Для таго, каб моладзь замацоўвалася ў сельскай мясцовасці і плённа там працавала, трэба праводзіць з ёй больш цікавых мерапрыемстваў. У гэтым упэўнены актывісты райкама БРСМ, якія традыцыйна шукаюць новыя метады работы з юнакамі і дзяўчатамі ва ўзросце да 31 года. Вось і напярэдадні Новага года, Калядаў прадстаўнікі названага грамадскага аб’яднання пайшлі, як кажуць, у людзі: завіталі ў аграгарадкі Вялікія Дольцы, Глыбачка, Ільюшына, дзе арганізавалі святочныя вечарыны, на якія запрасілі працуючую моладзь з усіх бліжэйшых населеных пунктаў. Трэба сказаць, гэта прыйшлося даспадобы многім. “Насычаная танцавальна-забаўляльная праграма з вясёлымі конкурсамі, бяспройгрышнай латарэяй дазволіла нам развеяцца, цікава правесці час, – не маглі нарадавацца прысутныя. – А яшчэ такія сустрэчы – цудоўная магчымасць раззнаёміцца, пасябраваць”. Прыемным дапаўненнем да святочнага дзейства стаў салодкі стол – сродкі на яго арганізацыю выдзеліла раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.