«Маяк-Ушачский» набирает обороты

Сельское хозяйство

З дзясятак год таму комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы “Маяк” поўнасцю апраўдваў сваю назву. Аб’ект ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” быў своеасаблівым светачам для астатніх гаспадарак: займаў лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці мяса, па сярэднясутачных прывагах знаходзіўся на верхніх радках раённых зводак, дастойна выглядаў на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях. Але з распадам “Райаграсэрвіса” затухаў і “Маяк”: прыходзілі ў заняпад вытворчыя памяшканні, змяншалася колькасць жывёлы, прывагі, звальняліся звыклыя да неблагіх заробкаў жывёлаводы. Улічваючы, што аб’ект быў “градаўтваральным” не толькі для Двор Пліна, такая карціна засмучала. Сітуацыя змянілася ў лепшы бок са стварэннем асобнага прадпрыемства “Маяк-Ушацкі” і яго наступнага далучэння ў аграхолдынг на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.

У суботу назіраў карціну зусім іншую той, якую бачыў падчас апошняга візіту на комплекс, калі ён яшчэ належаў “Райаграсэрвісу”. І нават не парадак і чысціня ў хлявах здзіўлялі больш за ўсё – уражвала тое, што не сустрэў ніводнага работніка, які б не быў заняты справай!

Тут зараз працуе 17 чалавек. Для жывёлагадоўчага аб’екта не так і мала, але ў іх лік уваходзяць і прадстаўнікі адміністрацыі, слесары, вартаўнікі. А непасрэдна кармленнем больш чым 1500 галоў жывёлы заняты ўсяго 11 даглядчыкаў. Прычым на першым перыядзе, з маладняком ад трох месяцаў, працуе выключна 8 жанчын.

– Склад работнікаў прыблізна 50 на 50 з былых і новых, – расказвае праводзячы мяне па праходах загадчык комплексу Валерый Уладзіміравіч Літвін. – Зараз калектыў ужо склаўся і тут засталіся толькі тыя людзі, якія на самой справе хочуць і могуць працаваць.  Не ўсе ў нас мясцовыя – Іна Смык і Наталля Коршун, напрыклад, з Матырына – жанчыны тры месяцы пасля  ўладкавання дабіраліся на працу самастойна. Але зараз з холдынгу нам выдзелілі “ГАЗель” для падвозу людзей і праблема іх дастаўкі вырашана.

Адседзець восем гадзін дзеля “мінімалкі” тут не атрымаецца, і справядлівасць гэтага сцвярджэння бачыў на свае вочы. Праца людзей на комплексе, як яны самі кажуць, “паўаўтаматычная”. Кормараздатчык праходзіць не ўсюды, канцэнтраты жанчыны развозяць на вялікіх цялежках. Якраз за гэтай справай застаў Ірыну Крук, на другім памяшканні завіхаліся Галіна Чульба і Юлія Апёнак. Фатаграфавацца жанчыны саромеліся, але пасля таго, як зазначыў вядомае, што не месца красіць чалавека, махнулі рукой на свой “рабочы” выгляд.

– За кармавы рацыён у нас адказвае намеснік загадчыка комплексу Галіна Канстанцінаўна Літвін, – далучаецца да размовы ветурач Аляксандр Анатольевіч Прысмакоў, які разам з маладзейшым калегам Антонам Мушам сочыць за здароў­ем жывёлы, а ў гэты дзень быў адказным па комплексе. – З далучэннем нас да КХП няма праблем з канцэнтратамі – меншыя цяляты атрымліваюць акрамя грубых кармоў камбікорм КР-1, разведзенае сухое малако, з узростам пераходзяць на КР-2. За дзень расходзіцца каля 4 тон камбікорму, які падвозім уласнымі МАЗамі або тэхнікай камбіната хлебапрадуктаў.

712 галоў меншых цялят песцяць жаночыя рукі, а вось другі перыяд, дзе знаходзіцца жывёла, вага якой дасягае некалькіх соцень кілаграмаў, абслугоўваюць прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва – 790 галоў у падначаленні Аляксандра Карповіча, Васіля і Дзям’яна Бучынскіх.

Ёсць тут і жывёла “Райаграсэрвіса”, якая, як і малочнатаварны комплекс “Завячэлле”, з вялікай долей верагоднасці ў хуткім часе стануць уласнасцю “Маяка-Ушацкага” дэ-юрэ. А па факце прадпрыемства ўжо зараз корміць завячэльскіх кароў і ад часткі статка атрымлівае надой, займаецца вытворчасцю не толькі мяса, а і малака.

Шмат арганізацыйных пытанняў яшчэ трэба вырашыць маладому прадпрыемству, але тое, што сёння яно развіваецца дынамічна і на перспектыву, не аспрэчыць ніхто. І, па словах В.У.Літвіна, у яго падапечных ёсць усе ўмовы і падставы для таго, каб не толькі замацавацца на былых лідарскіх пазіцыях, а і выйсці на новыя рубяжы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *