Вступил в силу Указ Президента Республики Беларусь №364 «Об осуществлении ремесленной деятельности»

Калейдоскоп

Учора ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2017 года №364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”. Яго мэта – зрабіць рамесніцтва яшчэ больш прыцягальнай справай для грамадзян, паспрыяць вырашэнню пытання занятасці насельніцтва, асабліва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. Расказаць пра яго асноўныя палажэнні мы папрасілі галоўнага дзяржаўнага падатковага інспектара ІМПЗ па Лепельскім раёне Алену Якаўлеўну МАЦЮШЭНКА.

Што можна майстраваць

Галоўнай адметнасцю дакумента стала тое, што ён істотна пашырае пералік відаў рамеснай дзейнасці, якую грамадзяне могуць ажыццяўляць па заявачным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Зараз у яго ўключаны ўсе віды творчасці, што ўвасабляюцца на аснове ручной працы грамадзянамі самастойна, без прыцягнення іншых асоб па працоўных ці грамадзянска-прававых дагаворах. Раскажам падрабязна, якія віды дзейнасці зараз могуць ажыццяўляць рамеснікі. Гэта:

– выраб і рамонт частак вупражы, гужавых павозак, саней і санак, рыбалоўных прылад;

– выраб прадметаў для бытавых патрэб з дроту, шпагату, гліны, сінтэтычнай стужкі, бляхі, раслінных матэрыялаў мясцовага паходжання;

– выраб збудаванняў і прылад для ўтрымання птушак, жывёл, пчол;

– кавальская справа;

– ручное вязанне і выраб рэчаў з валянай шэрсці;

– выраб пражы, карунак, макрамэ, ручное ткацтва і вышыўка, лапікавае шыццё, пляценне бісерам, гільяшыраванне (выпальванне па тканіне);

– мастацкая апрацоўка і роспіс дрэва, каменю, косткі, металу, керамікі і г.д.;

– выраб прадметаў ручной работы (кухоннага інвентару, цацак, пано, куфэркаў, пальчатак, рамянёў, заколак, біжутэрыі, кашпо, ваз, сувеніраў (у тым ліку магнітаў), рамак і іншых падобных рэчаў), мастацкіх прадметаў з паперы і пап’е-машэ;

– пераплёт старонак;

– выраб свечак, мыла;

– выраб кветак і кампазіцый у тым ліку з раслінных матэрыялаў мясцовага паходжання (за выключэннем кампазіцый з жывых кветак);

– выраб традыцыйнага нацыянальнага беларускага касцюма (яго дэталяў);

– ручны выраб паштовак, фотаальбомаў, папак;

– выраб сельскагаспадарчага і садова-агароднага інструменту ці яго частак, заточка і рамонт нажоў;

– выраб нацыянальных музычных інструментаў у нефабрычных умовах;

– выраб вітражоў;

– дэкарыраванне прадметаў, што прадставілі спажыўцы;

– выраб пячной і дэкаратыўнай кафлі, карнізаў з гліны метадам ручной набіўкі ці заліўкі ў гіпсавыя формы, прасаваннем, ручной апраўкай, дэкарыраваннем, глазуроўкай;

– іншая дзейнасць па стварэнні прадметаў творчасці, а таксама дзейнасць, што ажыццяўляецца з прымяненнем ручной працы (акрамя той, за якую плаціцца адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб).

Як стаць рамеснікам

Працэдура гэта простая: трэба звярнуцца ў падатковы орган па месцы жыхарства з пашпартам і напісаць заяву. Вас паставяць на адпаведны ўлік, пасля чаго варта будзе заплаціць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці. Яго памер невялікі – адна базавая велічыня (24 рублі) за год. Плаціць збор за наступны каляндарны год варта не пазней 28 снежня, калі ж вы толькі зарэгістраваліся – перад пачаткам рамеснай дзейнасці. Пра рэквізіты на аплату можна даведацца ў падатковым органе ці на сайце МПЗ. Збор залічаецца ў раённы бюджэт. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне 5-76-74.

Рэалізаваць вырабы, падрыхтаваць змену

Прыняцце ўказа пашырае магчымасці рэалізацыі вырабаў рамеснікаў. Апроч продажу на рынках, кірмашах і іншых падобных месцах, яны змогуць рэалізоўваць тавар непасрэдна ў майстэрнях, рэкламаваць яго праз інтэрнэт, перасылаць (у тым ліку міжнародным паштовым адпраўленнем), а таксама дастаўляць спажыўцу любым відам транспарту.

Яшчэ адзін цікавы момант указа датычыцца магчымасці перадаваць сакрэты свайго майстэрства вучням. Рамеснікі могуць бязвыплатна навучаць сваёй дзейнасці іншых людзей на падставе адпаведнага дагавору. Пры гэтым маюцца пэўныя абмежаванні па колькасці (не больш аднаго вучня) і працягласці навучання (да двух гадоў).

Як бачна, стаць рамеснікам можа практычна любы чалавек, хто мае талент вырабляць уласнымі рукамі патрэбныя і прыгожыя рэчы. Варта нагадаць, што рамеснікі належаць да катэгорыі занятых працай людзей – гэта значыць, не лічацца дармаедамі і, адпаведна, не павінны плаціць прызначаны Дэкрэтам №3 падатак. Зрэшты, да мудрасці Канфуцыя, які раіў “заняцца любімай справай, каб не працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”, ужо прыслухалася 46 жыхароў раёна – менавіта столькі асоб на 1 студзеня бягучага года зарэгістравана ў якасці рамеснікаў.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *