ІІІ з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прайшоў у Мінску. На форуме былі падведзены вынікі работы за 2012-2017 гады, зацверджаны новыя рэдакцыі статуту і праграмы, абраны Рэспубліканскі савет грамадскага аб’яднання.
Удзел у з’ездзе прыняла дэлегацыя Віцебскай вобласці на чале са старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшынёй абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Уладзімірам Уладзіміравічам Цярэнцьевым. Усяго ў рабоце форуму ўдзельнічалі 422 дэлегаты.
З’езд прызнаў работу аб’яднання за 2012-2017 гады здавальняючай. Галоўнымі накірункамі ў дзейнасці “Белай Русі” на наступную пяцігодку будуць забеспячэнне грамадскай падтрымкі палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, стымуляванне грамадскай актыўнасці праз узаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады на асновах канструктыўнага супрацоўніцтва. Аб’яднанне будзе ўдзяляць значную ўвагу кансалідацыі грамадства на рашэнне задач сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця краіны, правядзенню маніторынгу грамадскай думкі па важнейшых пытаннях развіцця грамадства, сканцэнтруе свае намаганні на экспертызе законапраектаў і грамадскім кантролі, падтрымцы прадпрымальніцтва.
У “Белай Русі” лічаць важным развіваць публічную дыпламатыю, фарміраваць спрыяльнае ўражанне пра нашу краіну за рубяжом, нарошчваць палітычны вопыт членаў аб’яднання.
“Лічу вельмі правільным, што сярод заяўленых задач арганізацыі – умацаванне раённага звяна, – падзялілася сваімі меркаваннямі дэлегат з’езда, старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Вольга Мікалаеўна Захарэнка. – Прыемна канстатаваць, што наша раённая арганізацыя – у ліку самых актыўных у вобласці, яна мае моцны патэнцыял, які дазваляе сістэмна ўдзельнічаць ва ўсіх аспектах жыцця рэгіёна. І наша задача – пастаянна развівацца, прырастаць і ў колькасным, і ў якасным аспектах”.
У рамках з’езда Рэспубліканскі савет грамадскага аб’яднання аднагалосна прыняў рашэнне пра абранне старшынёй РГА “Белая Русь” Генадзя Браніслававіча Давыдзька, які ўзначальвае Белтэлерадыёкампанію. Як адзнычыў новы кіраўнік аб’яднання, менавіта цяперашні статус “Белай Русі” ён лічыць аптымальным: “Мэта любой партыі – гэта барацьба за ўладу. “Белая Русь” за ўладу не змагаецца, яна змагаецца за працвітанне нашага грамадства. Нават у статусе грамадскага аб’яднання заўсёды ўдзельнічае ў палітычным жыцці”.