Семья Ильюшевич — добрые и искренние люди с улицы Криничной

Общество

Не так даўно ў Сарочыне з’явілася новая вуліца, адметная не толькі прыгожай назвай – Крынічная, а і тым, што на ёй усяго адзін дом, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі – сям’я Ільюшэвічаў.

Маладое лясніцтва – маладому ляснічаму

У 2001 годзе ў структуры лясгаса ўтварылася новае Сарочынскае лясніцтва. Узначаліць яго даверылі маладому работніку Сяргею Ільюшэвічу, які ўсяго за пару гадоў працы ў Касарах і Глыбачцы станоўча зарэкамендаваў сябе. Бацькі хлопца сваю прафесійную дзейнасць прысвяцілі сельскай гаспадарцы, ён жа звязаў лёс з лесам – у тыя часы Ушацкі лясгас быў моцным прадпрыемствам і працаваць тут марылі многія.

Няпроста было пачынаць з нуля: сабраць годны калектыў, згуртаваць яго, наладзіць работу. Дапамагалі як атрыманыя веды ў Полацкім лясным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, так і парады вопытных калег, навыкі, напрацаваныя ў Глыбачанскім лясніцтве.

Сяргей Міхайлавіч заўсёды надзвычай адказна ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў: “Дадому не пайду, пакуль апошні мой работнік з аб’екта не вернецца. Працоўны дзень планую загадзя, каб праходзіў эфектыўна. Абавязкова сам выязджаю на лесасекі, каб пракантраляваць ці выбраць новыя плошчы”.

На тэрыторыі Сарочынскага лясніцтва знаходзіцца 63 населеныя пункты, у той час як, напрыклад, у Касарскім – усяго 10. Але ў той жа час лясістасць тэрыторыі невялікая, адпаведна і аб’ёмы лесанарыхтовак меншыя, чым у іншых. Значная колькасць плошчаў – гэта землі былых калгасаў і саўгасаў, на якіх разбівалі новыя лесапасадкі і ажыццяўляюць догляд за імі.

Эталонны аб’ект і кузня кадраў

Сяргей Міхайлавіч справядліва называе свае ўладанні варотамі лясгаса і ўсяго раёна. Менавіта па тэрыторыі Сарочынскага лясніцтва праходзіць самая бойкая шаша Ушаччыны Мінск- Полацк-мяжа Расійскай Федэрацыі, штодня перамяшчаецца шмат жыхароў Беларусі і іншых краін. Каб у іх склалася станоўчае ўражанне аб нашым краі, работнікі лесу пастаянна падтрымліваюць у ім парадак уздоўж дарог. Не раз прымалі гасцей раёна, кіраўніцтва галіны непасрэдна на базе лясніцтва – і ні разу не прыходзілася чырванець. Аб’ект сапраўды эталонны: Сарочынскае лясніцтва неаднойчы станавілася лепшым у лясгасе і пераможцам раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Нельга не спыніць позірк на дэндрапарку, клумбах і альпійскіх горках, дзе кветкі і рэдкія дрэвы радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Трымаць марку па ўсіх напрамках дзейнасці падштурхоўвае і ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2009”. Нагадаем, што Сяргей Міхайлавіч стаў першым ушачанінам, які быў яго ўдастоены!

За непрацяглую гісторыю лясніцтва ўжо нямала маладых спецыялістаў пачыналі тут свой працоўны шлях. І ўсе прыгадваюць С.Ільюшэвіча, як справядлівага і годнага кіраўніка. Станоўчыя водгукі пра мужчыну можна пачуць і ад жыхароў Сарочынскага сельсавета. Як да дэпутата сельскага Савета, да яго нярэдка звяртаюцца грамадзяне – часцей, зразумела, з пытаннямі наконт нарыхтоўкі дроў. І кожнае ён не пакідае без увагі.

Аб’ядноўваюць і рабочыя справы

Яшчэ ў пачатку работы ў Сарочыне Сяргей Міхайлавіч падчас чарговага аб’езду падвёз маладую дзяўчыну і з таго часу не расстаецца са сваёй другой палавінкай Людмілай, якая родам з Плігавак. Пасля першага карпаратыву, куды Сяргей Міхайлавіч адправіўся са сваёй абранніцай, калегі казалі: “Якая ў цябе цудоўная нявеста!”, а Людміла: “Які выдатны ў цябе калектыў!”. Праз год пасля знаёмства маладыя ажаніліся, а датай заключэння шлюбу выбралі Дзень Канстытуцыі – 15 сакавіка. Людміла, скончыўшы Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, а пазней і Горацкую акадэмію, сваю пра­цоўную дзейнасць пачынала бухгалтарам у “Арэхаўне”, пазней была намеснікам галоўнага бухгалтара на ПУП “Сарочына”. Калі ж комплекс спыніў сваю дзейнасць, плячо падставіў калектыў мужа, дзе мелася вакансія бухгалтара. “Калі многія сямейныя пары прынцыпова не жадаюць працаваць побач, то мы, наадварот, узрадаваліся, што звязваць нас будуць не толькі сямейныя справы, а і рабочыя”, – зазначае Людміла Дзмітрыеўна. “Яна не толькі бухгалтар, а і юрыст, кадравік, мой надзейны дарадца і памочнік”, – дадае Сяргей Міхайлавіч. Нягледзячы на сельскагаспадарчы профіль сваёй спецыяльнасці, прафесійным святам Людміла ўсё ж лічыць дзень работнікаў лесу.

Шчасце – жыць у сваім доме

Доўгі час сям’я жыла ў службовым жыллі, але марылі, канечне, аб уласным. Калі многім маладым сем’ям дапамагалі бацькі, то Ільюшэвічы разлічвалі толькі на свае сілы. Таму вельмі дарэчы прыйшлася падтрымка з боку дзяржавы ў выглядзе крэдыту на будаўніцтва жылля на 40 гадоў. Жыць хацелі менавіта ў Сарочыне і выбралі ўчастак непадалёк ад галоўнага скрыжавання вёскі, паводдаль ад дарогі. Сяргею Міхайлавічу давялося асвоіць яшчэ і прафесію будаўніка, бо многае рабіў сам, а ў 2010-м шчаслівыя Ільюшэвічы справілі наваселле – у светлым і прасторным жыллі ўжо было дзе развярнуцца гаспадарам і разгуляцца сынам Уладу і Жэню.

– Калі дом уводзіўся ў эксплуатацыю, старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка сказала, што вуліцы трэба даць назву, бо з’явілася яна лічы ў чыстым полі. Пытанне было вынесена на сямейны кансіліум. Паколькі ў вёсцы ўжо была вуліца Лясная, то аднагалосна вырашылі назваць яе Крынічнай. І гэта зусім невыпадкова: непадалёк ад нашага дома знаходзяцца чатыры крыніцы, пра якія нават ходзяць розныя цікавыя легенды, – расказвае Сяргей Міхайлавіч.

Той, хто жыве ў прыватным доме, ведае, што работы ў ім хапае заўсёды. Ільюшэвічы імкнуцца добраўпарадкоўваць свае ўладанні як унутры, так і звонку, абзавяліся прысядзібным участкам, надворнымі пабудовамі і падсобнай гаспадаркай – трымаюць карову і птушку.

А яшчэ ўся сям’я – прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Вельмі ўзрадаваліся яны адкрыццю ва Ушачах фізкультурна-аздараўленчага комплексу і паказваюць прыклад, што і сельскія жыхары пры жаданні могуць карыстацца яго паслугамі. Пяць разоў на тыдні Уладзіслаў і Яўген – вучні Арэхаўскай школы – прыязджаюць на комплекс займацца спортам. Пяцікласнік Жэня ўжо робіць дастойныя поспехі ў дзюдо: на турніры памяці С.Шэдзько, які праходзіў у дзень адкрыцця “Юнацтва-Ушачы”, хлопчык у сваёй узроставай катэгорыі заняў трэцяе месца. Таксама ў скарбонцы яго дасягненняў перамога і другое месца, прывезеныя са спаборніцтваў, што праходзілі ў Смаргоні і Віцебску. Футболам і таксама дзюдо захапляецца старэйшы Улад. Такія заняткі бацькі вітаюць, а калі выдаецца вольны час – разам з сынамі з задавальненнем наведваюць басейн.

Ну а гэтымі днямі сям’я рыхтавалася да Новага года: па традыцыі тут ставяць жывую ёлку, каб яна напоўніла дом сваім водарам, гатуюць любімыя стравы. А пад бой курантаў у цёплай атмасферы абавязкова загадаюць жаданні, каб надыходзячы год стаў больш паспяховым і прынёс новыя шчаслівыя моманты і дасягненні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *