Итоги социально-экономического развития района и задачи на 2018-й год рассмотрели на сессии районного Совета депутатов

Саветы і жыццё

Чарговая сорак другая сесія Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання ў апошнія дні мінулага года праводзілася ў пашыраным складзе. У вялікую залу пасяджэнняў Дома Саветаў акрамя дэпутатаў быў запрошаны ўвесь актыў раёна. Гэта было абгрунтавана значнасцю пытанняў, якія разглядаліся – падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2017 год і акрэсліваліся задачы на 2018-ы, зацвярджаўся яго бюджэт. Удзел у рабоце сесіі таксама прынялі наш дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Віцебскага ДВЛГА Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, старшыня праўлення аблспажыўсаюза Аляксандр Аляксандравіч Пуцята і генеральны дырэктар КУП “Віцебскмеліявадгас” Эдуард Мікалаевіч Герасіменка.

У сваім дакладзе старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка засяродзіў увагу прысутных на выкананні асноўных паказчыкаў, падводзячы вынікі, агучваў і планы, тлумачыў абгрунтаванасць задач і акрэсліваў шляхі іх вырашэння.

У 2018 годзе будзе прадоўжана работа па стварэнні новых прадпрыемстваў і рабочых месцаў. Кіраўнік раёна адзначыў, што неабходна павялічыць уклад у гэту справу малога і сярэдняга бізнесу. У прадпрымальніцкім сектары задзейнічана каля трэцяй часткі насельніцтва, занятага ў эканоміцы раёна, а ў бюджэт за 11 месяцаў мінулага года яны пералічылі толькі 13,6 працэнта ад усіх падатковых паступленняў. Развіццё прадпрымальніцтва бачыцца доўгатэрміновай задачай не толькі на гэты год, а і ў цэлым на пяцігодку.

У 2018 годзе прыярытэтам у развіцці сельскай гаспадаркі будзе павышэнне вытворчасці малака, мяса, зерня і рапсу, стварэнне належнай кармавой базы. Плануецца, што індэкс вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі складзе 110 працэнтаў. І, як падкрэсліў У.Г.Аўдошка, з нашымі нізкімі паказчыкамі не выканаць гэты прагноз проста немагчыма.

Рост вытворчасці прамысловасці пралічваецца на ўзроўні 112,7 працэнта, рэнтабельнасць продажу – 10. Неабходна вывесці на новы ўзровень экспартны патэнцыял раёна, павялічыць экспарт тавараў і паслуг прыкладна на 5 працэнтаў, захаваць традыцыйныя рынкі збыту і асвоіць новыя. Прагназуецца павелічэнне аб’ёму рознічнага тавараабароту на 6 працэнтаў, грамадскага харчавання – на 4,5. Развіццё рознічнай гандлёвай сеткі будзе ажыццяўляцца за кошт захавання, развіцця і мадэрнізацыі існуючых аб’ектаў, адкрыцця новых прыватным бізнесам. А.А.Пуцята, дарэчы, выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і дэпутацкаму корпусу за прадстаўленне нашаму райспажыўтаварыству шэрагу падатковых ільгот, што дазволіла накіраваць вызваленыя сродкі на мадэрнізацыю і перааснашчэнне аб’ектаў гандлю. А Э.М.Герасіменка на прыкладзе работнікаў Ушацкага ПМС, якія якасна і бездакорна выконваюць розныя віды работ на аб’ектах за межамі раёна, зазначыў, што нашы прадпрыемствы маюць добрыя перспектывы ў плане аказання будаўнічых паслуг, у тым ліку і за межамі краіны.

На будоўлях жа раёна ў ­2017-ым зроблена многае, але не менш маштабныя планы і на бягучы год. Будуць працягвацца работы па рэканструкцыі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ушацкага РАНС, мадэрнізацыя і капітальны рамонт дзіцячага сада №3 і дзіцячай школы мастацтваў, будаўніцтва інжынерных сетак у кварталах індывідуальнай жылой забудовы і газаразмеркавальных сетак, мадэрнізацыя цеплавых сетак і сістэмы газазабеспячэння ГРС “Ушачы”. Таксама ў планах пачатак будаўніцтва новых гандлёвых цэнтраў і станцыі абезжалезвання вады ў “Лясных азёрах”, 2300 квадратных метраў жылля індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Будзе працягнута работа па замене зношаных цеплавых і водаправодных сетак, тэхнічнай мадэрнізацыі ў сістэме ЖКГ.

Адной з важнейшых задач стане пошук замежных інвестараў. Для гэтага прапануюцца праекты, якія прадугледжваюць стварэнне на тэрыторыі былога льнозавода і недабудаванага санаторыя “Вечалле” турыстычных аб’ектаў, спецыяльна падабраныя зямельны ўчасткі. Стаіць амбіцыйная задача прыцягнуць у эканоміку раёна 400 тысяч долараў ЗША.

У сацыяльнай сферы працягнецца рамонт, мадэрнізацыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі Ушацкай ЦРБ, аптымізацыя сетак устаноў культуры і адукацыі. Органы сацыяльнай абароны зоймуцца распрацоўкай і ўкараненнем новых форм і метадаў работы, накіраванай на павышэнне якасці сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю масавай фізкультуры і спорту, падрыхтоўцы на базе комплексу “Юнацтва-Ушачы” спартсменаў, якія павінны дастойна прадстаўляць раён на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Як зазначыў У.Г.Аўдошка, рэалізацыя гэтых задач, якія зусім не завоблачныя, дазволіць дасягнуць запланаваных паказчыкаў па росце заработнай платы, захаваць станоўчую дынаміку развіцця раёна ў 2018-ым і наступных гадах, паспрыяе стварэнню сітуацыі, калі нашы людзі не будуць шукаць працы за межамі раёна, дазволіць узняць іх узровень жыцця.

Ад паспяховасці развіцця ўсіх сфер будзе залежыць і фарміраванне бюджэту. Як адзначыла ў сваім выступленні начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Валер’еўна Раманоўская, на 2018 год ён сфарміраваны менавіта на аснове параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі.

Даходы па бюджэце раёна на 2018 год ацэньваюцца ў 23 325 100 рублёў. Ён па-ранейшаму датацыйны – 16 055 600 рублёў, або 68,9 працэнта ў ім складуць бязвыплатныя паступленні з рэспублікі. Уласныя даходы вызначаны ў суме амаль 7,3 мільёна рублёў, з ростам на 11 працэнтаў да ацэнкі 2017 года. Расходы запланаваны без іх перавышэння над даходамі.

Куды ж будуць накіраваны гэтыя сродкі? У першую чаргу на забеспячэнне функцыянавання арганізацый бюджэтнай сферы, выплату зарплаты яе работнікам, аплату прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў для медыцыны, на субсідыі жыллё­ва-камунальных паслуг і арганізацыям, якія забяспечваюць насельніцтва палівам па фіксаваных рознічных цэнах. Расходы на зарплату бюджэтнікам дазволяць захаваць яе рэальны памер, а яе рост у сярэднім на 10 працэнтаў павінен забяспечыцца як за кошт аптымізацыі структуры і колькасці бюджэтных арганізацый, так і ад запланаваных дадатковых даходаў, спецыяльных рэзервовых фондаў.

У галіне сельскай гаспадаркі бюджэтам будзе фінансавацца райветстанцыя і інспекцыя Дзяржтэхнагляда. Прадугледжана субсідзіраванне гарадскіх аўтобусных перавозак, выдзяляюцца сродкі на барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага. Значныя асігнаванні запланаваны на жыллёва-камунальную гаспадарку, добраўпарадкаванне.

Запланаваны сродкі на бягучы рамонт харчаблока райбальніцы, а ўсяго на ахову здароўя, як адну з важнейшых сфер, будзе накіравана звыш 4,5 мільёна рублёў. У аб’ём фінансавання фізічнай культуры і спорту ўключаны 1,09 мільёна на ўтрыманне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, а ў галіне культуры запланаваны расходы на капітальны рамонт яшчэ аднаго важнага аб’екта – музея народнай славы імя У.Е.Лабанка. Як заўсёды ў поўным аб’ёме будзе фінансавацца адукацыя – сюды накіравана звыш 7,3 мільёна рублёў. Акрамя таго прадугледжаны капітальныя асігнаванні на набыццё школьнага аўтобуса, абсталявання для харачблокаў, камп’ютарнай тэхнікі, сродкаў навучання, на працяг мадэрнізацыі і капрамонту ясляў-сада №3, рэканструкцыю дзіцячай школы мастацтваў.

Амаль 1,25 мільёна рублёў выдзелена на сацыяльную дапамогу, падтрымае бюджэт і выкананне мерапрыемстваў у галінах сацыяльнай і маладзёжнай палітыкі, акажа фінансавую падтрымку маладым і шматдзетным сем’ям у пагашэнні запазычанасцей па крэдытах і аплаты чэкаў “Жыллё”.

Дэпутаты аднагалосна падтрымалі праекты рашэнняў і па асноўных прагнозных паказчыках на 2018 год, і па бюджэце. Як зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, ён забяспечвае фінансаванне важнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Дадаць да гэтага ініцыятыву, адказнасць і сумленнасць кожнага на сваім працоўным месцы – і ўсе задачы стануць вырашальнымі.

Д.Раманоўскі.

Зараз на Ушаччыне ў сферы бізнесу ажыццяўляюць дзейнасць 86 юрыдычных асоб і 175 прыватных прадпрымальнікаў. Найбольшая іх колькасць занята ў гандлі і грамадскім харчаванні (34,6 %), далей ідуць прамысловасць (23,7), будаўніцтва (17,3), сельская гаспадарка (15,4).

Зараз на Ушаччыне ў сферы бізнесу ажыццяўляюць дзейнасць 86 юрыдычных асоб і 175 прыватных прадпрымальнікаў. Найбольшая іх колькасць занята ў гандлі і грамадскім харчаванні (34,6 %), далей ідуць прамысловасць (23,7), будаўніцтва (17,3), сельская гаспадарка (15,4).

За кошт субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду прадугледжана 80 тысяч рублёў на працяг капрамонту вуліцы Калінінскай у гарпасёлку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *