Практычна штодня ў службу занятасці звяртаюцца грамадзяне ў пошуку работы, але знайсці яе, не маючы адукацыі, складана. Адной з эфектыўных мер павышэння канкурэнтаздольнасці беспрацоўных на рынку працы з’яўляецца прафесійнае навучанне. Пра ўмовы ажыццяўлення такой дапамогі мы папрасілі расказаць начальніка аддзела сацыяльна-працоўных адносін і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама Ірыну Леанідаўну ДУНІК.
– Навучанне беспрацоўных ажыццяўляецца па накiраванні нашага ўпраўлення. Зараз праводзіцца яно ва ўстановах Полацка, Наваполацка, Віцебска і Мінска па наступных запатрабаваных на рынку працы прафесіях: бетоншчык, вальшчык лесу, вадзіцель пагрузчыка, муляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, цырульнік, повар, прадпрымальнік, прадавец, кантралёр-касір, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, майстар па манікюры і педыкюры, слесар-сантэхнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, машыніст кацельні, трактарыст-машыніст, швачка, электрагазазваршчык, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання і інш. Тэрмін навучання складае ад 1 тыдня да 10 месяцаў. Да таго ж гэта цалкам бясплатная для беспрацоўнага чалавека прапанова. Больш таго, яму аплачваецца праезд да месца навучання і назад, прапануецца жыллё ў інтэрнаце, выдаецца стыпендыя (мінімальны яе памер з 1 студзеня 2018 года складае 24,5 рубля). Пры адсутнасці парушэнняў грамадзяне, якія праходзяць навучанне не па месцы жыхарства, таксама могуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу.
Асобна зазначу, што служба занятасці можа цалкам ці часткова кампенсаваць наймальнікам выдаткі на прафесійнае навучанне работнікаў, якія падлягаюць вызваленню, абавязаных асоб, а таксама тых, што ўпершыню шукаюць месца працы. Атрымаць больш падрабязную кансультацыю можна па нумары 5-73-51.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.