Куды перамясціліся гандлёвыя кропкі з цэнтра гандлю і паслуг, што насупраць раённага Дома культуры? Такім пытаннем задаюцца многія нашы чытачы. Сапраўды, апошнім часам адбыліся некаторыя змяненні ў дыслакацыі пэўных прыватных магазінаў гарпасёлка, таму мы вырашылі зрабіць для нашых чытачоў невялікую арыентацыйную падказку, дзе іх знайсці.
Будынак РКБА зараз нагадвае ўніверсальны сэрвісны цэнтр: тут дзейнічаюць дзве цырульні, столькі ж кропак па рамонце абутку (адна з іх паралельна аказвае і паслугі па вырабе ключоў, рамонце замкоў, парасонаў і інш.), працуе атэлье па пашыве штор і фотаатэлье, кропка па рамонце камп’ютараў, тэлефонаў і бытавой тэхнікі, а таксама магазін па іх продажы, ветаптэка, салон мабільнага аператара МТС, магазіны мэблі, рыбалоўных прылад і прыпасаў. Да ўсіх гэтых неабходных спажыўцам кропак з новага года далучыліся яшчэ гандлёвыя аб’екты. Так, менавіта сюды з Ленінскай, 30 пераехаў магазін “Газавае абсталяванне” ТАА “Гефесціён-Транс”.
– Ужо абжыліся на новым месцы і чакаем ушачан, цяпер у нас крыху больш месца, адзіная нязручнасць – з вялікімі пакупкамі нялёгка спускацца з другога паверха, – зазначае прадавец Юлія Дрозд.
Таксама па суседстве на другім паверсе размясціўся і магазін мэблі ТАА “Майстар-Шык”, сюды ж з цэнтра гандлю і паслуг пераехала і днямі пачала працаваць папулярная ва ўшачан “Чайная лаўка”.
На першым паверсе РКБА базіруецца і магазін “Экспрэс”, які да гэтага размяшчаўся ў будынку рэдакцыі.
У новым месцы за кветкамі і іншай святочнай атрыбутыкай цяпер чакаюць пакупнікоў у магазіне “Кветкі”: з цэнтра гандлю і паслуг ён пераехаў у былы будынак райваенкамата па вуліцы Фрунзе, 19. Там жа знаходзяцца магазін рытуальных паслуг і салон прыгажосці “Сілуэт”.
Пра некаторыя змены варта праінфармаваць і аўтаўладальнікаў: магазін аўтазапчастак “Das Auto” з другога паверха аўтастанцыі перамясціўся ў памяшканне, дзе раней была трэнажорная зала (Ленінская, 16). Магазін аўтазапчастак індывідуальнага прадпрымальніка М.Глінскага размясціўся па Савецкай, 22: у будынку загса, на месцы, дзе раней працаваў будаўнічы магазін “Тэхналогія прыгажосці”. Другая яго кропка з аўтазапчасткамі па-ранейшаму знаходзіцца па Савецкай, 37 (будынак аддзела статыстыкі), дзе таксама знаходзяцца магазіны “Гаспадынька” і “Белбланкавыд” (канцтавары).
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.