя і нават шкодная.

Мяккія зімы апошніх гадоў прывялі да таго, што зімаваць зараз застаецца каля пяці тысяч вадаплаўных птушак. Між тым, яны добра адаптаваныя да халадоў – здаровыя качкі і лебедзі самі могуць паклапаціцца пра сябе і дапамога ім патрэбна ў сапраўды экстрэмальных сітуацыях, калі адсутнасць адкрытай вады абмяжоўвае ім доступ да ежы. Падкормліваць вадаплаўных птушак трэба толькі пры рэзкім зніжэнні тэмпературы – да мінус 15 градусаў і ніжэй, а таксама пры наяўнасці ў іх фізічных пашкоджанняў, калі яны на самой справе аказваюцца не на краі палонкі, а на краі гібелі.

Лепш за ўсё ў такіх выпадках карміць “зімоў­шчыкаў” аўсянкай з сырой або варанай агароднінай, падыдуць для гэтых мэт і прарошчаныя злакі – авёс, ячмень, пшаніца. Нельга забываць аб тым, што нават гэты корм ненатуральны для вадаплаўных птушак і можа адмоўна адбіцца на іх страваванні і абмене рэчываў. Што ўжо казаць аб чорным хлебе і батонах, якія грамадзяне выкарыстоўваюць для падкормкі часцей усяго… Немалаважна і тое, што падкормліваючы вадаплаўных птушак, мы адвучваем іх ад самастойнага пошуку корму і яны становяцца залежнымі ад чалавека.

У той жа час у зімовы перыяд у нашай дапамозе маюць патрэбу іншыя, менш прыстасаваныя віды – вераб’і, сініцы, попаўзні, чыжы. Зімой у горадзе таксама можна часта сустрэць снегіроў, блакітніц, зелянушак і іншых дробных пеўчых птушак – з наступленнем халадоў яны імкнуцца ў населеныя пункты, дзе больш мяккі клімат, дзе можна знайсці адкрытыя ўчасткі глебы і лягчэй пракарміцца. Пеўчыя птушкі ў сувязі з іх малымі памерамі і актыўным працэсам абмену рэчываў ахвотна наведваюць кармушкі, але ў адрозненне ад вадаплаўных не трапляюць у поўную залежнасць ад прыкорму і з надыходам спрыяльнага перыяду вяртаюцца ў лясы, скверы, паркі і лёгка пераключаюцца на натуральны корм з насякомых, насення, раслін.

М.ШУК, начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *