На гэтым тыдні нябесная канцылярыя, нібы зірнуўшы нарэшце на каляндар, прыцерушыла нашы мясціны доўгачаканым сняжком і злёгку падрумяніла шчокі ўшачан лагодным марозцам. У чацвер жа на цэнтральнай плошчы гарпасёлка ўтварыўся сапраўдны эпіцэнтр сцюжы – тут адначасова сабраліся некалькі дзясяткаў Дзядоў Марозаў і Снягурак. Такім чынам на раённым фэсце адкрыцця ёлкі быў дадзены сімвалічны старт навагоднім святам.
Гэтыя чароўныя дні чакаюць і малышы, і дарослыя, бо Новы год – гэта казка, спаўненне жаданняў, надзея на светлыя падзеі ў жыцці. І нядзіўна, што на плошчы ў гэты вечар сабралася нямала ўшачан, павіншаваць якіх з надыходзячымі зімовымі святамі прыйшлі прадстаўнікі раённай улады. Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка цёплымі словамі прывітаў землякоў, падзякаваў ім за працавітасць, шчырасць і цярплівасць, пажадаў здароўя, дабрабыту і новых здзяйсненняў у надыходзячым годзе.
Эстафету віншаванняў падхапілі творчыя каманды ўшацкіх прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх кампанію Дзеду Марозу і Снягурцы склалі казачныя героі, а таксама “фірменныя” персанажы: па задумцы арганізатараў, кароткія візітоўкі працоўных калектываў павінны былі ілюстраваць сферу іх дзейнасці. Як заўсёды крэатыўным і яскравым было выступленне каманды УП ЖКГ, якая, з гумарам пераклаўшы вядомы савецкі шлягер, спела пра нястомную працу камунальнікаў – “И кочегары мы, и плотники… Мы – ЖКХ-шные работники!..” Маленькім жа гледачам вельмі спадабалася віншаванне “Белаграпрамбанка”, бо падчас яго Дзед Мароз, Снягурка, у якую, дарэчы, пераўвасобілася кіраўнік ушацкага разлікова-касавага цэнтра Ірына Барысаўна Бурак, а таксама абаяльны Агрык частавалі іх цукеркамі. Дарослым жа гледачам банкіры пажадалі ў новым годзе “быць з тоўстым кашальком”. А вось бібліятэчныя работнікі параілі ўшачанам назапашваць інтэлектуальны багаж, пры гэтым вылучыліся адмысловымі касцюмамі і змястоўным нумарам. Выступленні ўсіх трох ушацкіх садкоў радасна сустракалі малышы, якія пад казачнымі касцюмамі беспамылкова пазнавалі сваіх любімых выхавальнікаў. Ну а Ушацкая школа на чале са сваім Дзедам Марозам, ролю якога нязменна выконвае дырэктар Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, уключыла ў творчую каманду і сімвал надыходзячага года – абаяльнага пухнатага сабачку. Весялілі ўшачан таксама навагоднія персанажы з райспажыўтаварыства і лясгаса, ТЦСАН і цэнтра дзяцей і моладзі, райбольніцы і санаторыя “Лясныя азёры”. Ну і, канечне, песнямі і танцамі аздаблялі гэты святочны вечар культработнікі і самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Было ў праграме сёлетняга свята і новаўвядзенне: на плошчы разгарнуўся навагодні кірмаш – ушачане змаглі сагрэцца цёплай гарбатай і перакусіць, набыць сувеніры і ёлачныя ўпрыгожванні, падарункі ў выглядзе прадукцыі прамкамбіната і прадукты да святочнага стала.
Ну а кульмінацыяй дзейства стаў момант, калі галоўная ёлка раёна заззяла каляровымі агеньчыкамі. Як і ў мінулыя гады, райцэнтр упрыгожыла яркая ілюмінацыя, якая будзе ўзнімаць настрой ушачанам і гасцям пасёлка на працягу некалькіх святочных тыдняў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.