Районный комитет профсоюза работников образования и науки организовал мероприятие для ветеранов

В общественных организациях

“Чатыры месяцы таму я адкрыў для сябе ўсе вартасці вольнага жыцця. Раптам з’явілася столькі часу, выбар у справах, якімі можаш заняцца – гэта так нязвыкла пасля 50-гадовага стажу работы”, – разважае былы настаўнік Плінскай школы Сергей Захаравіч Яскевіч. Але ж, як бы ні храбрыліся наваспечаныя пенсіянеры, пераход у стан тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, для многіх з’яўляецца балючым. А для настаўнікаў, якія прывыклі заўсёды быць на віду, у гушчыні падзей, – асабліва. Не хапае пачуцця запатрабаванасці, не стае зносін з калегамі…

А таму мерапрыемствы, якія ладзяцца для ветэранаў педагагічнай працы, заўсёды выклікаюць у іх вялікую цікавасць. Вось і на традыцыйныя “Калядныя сустрэчы”, што праходзілі ў мінулую пятніцу ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, сабралася з розных куткоў раёна больш трыццаці чалавек. Некаторыя, як прыгаданы Сяргей Захаравіч і яго былыя калегі Кацярына Фёдараўна Касцюковіч, Тамара Уладзіміраўна Бабянок, Ірына Генадзьеўна Марковіч, Алена Антонаўна Леановіч, на падобным мерапрыемстве былі ўпершыню, а асобныя – як, напрыклад, Сяргей Трафімавіч Белавусаў, Надзея Мікалаеўна Пашута, якая, дарэчы, хутка адзначыць 90-гадовы юбілей, – стараюцца не прапускаць ніводнай сустрэчы.

Арганізатарам імпрэзы стаў раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а раённы цэнтр дзяцей і моладзі зрабіў усё, каб сустрэча атрымалася цікавай і змястоўнай. З віншавальнымі словамі да былых педагогаў звярнуліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак, старшыня райкама прафсаюза Маргарыта Віктараўна Варава. Ветэраны дзяліліся ўспамінамі і меркаваннямі пра цяперашні час, агучвалі слушныя ідэі, глядзелі мастацкія нумары ў выкананні дзяцей і педагогаў цэнтра. “Работнікі адукацыі – вельмі актыўныя і няўрымслівыя людзі, непадуладныя ўзросту!” – адзначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская, якая таксама прысвяціла працоўнае жыццё настаўніцкай справе. “Вялікі дзякуй арганізатарам за цёплае, прыемнае мерапрыемства, за ўвагу да нас, ветэранаў. Ну а пра ўзровень яго правядзення сведчыць тое, што з кожным разам да нас далучаецца ўсё больш людзей!” – выказала агульныя ўражанні былы завуч Ушацкай школы Ніна Аляксандраўна Багдановіч. І абсалютна ўсе ўдзельнікі сышліся на думцы, што з нецярплівасцю будуць чакаць новай сустрэчы з былымі калегамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *