Девятиклассница Ушачской школы Лиза Литвинова примет участие в заключительном этапе республиканской олимпиады по биологии

Ими гордятся Наши дети

У “алімпіядным” руху вучаніца Ушацкай школы Лізавета Літвінава не навічок. Да сёмага класа прымала ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах па рускай мове. У восьмым стала пераможцай раённага і ўдзельніцай абласнога этапаў рэспуб­ліканскай алімпіяды па матэматыцы. Сёлета ж, вырашыўшы звязаць дарослае жыццё з медыцынай, паспрабавала сябе ў хіміі і біялогіі – і ў абедзвюх дысцыплінах на школьным і раённым этапах стала лепшай, атрымаўшы адразу два запрашэнні на вобласць.

– Выбар быў няпросты, але перавагу аддала біялогіі, – расказвае Ліза. – Веды па гэтым прадмеце, лічу, больш карысныя ў паўсядзённым жыцці, быце.

Да таго ж дзяўчына мае добрую памяць, таму ў шматлікіх біялагічных тэрмінах, у тым ліку на латыні, адчувае сябе як рыба ў вадзе і можа даць фору многім сваім аднагодкам. Вось і на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў агульным рэйтынгу заняла трэцяе месца і атрымала дыплом ІІ ступені. Прычым да ўзнагароды вышэйшай “пробы” ёй не хапіла ўсяго некалькі балаў.

Па праве можа раздзяліць з дзяўчынай дасягнуты поспех яе настаўніца В.А.Жыткая.

– Шчыра кажучы, не здзіўлена такому ўдаламу выступленню Лізы, – зазначае Вольга Анатольеўна. – Яна валодае ўсімі якасцямі, неабходнымі для дасягнення добрага выніку: адметнымі здольнасцямі, стараннасцю, здаровымі амбіцыямі. Яна – максімалістка і вельмі востра перажывае, калі нават на звычайным школьным уроку ў яе нешта не атрымліваецца, а гэта – характар пераможцы.

Сама ж вучаніца дастаткова крытычна падыходзіць да аналізу свайго выступлення на абласным этапе алімпіяды, не прамінае адзначыць, што добра справілася са складанымі заданнямі (такімі, напрыклад, як расшыфроўка зрэзаў), а на простых “заалагічных” з-за недахопу часу крыўдна страціла балы.

Увогуле, патрабаванні да ведаў алімпіяднікаў штогод павышаюцца, што пацвярджаюць многія педагогі. А таму без грунтоўнай пад­рыхтоўкі на такіх іспытах няма чаго рабіць. Менавіта таму на ўроках Ліза займаецца па асобнай праграме, а пасля заняткаў, у выхадныя і на канікулах разам з В.А.Жыткай праводзяць час за дадатковымі заданнямі.

Пры гэтым дзяўчына не аслабляе ўвагі і да астатніх прадметаў – рыхтуецца да выпускных экзаменаў і часта пакідае сцены школы толькі каля пяці гадзін вечара. Сярод любімых акрамя біялогіі і хіміі – прыгаданыя вышэй матэматыка, руская мова. Паспявае Ліза быць актыўнай удзельніцай і многіх школьных мерапрыемстваў. Дзяўчына скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а зараз вучыцца іграць на гітары. Акрамя таго, Л.Літвінава захапляецца спортам: рэгулярна наведвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, любіць паплаваць у басейне, пагуляць у тэніс, з’яўляецца выхаванкай секцыі па валейболе. Знаходзіць Ліза час і на адпачынак, зносіны з сябрамі, у тым ліку праз інтэрнэт. Зрэшты, сацыяльныя сеткі, па словах дзевяцікласніцы, ніколькі не адцягваюць увагі ад заняткаў – наадварот, дапамагаюць крыху развеяцца і ўзяцца за справу з новымі сіламі.

Ва ўсіх пытаннях Ліза Літвінава імкнецца да дасканаласці. Чарговым жа крокам на гэтым шляху стане ўдзел дзяўчыны ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, які пройдзе вясной у Гродне. Пажадаем нашай зямлячцы ўдалага выступлення!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *