Як сёння працуецца моладзі на вёсцы? Ці не мараць толькі пра адно – як бы з’ехаць назад у горад? На сёння не будзем імкнуцца даць адказы на гэтыя вялікія пытанні, тым больш што ніхто не можа прадказваць… Чалавек, як кажуць, мяркуе, а лёс размяркоўвае. Мабыць і не думаюць назаўсёды звязваць сваю біяграфію з Вяркудамі палачанка Вольга Марчанка ці аршанка Марыя Сілейманава, а сустрэнуць каханне, створаць сям’ю ды і застануцца на Ушаччыне. Усё можа быць. Я зараз не пра лёсы канкрэтных асоб. А пра тое, як многа сёння ў сельгасарганізацыях моладзі. І як радасна ад гэтага.
У КУСГП “Дубраўка” працуе ажно сем маладых спецыялістаў. Акрамя названых дзяўчат, якія з’яўляюцца юрысконсультам і нарміроўшчыцай, гэта бухгалтар – ушачанін Андрэй Пашко, прараб з Віцебска Алег Залатуха, галоўны заатэхнік – палачанка Ірына Круглікава. Галоўны аграном Віктар Кішчанка, галоўны інжынер Віктар Красноў і інжынер па ахове працы Аляксей Герцык – з нашага раёна і нават з тэрыторыі гаспадаркі, саміх Вяркуд і Дубраўкі. Практычна ўсе яны трапілі ў гаспадарку па размеркаванні. І таму як маладыя спецыялісты маюць шэраг пераваг нават перад моладдзю, якая працуе тут жа, на вёсцы, але не ў сельскай гаспадарцы. Маю на ўвазе нават не выдзяленне жылля, хоць літаральна ўсе ім забяспечаны, а галоўнае, што цікавіць кожнага – зарплату. Яна сёння ў маладых людзей, якія трапілі па размеркаванні, – на ўзроўні галоўных спецыялістаў з вялікім стажам, а то і болей. Згодна пастанове Саўміна ад 8 студзеня 2009 года прадугледжаны цэлы комплекс мерапрыемстваў па замацаванні кадраў на вёсцы. Напрыклад, ім устаноўлена кантрактнае павышэнне акладу на 50 працэнтаў, штомесячна даплачваецца 77 тысяч – тарыфная стаўка першага разраду. Прычым, гэтая велічыня выплачваецца нават не на працягу 2 гадоў, а да 5. Калі спецыялістам гаспадарак за складанасць і напружанасць аклад павышаецца да 30 працэнтаў, то маладым спецыялістам – зноў да 50. Падтрымка атрымалася вельмі адчувальная, і розніцу ў аплаце лепш за іншых адчула тая моладзь, якая працуе ў гаспадарцы не па размеркаванні, а прыехалі, скончыўшы платную форму.
Паколькі маладыя спецыялісты “Дубраўкі” пакуль не маюць уласных сем’яў, не прэтэндавалі на асобныя дамы. Трое хлопцаў, напрыклад, займаюць па пакоі, спакойна ладзяць на агульнай кухні. Вольга не жадала прыходзіць з работы і пачынаць тапіць печкі, таму пайшла ў інтэрнат. Ну а самая гаспадарлівая з маладых спецыялістаў – Ірына, яна і градкі ля дома садзіць, і пра ацяпленне загадзя паклапацілася.
Маладыя людзі на тое і маладыя, каб зараджаць сваёй актыўнасцю. І спецыялісты ўліліся ў жыццё не толькі гаспадаркі, але і вёскі. Вольга ўзначальвае савет прафілактыкі Вяркудскага сельвыканкама, Алег захапляўся валейболам і зараз вядзе спартыўны гурток у школе. Андрэй і Віктар паступаюць у Горацкую сельгасакадэмію, а Марыя і Вольга ўжо вучацца там.
Пазнаёміўшыся з маладымі спецыялістамі КУСГП “Дубраўка”, зрабіла дзве радасныя высновы. Па-першае, у іх памяці не сатруцца гэтыя шчаслівыя гады сумеснай працы ў гаспадарцы. І, галоўнае, моладзь абавязкова будзе прыходзіць у сельгаспрадпрыемствы. Не ўсе застануцца пасля абавязковай адпрацоўкі – прыедуць новыя кадры. З такім падыходам дзяржавы і пры зацікаўленасці кіраўніцтва гаспадарак недахопу ў кадрах хутка зноў не будзе.
В.КАРАЛЕНКА.На здымку:
В.Кішчанка, А.Пашко, А.Залатуха, В.Марчанка.
A факт.
Что именно для вас не раскрыто? Пишите — раскроем.
Спасибо, полностью согласен.