Матыринский сельский клуб в числе лучших учреждений культуры области по работе в фольклорном направлении

Культура

Нядаўні фальклорны форум ў Лепелі сабраў лепшыя калектывы Віцебшчыны. Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца для адраджэння і папулярызацыі народнай творчасці, рамёстваў, падтрымкі людзей і калектываў, што займаюцца гэтай справай. І ўшачане ў ёй – на вядучых ролях.

Яркім атрымаўся гала-канцэрт удзельнікаў агляду-конкурсу фальклорных калектываў, якіх у вобласці існуе каля чатырохсот. Нумары праходзілі адбор на працягу года, а выступіць запрасілі самых лепшых. У іх ліку і дзіцячы фальклорны гурт “Спадчына”, які створаны пры Матырынскім сельскім клубе як спадарожнік нашага вядомага калектыву “Матырынская спадчына”. Канкурэнцыя была вельмі сур’ёзнай, затое кожнае выступленне сапраўды выклікала шчырае захапленне. “Спадчына” паказала абрад “Жаніцьба Цярэшкі” ў музычным суправаджэнні і стала лаўрэатам другой ступені сярод 16-ці прэтэндэнтаў на перамогу. За свае старанні маладыя артысты атрымалі і каштоўны падарунак – акустычную сістэму, якая, безумоўна, спатрэбіцца ў працэсе падрыхтоўкі да наступных падобных конкурсаў. Тым больш што спыняцца на дасягнутым калектыў не збіраецца – пададзены дакументы на прысваенне яму звання “ўзорны”.

Ушачане спадабаліся не толькі членам журы, а і многім гледачам, якіх у зале было больш за 300. “Прыемна было чуць ад калег з іншых раёнаў станоўчыя водгукі пра нашы фальклорныя традыцыі. Мяне перапаўняе гонар, калі нашу работу адзначаюць і заўважаюць, калі гледачы рэагуюць на выступленне хлопцаў і дзяўчат цёплымі апладысментамі”, – дзеліцца эмоцыямі кіраўнік фальклорнага калектыву, метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Сяргееўна Рудзёнак. Трэба адзначыць, што прай­шоўшы год наогул выдаўся паспяховым для “Матырынскай спадчыны” і яго дзіцячага спадарожніка – першы гурт адзначыў 30-гадовы юбілей, другі папоўніў сваю скарбонку новай узнагародай, прывезенай з турніру побытавых танцаў. Таму і нядзіўна, што ведаюць нашых захавальнікаў народных традыцый далёка за межамі раёна. Улічваючы такія вынікі калектываў, натуральна, што і Матырынскі сельскі клуб аказаўся ў ліку пераможцаў – атрымаў другое месца ў аглядзе-конкурсе сярод сельскіх устаноў культуры на лепшую работу па фальклорным накірунку.

У рамках сёлетняга форуму адбылася таксама абласная канферэнцыя “Традыцыйны фальклор у сучаснасці” па пытаннях захаванасці аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дарэчы, нядаўна стала вядома, што статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі нададзены традыцыйнай ушацкай страве “Клёцкі з душамі”, пра якую мы пазней раскажам больш падрабязна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *