Спасатели Ушаччины отметили профессиональный праздник

Cлужба-101 К профессиональному празднику

101 ці 112 – на гэтыя нумары тэлефануюць людзі, трапіўшы ў бяду. І больш за 50 супрацоўнікаў Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у любую хвіліну гатовыя прыйсці на дапамогу кожнаму. 19 студзеня яны адзначылі сваё прафесійнае свята.

У 2017 годзе ў раёне адбылося 15 пажараў, на якіх загінулі 2 чалавекі. Нельга не адзначыць той факт, што дзякуючы вялікай і граматнай прафілактычнай рабоце ў апошнія гады на Ушаччыне назіраецца зніжэнне колькасці пажараў: так, у 2011-м іх адбылося 39, абарвалася жыццё 11 чалавек, у 2013 – 25 (6), 2015 – 20(3), 2016 – 18(4). А ўсяго ў мінулым годзе выратавальнікі 965 разоў выязджалі па выкліках аб надзвычайных здарэннях, з якіх 44 – на тушэнне смецця і пакінутай на пліце ежы, 20 разоў дапамагалі спраўляцца з вогненнай стыхіяй суседнім аддзелам. 50 выездаў было звязана з аказаннем дапамогі насельніцтву на вадаёмах, у дарожна-транспартных здарэннях, падчас буксіроўкі аўто і інш. Выратавана 4 чалавекі, 22 пабудовы, 1 адзінка тэхнікі, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 75000 рублёў.

На выратавальнікаў ускладзены задачы па аказанні дапамогі насельніцтву і ў некаторых бытавых сітуацыях, сярод якіх, напрыклад, адкрыццё дзвярэй, спілаванне аварыйнага дрэва, ліквідацыя гнёздаў небяспечных насякомых і многае іншае. Самымі запатрабаванымі паслугамі аказаліся праверка газавентканалаў, уборка аварыйных дрэў і старых дамоў.

– Сапраўды служба “нумар адзін”! Цяжка пераацаніць важнасць гэтай прафесіі. Жадаю, каб менш было надзвычайных сітуацый і з іх вы заўсёды выходзілі дастойна, – адзначыў падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды свята старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

Работа супрацоўнікаў райаддзела штогод высока ацэньваецца не толькі на раённым, а і на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Сёлета да прафесійнага свята нагрудным знакам “Выдатнік” узнагароджаны вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Сяргей Іванавіч Хамічонак. Ганаровую грамату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атрымаў камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Андрэй Мікалаевіч Малахаў, Грамату – намеснік начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Дзмітрый Канстанцінавіч Лёля. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС адзначаны вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Канстанцін Фёдаравіч Пацэйка, Граматай – камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 Алег Пятровіч Крыскевіч. Добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці сталі падставай для ўзнагароджання Ганаровай граматай райвыканкама начальніка каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Максіма Валер’евіча Дукмасава, Падзякай старшыні райвыканкама – вадзіцеля пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Сяргея Сяргеевіча Бугая.

За асабісты ўклад у забеспячэнне пажарнай бяспекі на тэрыторыі раёна, развіццё дзейнасці ветэранскага руху, патрыятычнага выхавання моладзі, актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з юбілейнай датай з дня ўтварэння Беларускай грамадскай арганізацыі “Выратавальнік” медаль “Ветэранская ўдзячнасць” быў уручаны старшыні Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошку.

Пажаданні дабрабыту, поспехаў у службе і, канечне, традыцыйнае – сухіх рукавоў – ушацкія выратавальнікі атрымалі ў гэты дзень і ад сваіх ветэранаў, прадстаўнікоў іншых сілавых структур.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *