Вопросы социально-экономического развития области обсудили на семинаре, который прошёл в Новополоцке, Городокском, Шумилинском, Глубокском и Ушачском районах

Общество

Актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці разгледжаны на семінары, што прайшоў 4-5 студзеня на тэрыторыі Наваполацка, Гарадоцкага, Шумілінскага, Глыбоцкага раёнаў. Завяршылася ж мерапрыемства на Ушаччыне, дзе ўдзельнікі, а гэта кіраўніцтва аблвыканкама, старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, а таксама памочнік Прэзідэнта, інспектар па Віцебскай вобласці А.М.Субоцін не толькі наведалі знакавыя аб’екты нашага рэгіёну, але і падвялі вынікі гэтых двух плённых дзён.

На мемарыяльным комплексе “Прарыў” многія ўдзельнікі семінару бывалі не раз. Абсалютна ўсе яны, у тым ліку кіраўніцтва вобласці, унеслі асабісты ўклад у яго рэканструкцыю падчас рэспубліканскага суботніка, удзельнічалі ў адкрыцці абноўленага мемарыяла. У праведзеную на “Прарыве” рэканструкцыю былі ўкладзены немалыя бюджэтныя і спонсарскія сродкі. І, як адзначыў на ўрачыстым мітынгу старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М.М.Шарснёў, інакш быць не магло. “Так, у нас ёсць пэўныя цяжкасці ў эканоміцы, не на ўсё хапае фінансавання, але гэтым трэба займацца, – сказаў ён. – Там, дзе пахаваны сотні і тысячы людзей, не навесці парадак? Тады грош нам цана! Ва Ушачах мы зрабілі ўсё, што патрэбна. Пытанні застаюцца па іншых рэгіёнах. Возьмем, да прыкладу, Расоны. Няўжо пакінем без увагі мясцовасць, дзе працаваў Пётр Міронавіч Машэраў, дзе пахавана яго маці?! Ці мемарыял “Рыленкі” Дубровенскага раёна на мяжы з Расіяй, дзе штогод на 9 Мая збіраюцца тысячы людзей… Яго стан пакідае жадаць лепшага. Так, усё магчымае раён робіць – падфарбоўвае, умацоўвае, але гэтага недастаткова! Бо па такіх аб’ектах, як, зрэшты, і па “Прарыве”, судзяць пра вобласць і краіну ў цэлым. Магу запэўніць: знойдзем магчымасць усё аднавіць! Бо гэта – наш гонар, наша гісторыя, а за гэтым – нашы дзеці і ўнукі”.

“Прарыў”, сапраўды, стаў адным з самых значных мемарыялаў у рэспубліцы, агульным храмам памяці, аб’ектам кансалідацыі Віцебскай вобласці. Пра гэта казала ў сваім выступленні старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Ад імя нашых землякоў яна падзякавала актыву паўночнага рэгіёну за значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, патрыятычных традыцый і вырашэнне сацыяльна важных пытанняў на тэрыторыі Ушаччыны.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Вольга Мікалаеўна ўручыла М.М.Шарснёву і старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеву Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў. Гэта было своеасаблівым “дзякуй” усёй вобласці. Як сказаў потым губернатар, гэтая ўзнагарода стала адной з самых знакавых у яго жыцці, паколькі атрымана па-сутнасці ад народа. У знак памяці і павагі да тых, хто адстойваў свабоду роднага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прысутныя ўсклалі да пліт мемарыяла вянок і кветкі.

Наступным пунктам у маршруце ўдзельнікаў семінару стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”. Нагадаем: увасабленне ў жыццё гэтага знакавага для вобласці і краіны праекта стала магчымым дзякуючы нашаму дэпутату, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанку і кіраўніцтву Віцебскай вобласці. Усе, хто трапіў сюды ўпершыню, былі ўражаны памерамі і знешнім выглядам будынка, парадкам і чысцінёй, наведзенымі вакол. Яшчэ больш захопленых эмоцый чакала гасцей унутры – падчас экскурсіі па залах для заняткаў рознымі відамі спорту, памяшканнях басейна і ўтульнага кафэ, пакоях інтэрната. “Комплекс павінен стаць прыцягальным месцам не толькі для жыхароў Ушач, але і для ўсяго рэгіёну, – адзначыў У.У.Цярэнцьеў. – Па сваёй функцыянальнай значнасці і абсталяванні – гэта ўнікальны аб’ект. І галоўная задача мясцовага кіраўніцтва – запоўніць яго па максімуме. Дарэчы, у гэтым рэальную дапамогу Ушачам могуць аказаць суседзі. Галоўнае – не сядзець на месцы, актыўна рэкламаваць свае паслугі, шукаць магчымыя варыянты супрацоўніцтва з рэгіёнамі”. Зрэшты, пэўныя крокі ў гэтым накірунку робяцца. Так, напрыклад, гандбольная каманда “Віцябчанка” месцам правядзення сваіх хатніх гульняў абрала менавіта наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс, а зборная Рэспублікі Беларусь па дзюдо наладзіла тут вучэбна-трэніровачны збор.

Уладзімір Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу ўдзель­нікаў семінару на прыняцці ўзважаных рашэнняў пры будаўніцтве падобных сацыяльных аб’ектаў. У якасці прыкладу, калі былі непрадумана растрачаны бюджэтныя сродкі, ён прывёў Шаркаўшчыну. Не так даўно там з’явілася бальніца з асобным радзільным аддзяленнем, якое забяспечылі новым абсталяваннем, кадрамі. Тым не менш, парадзіхі па-ранейшаму ездзяць у Наваполацк. “Узнікае пытанне: ці варта будаваць падобнае аддзяленне ў Міёрах? Можа, правільней укласці грошы ў той жа Наваполацк, дзе ёсць і высакакласныя спецыялісты, і выдатнае абсталяванне, зрабіўшы ўстанову міжрэгіянальнай?! – адзначыў У.У.Цярэнцьеў. – Гэта дазволіць пераразмеркаваць зэканомленыя бюджэтныя сродкі на не менш важнае. Усюды трацяцца значныя сумы на барацьбу з анкалогіяй – чаму б не зрабіць адзіны цэнтр, але такі, каб ён быў максімальна якасным, лідарам у рэспубліцы?! Цяпер мы працуем у Оршы над бальніцай імя Сямашкі – і яна павінна стаць цэнтрам не толькі для аршанцаў, але і для дубровенцаў, талачынцаў, сенненцаў. Але там павінна быць лепшае!”

Падводзячы вынікі семінару, М.М.Шарснёў заклікаў яго ўдзельнікаў актыўна працаваць над развіццём сацыяльнай сферы рэгіёнаў, але пры гэтым рупліва выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі. Ён таксама выказаў надзею, што падобныя мерапрыемствы стануць на Віцебшчыне традыцыйнымі. І калі старт быў дадзены ў заходніх раёнах, то ў наступны раз семінар будзе праведзены на ўсходзе: у Дуброўне, Оршы, Лёзне, Талачыне. “Наша галоўная задача – падштурхнуць вас да новых значных спраў, – адзначыў губернатар. – Бо па-сапраўднаму моцным і паважаным з’яўляецца той кіраўнік, які ва ўсіх напрамках здолее зрабіць так, каб людзі сказалі яму дзякуй”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *