Победители олимпиад Павел Гардиёнок и Леонид Давыдов получили премию специального фонда Президента Республики Беларусь по поддержке одарённых учащихся и студентов

Ими гордятся Наши дети

Таленавітай і адоранай моладзі ў нашай краіне надаецца асаблівая ўвага, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні. У апошнія дні надыходзячага года прыемны падарунак чакаў ушацкіх пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд – прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымалі Павел Гардзіёнак і Леанід Давыдаў, якія ў мінулым годзе заваявалі дыпломы трэцяй ступені на алімпіядах па нямецкай мове і хіміі адпаведна. Ва ўрачыстай абстаноўцы іх разам з пажаданнямі далейшых поспехаў уручыў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Словы ўдзячнасці за годнае выхаванне сыноў прагучалі і ў адрас бацькоў, якія таксама прысутнічалі на цырымоніі ўзнагароджання, адзначаны і ўклад педагогаў.

Адзінаццацікласнік Ушацкай школы Л.Давыдаў атрымаў прэмію асабіста, а вось П.Гардзіёнак, які з’яўляецца першакурснікам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, у гэты дзень прысутнічаць не змог – здае першую сесію. Сустрэцца з ім удалося напярэдадні, калі сем’і пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд наведалі прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Прычым мэтай мерапрыемства ставілася віншаванне менавіта сямей, бо матулі алімпіяднікаў Людміла Васільеўна Давыдава і Таццяна Іванаўна Гардзіёнак, якія плённа працуюць на педагагічнай ніве раёна, з’яўляюцца актывісткамі грамадскага аб’яднання. Таму без падарункаў ад Дзеда Мароза і Снягуркі не засталіся і іх меншыя дзеці – пяцікласніца Паліна Давыдава і другакласнік Арсеній Гардзіёнак ганарацца старэйшымі братамі, таксама добра вучацца, плануюць і ў далейшым радаваць бацькоў сваімі поспехамі.

Трэба адзначыць, што да акцыі “Новы год з “Белай Руссю” раённая арганізацыя прымеркавала паездку дзяцей сваіх актывістаў на навагоднюю ёлку ў Віцебск. Мерапрыемства ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ім.Якуба Коласа запомніцца ім чароўнай атмасферай і яркімі эмоцыямі ад музычнай казкі і падарункаў абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *