Сёлета на тэрыторыі Ушацкага раёна зарэгістравана 5 дарожна-транспартных здарэнняў з пацярпелымі – 3 чалавекі загінулі, 12 атрымалі траўмы. Адна аварыя адбылася па віне нецвярозага вадзіцеля і каштавала яму жыцця. Такія даныя прывёў начальнік упраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Дзядзічкін падчас правядзення адзінага дня інфармавання ў калектыве УП ЖКГ Ушацкага раёна.
Сярод найбольш частых прычын дарожна-транспартных здарэнняў – перавышэнне хуткаснага рэжыму, кіраванне транспартам у нецвярозым стане, няправільны праезд скрыжаванняў, парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі, асабліва калі пераходзяць дарогу ў неналежным месцы або не абазначаюць сябе флікерамі ў цёмны час сутак.
М.А.Дзядзічкін падкрэсліў, што нягледзячы на суровае пакаранне, колькасць п’яных вадзіцеляў на дарогах Віцебшчыны не змяншаецца – толькі ва Ушацкім раёне сёлета такіх затрымана 46. Паўторна на працягу года “адзначыліся” тры аўтамабілісты, якіх не спыняе нават магчымая канфіскацыя транспартнага сродку. Між тым, колькасць загінуўшых і параненых у аварыях, здзейсненых па віне нецвярозых вадзіцеляў, удвая вышэйшая ў параўнанні з іншымі выпадкамі. Міхаіл Аляксандравіч адзначыў, што жыхары паўночнага рэгіёна разумеюць гэта, таму ўсё часцей паведамляюць на нумар 102 пра грамадзян, якія п’янымі садзяцца за руль.
Прафілактыка дзіцячага дарожнага траўматызму – адна з галоўных задач Дзяржаўтаінспекцыі, вялікую ролю ў захаванні жыцця юных жыхароў Віцебшчыны адыграла прыняцце рашэння ўстаноўкі ў транспартных сродках спецыяльных дзіцячых крэслаў, іншых прыстасаванняў. Аднак аварыі з удзелам непаўналетніх, на жаль, здараюцца. Так, сёлета ў рэспубліцы іх зафіксавана больш за 220, загінула 14 дзяцей.
На працягу года супрацоўнікі ДАІ Віцебшчыны некалькі разоў прымянялі табельную зброю для спынення аўто, вадзіцелі якіх спрабавалі ўцячы. Сярод іх – п’яныя і грамадзяне, якія не маюць вадзіцельскіх правоў або пазбаўлены іх. Яны ствараюць сур’ёзную небяспеку на дарогах. У вобласці прымяняецца эфектыўная мера пакарання “бяспраўнікаў” – іх транспартныя сродкі змяшчаюцца на штрафстаянку. “Удзельнікі дарожнага руху павінны ведаць: непадпарадкаванне законным патрабаванням праваахоўнікаў, пакіданне месца ДТЗ або неаказанне дапамогі пацярпеламу – крымінальныя злачынствы”, – падкрэсліў Міхаіл Аляксандравіч.
* * *
Абмеркаваны на сустрэчы і злабадзённыя пытанні работнікаў жыллёва -камунальнай гаспадаркі, тым больш, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі адной са службаў, якая непасрэдна адказвае за стварэнне на дарогах раёна бяспечных умоў.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.