Все на осмотр!Медсестрой кабинета функциональной диагностики ЦРБ третий год работает Ирина Заводинец

Здравоохранение

Кажуць, грошы – медзь, рэчы – тлен, і толькі здароўе ўяўляе непераходзячую каштоўнасць. Упэўнена ў гэтым і ўраджэнка аграгарадка Глыбачка Ірына Завадзінец. Галоўным складнікам добрага самаадчування малады медык лічыць здаровы лад жыцця, а паспяховага лячэння – своечасовую і якасную дыягностыку, якой займаецца трэці год.

У 2015 годзе выпускніца Полацкага медыцынскага каледжа прыехала па мэтавым накіраванні ва Ушачы, дзе месцам яе працы стаў кабінет функцыянальнай дыягностыкі паліклінікі. Задачы ў медыцынскай сястры такога профілю спецыфічныя – запісаць кардыяграму сэрца, замацаваць на целе пацыента холтары для сутачнага манітарыравання ЭКГ, разам з доктарам правесці велаэргаметрыю (у народзе – “веласіпед”).

За дзень кабінет функцыянальнай дыягностыкі наведвае каля 70-80 чалавек, бывае і 100. І кожнаму трэба ўдзяліць належную ўвагу! “На жаль, многія ўшачане безадказна адносяцца да свайго зда­роўя, – расказвае І.Завадзінец. – Бывае, прыходзіць на прыём чалавек выключна дзеля камісіі, запэўнівае, што нічога яго не турбуе. Праводжу дыягностыку – і хапаюся за галаву: стан арганізма блізкі да крытычнага! Не раз даводзілася за руку весці хворага да доктара ці ў тэрміновым парадку выклікаць апошняга да сябе”.

Нягледзячы на маладосць, а можа дзякуючы ёй, добра спраўляецца Ірына з сучасным абсталяваннем, якое паступае ў кабінет функцыянальнай дыягностыкі. Калі што незразумела – не саромеецца спытаць параду. Нярэдка і ў выхадныя дапамагае знаёмым, сусе­дзям зрабіць той жа ўкол, паставіць кропельніцу, банкі.

Любому маладому спецыялісту няпроста годна выглядаць на ўзроўні сваіх вопытных калег. Ірыне ж гэта цалкам удаецца. Так, напрыклад, летась дзяўчына ў літаральным сэнсе выратавала жыццё адной з пацыентак, якая прыйшла зрабіць планавую кардыяграму. Зірнуўшы на стужку, Ірына “ўбачыла” інфаркт і вельмі акуратна, каб не спалохаць хворую, паведаміла пра сваё падазрэнне ўрачу. Жанчыну, якая перанесла на нагах інфаркт, тэрмінова шпіталізавалі ў абласную бальніцу, зрабілі аперацыю. Пры гэтым кардыёлагі канстатавалі, што менавіта аператыўнасць і дакладнасць дзеянняў маладога дыягноста паспрыялі паспяховаму зыходу сітуацыі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *