На протяжении последних 5 лет успешно справляется с обязанностями председателя Великодолецкого сельисполкома Олег Сыс

Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

У Вялікадолецкі сельсавет уваходзіць 35 населеных пунктаў, у якіх пражывае звыш 1200 чалавек. Большасць сканцэнтравана ў Вялікіх Дольцах, Касарах, Казімірове, Царкавішчы і Замошшы. Астатнія вёсачкі невялікія, раскіданыя ўздоўж аўтадарог, сярод буйных лясных масіваў і па берагах маляўнічых азёр. Кіраваць такой тэрыторыяй, працаваць з жыхарамі пераважна сталага ўзросту па пытаннях задавальнення іх патрэб – справа не з простых. Але на працягу апошніх пяці гадоў Алег Леанідавіч Сыс з ёй паспяхова спраўляецца.

Ураджэнец Пуцілкавіч, дзе і зараз працягвае даглядаць бацькоўскі дом, сваю прафесійную дзейнасць пачаў у Маладолецкай школе настаўнікам фізікі і матэматыкі. Пасля закрыцця ўстановы вучыў дзяцей у Касарах, а апошнія 10 гадоў жыве ў Вялікіх Дольцах – дзякуючы гэтым акалічнасцям тэрыторыю свайго роднага сельсавета, як і многіх людзей, ведае выдатна.

– Пачынаць штосьці новае для мяне заўсёды было хвалююча, а заступаць на пасаду старшыні сельвыканкама – тым больш, – прызнаецца Алег Леанідавіч. – Не саромеўся звяртацца за парадай да сваіх вопытных калег з іншых сельсаветаў, вельмі дапамагла ўцягнуцца ў работу і Ларыса Васільеўна Цвяцінская, якая амаль два дзясяткі гадоў з’яўляецца кіраўніком справамі сельвыканкама.

Аб тым, што мужчына справіўся з давераным яму ўчасткам работы, сведчыць і вялікая колькасць узнагарод, што вісяць на сцяне ў яго кабінеце. Падзякі за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі, двойчы за апошнія гады сельсавет станавіўся лепшым у раёне па добраўпарадкаванні, а па выніках мінулага года занесены і на раённую Дошку гонару. Падставай для высокай адзнакі сталі ў тым ліку і выкананне даходнай часткі бюджэту, эканомнае расходаванне сродкаў, граматная і планамерная работа са зваротамі грамадзян.

Алег Леанідавіч сціпла зазначае, што ў гэтых дасягненнях не толькі яго заслуга, а і калектыву сельвыканкама, арганізацый, жыхароў. Лічыць, што далёка не ўсе яшчэ пытанні вырашаны, сярод самых набалелых у цяперашні час вылучае дарожныя і асвятлення населеных пунктаў. Менавіта на гэтыя мэты пайшлі сродкі, заробленыя ў 2017-м падчас правядзення трох аўкцыёнаў замест запланаванага аднаго: былі прададзены ўчасткі ў маляўнічых месцах у Мірным і Ветчы.

На падсыпку дарог, набыццё астранамічнага рэле часу для вулічнага асвятлення, абкос тэрыторый, барацьбу з баршчэўнікам накіроўваліся і сродкі самаабкладання, план па зборы якіх быў нават перавыкананы. Жыхары Мірнага, напрыклад, прасілі старшыню сельвыканкама пасадзейнічаць, каб было дзе прысесці на месцы чакання аўтамагазіна. Пытанне вырашылі: альтанку дапамог зрабіць прамкамбінат, а пасёлак яшчэ больш папрыгажэў. Дарэчы, Мірны адносіцца да ліку самых дагледжаных населеных пунктаў раёна, у мінулым годзе нават прэтэндаваў на званне лепшага па добраўпарадкаванні.

За мінулы год на тэрыторыі сельсавета праведзена больш 10 суботнікаў. У гэтым і іншых пытаннях неацэнную дапамогу Алегу Леанідавічу аказваюць старэйшыны населеных пунктаў, якія арганізуюць уборку звалак, ачыстку могілак, абкошванне тэрыторый ад пустазелля, садзейнічаюць у пошуку ўладальнікаў пустуючых дамоў. Сярод самых актыўных сваіх памагатых старшыня сельвыканкама называе А.А.Буку (Царкавішча), В.І.Шышову (Казімірова і Новае Жыццё), А.Д.Гузёнка (Мірны).

Трэба таксама падкрэсліць, што ў вырашэнні пытанняў грамадзян А.Л.Сыс знаходзіць падтрымку ў кіраўнікоў мясцовых арганізацый – яскравым прыкладам таму з’яўляецца плённае супрацоўніцтва з дырэктарам КУСГП “Вялікадолецкае” Іванам Піліпавічам Дарошчанкам.

Многае за апошнія гады зроблена ў цэнтры сельсавета – Вялікіх Дольцах. І ў прыгажосці таксама вялікая заслуга работнікаў сельвыканкама, якія паказваюць прыклад у добраўпарадкаванні: першымі выходзяць на пасадку дрэў і кветак, уборку звалак і брацкіх могілак. Усяго на тэрыторыі сельсавета маецца 13 месцаў воінскай славы – усе яны ўтрымліваюцца ў належным стане, дзякуючы пастаяннаму догляду замацаваных арганізацый. Можна сказаць, што гэта справа гонару і для старшыні сельвыканкама, і для жыхароў Далеччыны, якая мае слаўную і гераічную гісторыю.

А.Л.Сыс вядзе вялікую тлумачальную работу наконт таго, што не варта перакладаць на плечы ўлады справы, якія вяскоўцы могуць і павінны рабіць сваімі сіламі. Часта і сам бярэцца за сякеру ці касу, бо не баіцца ніякай работы: “Нас у сям’і было чацвёра і мае бацькі – простыя вясковыя людзі – з дзяцінства прывучалі нас да працы”.

Алег Леанідавіч стараецца як мага часцей быць у вёсках, ахвяруючы на гэта выхадныя. Але пры ўсёй занятасці ўмудраецца знайсці час і на спорт – са студэнцкіх гадоў захапляецца гірамі, ужо не раз выступаў у складзе каманды Ушацкага раёна на абласной спартакіядзе работнікаў дзяржкіравання, закрываючы сілавыя віды. На апошнім спаборніцтве ўдзельнічаў у жыме штангі лежачы – узняўшы 120 кілаграмаў, стаў сёмым сярод 25 канкурэнтаў. “Да рэкордаў губернатара пакуль не дацягваю, але кожную раніцу пачынаю з падымання гіры, планую наведваць і трэнажорную залу, якая зусім нядаўна з’явілася ў Вялікадолецкай школе. Раней і лёгкай атлетыкай займаўся, захапляюся лыжамі. Шкада, што сёлета для гэтага пакуль зіма неспрыяльная”, –  гаворыць Алег Леанідавіч.

Ёсць у мужчыны і яшчэ адзін талент – ён выдатна іграе на гітары, праўда, на гэты занятак радзей хапае часу. Ва ўсіх пачынаннях яго падтрымліваюць родныя людзі – жонка Наталля Станіславаўна і дачка Карына.

Калісьці ён марыў стаць ваенным, але лёс павёў па іншым шляху, аб якім Алег Леанідавіч зусім не шкадуе. Рады, што жыве на зямлі бацькоў, імкнецца дапамагаць сваім землякам, а ў яго яшчэ шмат планаў па вырашэнні пытанняў вяскоўцаў і падтрыманні статусу лепшага сельсавета.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *