У паход па метал
Жыхар вёскі Новае Сяло 1964 года нараджэння афіцыйна нідзе не працаваў, і каб зусім не застацца без сродкаў да існавання, час ад часу займаўся зборам каляровых металаў. За імі на веласіпедзе і накіраваўся чэрвеньскай ноччу 2017-га ва Угрынкі, дзе адзін з дамоў часова пуставаў, пра што Аляксандру было вядома. Яго здабычай сталі два падаўжальнікі і гадзіннік з умацаваным радыёпрыёмнікам агульным коштам 34 рублі. Праўда, доўга радавацца мужчыну не давялося: яго незаконны промысел трапіў у поле зроку праваахоўнікаў.
Суд прызнаў Аляксандра вінаватым па ч.2 арт.205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год. Але ўлічваючы адсутнасць у мужчыны судзімасцей, яму дадзены шанс на выпраўленне: гэтая санкцыя не будзе прыменена, калі на працягу года грамадзянін зноў не пераступіць мяжу закона і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі.
Каб працягнуць застолле…
Апошні дзель ліпеня для жыхара г.п.Ушачы 1988 года нараджэння выдаўся насычаным. Нецвярозае застолле ладзіў спачатку з адным сваім таварышам, потым – з другім. А бліжэй да вечара, калі спіртное скончылася, а арганізм патрабаваў працягу, пайшоў да шматпавярховага дома па вуліцы Камсамольскай. Там пражывала яго знаёмая, у якой Іван не раз пазычаў пэўныя сумы.
Дзверы ў кватэру аказаліся незачыненымі, унутры нікога не было. Каб адшукаць жанчыну, грамадзянін падняўся паверхам вышэй. Калі ж даведаўся, што тая памерла, вырашыў “пагаспадарыць” у кватэры замест яе. Набор, які прыхапіў з сабой зламыснік, быў, мякка кажучы, нестандартны: цукерніца, графін, заварнік для чаю, некалькі кубкаў і дэкаратыўных шкляных фігурак агульным коштам каля 48 рублёў. Вось толькі прадаць гэты скарб і працягнуць свята жывата мужчына не паспеў. У адносінах яго была ўзбуджана крымінальная справа.
Суд прызнаў Івана вінаватым у крадзяжы з пранікненнем у жыллё і назначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 150 базавых велічынь. Але ж улічваючы дастаткова працяглае ўтрыманне мужчыны пад вартай, ён вызвалены ад неабходнасці яго аплачваць.
“Няўдачлівы” аўтааматар
Жыхар Лепельшчыны 1993 года нараджэння ўжо меў праблемы з законам, у тым ліку за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Тым не менш, пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання, наяўнасць не знятай і не пагашанай судзімасці Мікалая не надта засмуцілі. У красавіку, пасля прыняцця на грудзі пары-тройкі стопак, ён ужо калясіў па Ушачах, не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў аўтамабіль “Пежо”. Каб пазбегнуць адказнасці, паспрабаваў уцячы з месца здарэння, аднак хутка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і роднымі пацярпелага.
У адносінах Мікалая была ўзбуджана крымінальная справа адразу па некалькіх артыкулах: за паўторную “п’яную” язду, ухіленне ад выканання ранейшага прыгавору аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і назначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 1 месяц у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, права кіраваць транспартам на працягу 5 гадоў са штрафам у суме 725, 68 рубля.
Ф.ЗІНЬКЕВІЧ, старшыня суда Ушацкага раёна.