22 декабря свой профессиональный праздник отмечают энергетики

К профессиональному празднику

Замена проваду на лініі высокага напружання, ізаляцыі ў шафе падстанцыі і выкананне электрычных замераў сістэмы засцярогі ад перанапружання – паняцці для неспецыяліста, мякка кажучы, не надта зразумелыя. Таму, не паглыбляючыся ў падрабязнасці іх выканання, адзначу, што гэта і ёсць сапраўдная будзённая работа энергетыкаў: працяглая, дэталёвая і напружаная.

Лінейная брыгада Ушацкага раёна электрычных сетак пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Маковіча трапіла ў наш аб’ектыў, калі перад абедам заканчвалі ўстаноўку новай жалезабетоннай апоры ў вёсцы Ваўчо. Гэта адно з трох структурных падраздзяленняў нашага РЭСа, якія займаюцца эксплуатацыяй і абслугоўваннем размеркавальных сетак 0,4-10 кВ. Планавы рамонт вулічнай электралініі ў прыгаданай вёсцы яны вядуць каля 2 тыдняў, мяняюць старыя драўляныя апоры на новыя даўгавечныя. Зразумела, што ў час работы брыгады для жыхароў населенага пункта наступае “канец свету”, але, па словах С.Маковіча, людзі з разуменнем адносяцца да іх дзейнасці, церпяць часовыя нязручнасці дзеля далейшага камфорту.

Брыгада працавала ва “ўзмоцненым” складзе, бо пра­цэс у пэўнай ступені механізаваны. Паглыбленні пад апоры рыхтаваў машыніст бурыльнай устаноўкі Уладзімір Чобат, ён жа і падымаў жалезабетонныя слупы, апускаў іх на месца. Яшчэ адной адзінкай тэхнікі кіраваў Андрэй Лапёнак – на ГАЗ-66 з аўталюлькай ён дастаўляў электраманцёраў на вышыню для мантажу правадоў і абсталявання.

Трэба сказаць, што работы ім хапала і на зямлі, бо не толькі з пласкагубцамі працуюць члены брыгады – неабходна тую ж апору выраўнаваць, прыкапаць і замацаваць. Таму незалежна ад узросту і стажу ўсім электраманцёрам даводзіцца ў розных сітуацыях арудаваць і ломам, і рыдлёўкай. А на расчыстцы ўчасткаў пад паветранымі лініямі даводзіцца спраўляцца і з бензапілой, мотакосамі. Самыя маладыя па ўзросце ў брыгадзе – электраманцёры Канстанцін Жалейка і Раман Больц працавалі побач з аксакаламі энергасістэмы Васілём Шорацам і Сяргеем Варанько. “Маладым”, але толькі па стажы, з’яўляецца Андрэй Аўласенка, які прыйшоў у раён электрычных сетак пасля выхаду на заслужаны адпачынак з сістэмы МНС. Выслуга ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях за плячыма і ў А.Лапёнка, ды і наогул, як расказалі мне мужчыны, зараз у РЭСе працуе некалькі ветэранаў-выратавальнікаў – “Райаддзел МНС – наша кузня кадраў”, – жартуюць мужчыны падчас перапынку на абед.

Хаця часцей за ўсё ім не да смеху. Лініі электраперадач, якія знаходзяцца на абслугоўванні брыгады, праходзяць і па балоцістай мясцовасці, і па лясах, дзе часцей за ўсё і адбываюцца пашкоджанні з-за падзення дрэў. Дабрацца да гэтых месцаў складана. І не заўсёды выручае ў падобных сітуацыях высокапраходная тэхніка. Часам даводзіцца на значныя адлегласці ісці пешшу, капаць ямы ўручную – а гэта пад два метры ў глыбіню і, магчыма, па калена ў вадзе. Ды і знайсці пашкоджанне – справа не з лёгкіх: маюцца лініі працягласцю не адзін дзясятак кіламетраў, і каб яе абысці, можна патраціць увесь светлавы дзень. Але работнікі брыгады дзякуючы свайму вопыту прыкладна ведаюць, дзе могуць быць няспраўнасці.

Як і іншыя, займаецца брыгада і энергазберагаючымі мерапрыемствамі, накіраванымі на зніжэнне тэхналагічнага расходу электраэнергіі. Супраціўленне лініі, трансфарматара, нагрэў абмотак – выкінутыя грошы, якія ніхто не верне. Самыя ж значныя страты адбываюцца пры выкарыстанні трансфарматараў вялікай магутнасці, да якіх не падключана дастатковая колькасць карыстальнікаў і яны, можна сказаць, працуюць на халастым ходзе – праводзіцца іх замена на менш магутныя. Станоўчы эфект дае і павелічэнне сячэння правадоў на лініях. Гэта значыць – чым таўсцей провад, тым менш яго супраціўленне і менш энергіі траціцца на награванне. Даводзіцца брыгадзе займацца і вулічным асвятленнем, хаця гэта і не зусім іх профіль дзейнасці.

– Тэрыторыя нашага раёна падзелена на тры сектары, па колькасці лінейных брыгад, – расказвае С.Маковіч. – Наша зона адказнасці распасціраецца ад Ушач у напрамку Вяркуд, Дубраўкі, Глыбачкі. У зімовы і летні перыяды, канечне, ёсць свае нюансы – не скажаш, што пры мінус 10 градусах працаваць менш камфортна, чым у ліпеньскую спёку, бо вялікую ўвагу надаём тэхніцы бяспекі, у касках і спецадзенні ў любое надвор’е. А яшчэ бліжэй да зімы актывізуюцца бабры, якія нібы наўмысна стараюцца заваліць на лінію самае вялікае дрэва, у цёплую пару года замінаюць буслы, якія часта выкарыстоўваюць апоры пад месца гняздоўя. А браканьеры наогул сезон не выбіраюць!

Пашкоджанні ліній адрываюць ад асноўнай работы, у якую якраз і ўваходзіць капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне, абход і агляд электраўстановак. Таму пры выкананні капрамонтаў работнікі брыгады стараюцца дзейнічаць на папярэджанне аварыйных сітуацый і такім чынам пастаянна працуюць над якасцю энергазабеспячэння карыстальнікаў.

Цяжка з падраздзялення выбраць лепшага. Спецыфіка іх работы такая, што ў ёй важная дзейнасць не аднаго работніка, а калектыву ў цэлым. Электрычны ток нябачны і нячутны, але гэтыя людзі выдатна ведаюць, як яго ўтаймаваць, знайсці месца, дзе ён прапаў, зрабіць яго бяспечным і карысным людзям, і такім чынам стварыць у сектары сваёй адказнасці зону камфорту карыстальнікаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *