Падыходзіць да заканчэння тэрмін працы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. 18 лютага наступнага года выбаршчыкі вызначацца з новымі абраннікамі ў сельскія, раённыя Саветы і на абласным узроўні. На ім інтарэсы нашага раёна ў апошнія гады прадстаўляў Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі №35, якая уключае тэрыторыю нашага раёна і Бярэзінскага сельсавета суседняга Докшыцкага. Трэба адзначыць, што Сяргей Аляксандравіч часта наведвае сваю акругу як па вытворчых пытаннях, так і ў ходзе дэпутацкай дзейнасці. Вось і на мінулым тыдні ён прыняў удзел у рабоце чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў. А мы скарысталіся магчымасцю задаць яму некалькі пытанняў. І атрымалася своеасаблівая справаздача, у якой С.А.Даніловіч расказаў аб выніках свайго дэпутацтва.
– Сяргей Аляксандравіч, абранне ў абласны Савет дэпутатаў дало Вам нагоду пастаянна бываць на Ушаччыне, быць у курсе спраў і праблем рэгіёна…
– Сапраўды, за гэты час Ушацкі раён стаў для мяне практычна родным: прыязджаю сюды заўсёды з прыемным пачуццём, з жаданнем прынесці карысць працавітым і шчырым людзям, што жывуць на гэтай зямлі. Прымаю ўдзел у сесіях і пасяджэннях прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, пасяджэннях райвыканкама, праводжу прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах. Прыемна, што з кіраўнікамі і работнікамі многіх прадпрыемстваў і арганізацый за гэты час наладзіліся добрыя стасункі: гэта дапамагае рабіць дэпутацкую дзейнасць больш плённай. Што датычыцца канкрэтных накірункаў, то ва ўзаемадзеянні з раённымі ўладамі давялося вырашыць шэраг пытанняў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна, азеляненні тэрыторый, вырабе рэкламных матэрыялаў па продажы зямельных участкаў з аўкцыёнаў, што дазваляе прыцягваць дадатковыя сродкі ў раённы бюджэт.
– Паколькі з’яўляецеся генеральным дырэктарам Віцебскага ДВЛГА, натуральна, што не абыходзіце ўвагай праблемы Ушацкага лясгаса – прадпрыемства з вялікім патэнцыялам і слаўнымі традыцыямі, якое зараз перажывае няпростыя часы…
– Безумоўна, справы калег мяне жыва цікавяць і я раблю ўсё магчымае, каб падтрымаць арганізацыю. Вядома ж, гэта не значыць, што лабірую інтарэсы ўшачан ва ўрон іншым лясгасам вобласці, аднак выкарыстоўваю кожную крыніцу, каб дапамагчы прадпрыемству выйсці са складанай эканамічнай сітуацыі. Прыемна, што ў 2017 годзе мы здолелі аказаць ушачанам фінансавую дапамогу: так, са сродкаў інвестыцыйнага фонду выдзелена 178,1 тысяча рублёў на набыццё дзвюх пагрузачна-транспартных машын, якія папоўнілі парк Касарскога і Плінскага лясніцтваў, пагашаны лізінгавыя плацяжы за набытую раней тэхніку ў памеры 245 тысяч рублёў. УП “Беллесэкспарт”, Віцебскае ДВЛГА і лясгасы вобласці аказалі ўшацкім калегам спонсарскую дапамогу на агульную суму 174 тысячы рублёў, прадпрыемства атрымала 101 тысячу рублёў дадатковага бюджэтнага фінансавання. Пры гэты мы імкнёмся, каб цяперашняя дапамога была пэўным укладам у будучыя заробкі: так, зараз у лясгасе вядуцца работы па развіцці вытворчасці – набыта і ўстанаўліваецца сучаснае адмысловае абсталяванне. Таксама з Вілейскага і Копыльскага доследных лясгасаў ушацкім калегам бязвыплатна перададзены брусуючы і мнагапільны станкі. Такім чынам, агульная сума сёлетняй дапамогі Ушацкаму лясгасу склала каля 700 тысяч рублёў – для параўнання, гэта больш, чым трохмесячная выручка самога прадпрыемства. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэта будзе падмогай для стабілізацыі яго эканамічнага становішча.
– Ушачане ведаюць Вас па шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах, многія з якіх – плён Вашай асабістай ініцыятывы.
– Лічу, што прадстаўнікі дэпутацкага корпусу прызваны не толькі вырашаць агульныя пытанні, а і абавязкова павінны аказваць адрасную падтрымку людзям, якія па волі лёсу абдзелены матэрыяльнымі дабротамі. Упэўніваюся ў гэтым, калі, напрыклад, прыязджаю ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вяркудах і бачу, што тутэйшыя жыхары з задавальненнем бавяць час ля экрана набытага для іх сучаснага тэлевізара, што юныя футбалісты Арэхаўскай школы выходзяць на поле ў падоранай ім спартыўнай форме. Вядома ж, і ў гэты візіт на Ушаччыну мы прынялі ўдзел у дабрачынных навагодніх і калядных мерапрыемствах.
– Вы не толькі арганізуеце людзей на годныя справы, але і натхняеце іх уласным прыкладам. У прыватнасці, адным з першых унеслі грошы на дабрачынны рахунак па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, прымалі актыўны ўдзел у суботніках па добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяла. У далейшым Вашу ініцыятыву падтрымаў і калектыў Ушацкага лясгаса, які выканаў вялікі аб’ём работ на гэтым значным для ўсёй вобласці аб’екце…
– Як дэпутат і як патрыёт сваёй Радзімы, проста не мог быць у баку ад такой патрэбнай справы. Лічу, што падобныя ваенныя помнікі абавязкова трэба захоўваць для нашчадкаў, бо гэта не толькі наша слаўная гісторыя, а і магутны рэсурс у плане патрыятычнага выхавання новых пакаленняў беларусаў.
– Дарэчы, работа з моладдзю таксама ў Вас пад увагай. Лічыце гэты напрамак важным у дзейнасці дэпутата?
– А як жа інакш! Мне, у прыватнасці, было вельмі прыемна прыняць удзел у сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў з актывам Маладзёжнай палаты, у маладзёжным форуме “Выбірай.by”. Як ні банальна гэта гучыць, але будучае нашай краіны залежыць менавіта ад гэтых юнакоў і дзяўчат, ад іх светапогляду, гатоўнасці і ўмення аддаваць свае сілы дзеля роднай Беларусі. А наша задача – правільна накіраваць іх па гэтым шляху.
Увогуле лічу, што дэпутатам па сілах рабіць канкрэтныя справы для паляпшэння жыцця людзей і далейшага развіцця нашага грамадства – у гэтым найперш і бачу сэнс сваёй дзейнасці на адказнай пасадзе народнага абранніка.
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.