За 10 месяцев в Ушачском районе произошло 5 коррупционных преступлений

Закон - один для всех

За 10 месяцаў 2017 года ў раёне адбылося 97 злачынстваў, з іх 5 – карупцыйныя. Летась іх не было наогул, што сведчыць аднак не пра адсутнасць на тэрыторыі раёна карупцыі, а аб актывізацыі дзейнасці праваахоўных органаў. Пацвярджае гэта і аналіз работы, зроблены пракуратурай Ушацкага раёна за гэты ж перыяд. На жаль, можна канстатаваць, што такі важны накірунак работы, як прафілактыка карупцыі, мы проста правалілі.

“Запляміліся“ тыя, хто павінен кантраляваць

Адну з прычын “бяссілля” бачу ў тым, што “заплямілі” сябе ёй і службовыя асобы, якія ў першую чаргу павінны былі кантраляваць і захоўваць антыкарупцыйнае заканадаўства. Рабіць такую выснову мне дазваляюць факты. Законам “Аб барацьбе з карупцыяй” вызначана сістэма мер, замацаваны абавязкі дзяржаўных органаў па супрацьдзеянні падобным з’явам, аднак сустракаюцца яны нават сярод адказных службовых асоб.

Так, асуджаны былы старшыня Ушацкага сельвыканкама Ш., які з чэрвеня 2014 года па верасень 2016 за бюджэтныя сродкі набываў запчасткі для асабістага аўтамабіля нібы для службовага і нанёс шкоду сельвыканкаму, які ўзначальваў, на 394 рублі. Ён жа ў снежні 2013 года для бачнасці належнай работы ўнёс у афіцыйныя дакументы лжывыя звесткі аб быццам бы знесеных трухлявых дамах, у выніку чаго пабочная арганізацыя незаконна атрымала ад Ушацкага сельвыканкама 434 рублі. Неабходна адзначыць, што гэтыя злачынствы хоць здзяйсняліся на працягу некалькі гадоў, былі выяўлены ўпраўленнем барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Віцебскага аблвыканкама толькі летась.

Пусціць пыл у вочы

Некаторыя злачынствы карупцыйнай накіраванасці маюць быццам бы “карысныя” карані, хаця на паверхні ляжыць чыстае махлярства. Так, да адказнасці прыцягнута былы галоўны ўрач санаторыя “Лясныя азёры” К., якая з 20 ліпеня па 23 жніўня 2016 года прыняла на работу намесніка па медыцынскай часці Б. і зацвердзіла табель, па якім налічвалася зарплата, хоць ведала, што да работы ён не прыступаў. На падлог галоўны ўрач пайшла дзеля таго, каб пацвердзіць санаторыем статус здраўніцы І катэгорыі падчас правядзення атэстацыі рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Блытала службовае са сваім

Як вядома, зарплаты ў работнікаў культуры не самыя вялікія. “Выправіць” гэтую несправядлівасць спрабавала галоўны бухгалтар “Ушацкай кінавідэасеткі” Е., якая за прысваенне даверанай маёмасці і яе крадзеж шляхам злоўжывання службовага палажэння нядаўна паўстала перад судом. Паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча яна паставіла на паток адразу трыма спосабамі. Па-першае, маючы доступ да ключа электроннага лічбавага подпісу, сістэматычна налічала сабе большую зарплату і з 20 сакавіка 2014 года па 1 чэрвеня 2017 перавяла на асабісты рахунак 2889 рублёў. Па-другое, афармляла заявы і чэкі на імя падстаўных асоб – членаў прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, спорту і турызму, казначэем якой з’яўлялася, і з 16 студзеня 2015 года па 16 снежня 2016 такім чынам папоўніла свой кашалёк яшчэ на 837 рублёў. І, нарэшце, не забывалася накінуць сябе “рублік-два” з наяўных грошай, што пастаянна знаходзіліся ў яе на захоўванні – з 31 снежня 2015 года па 22 мая 2017 накапілася нямнога-нямала, а 1232 рублі (усе сумы прыведзены з улікам дэнамінацыі). Цікава, што бухгалтар не проста праігнаравала ўсе службовыя інструкцыі, па якіх павінна была спрыяць выяўленню недастач, але і з’яўлялася членам антыкарупцыйнай камісіі, на якой усяго год таму разглядала справу па злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі яе калегай “па цэху”.

Без карыснай зацікаўленасці

Адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах галоўнага бухгалтара КУСГП “Кублічы” А., якая падавала ў банк ілжывыя звесткі аб адсутнасці запазычанасці ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Асабістай карыснай зацікаўленасці яна не мела, зрабіла гэта, каб калектыў атрымаў заработную плату. Аналагічныя дзеянні ёсць на рахунку яе калегі Я. з ААТ “Дземенец” і выконваючай абавязкі галоўнага бухгалтара “Райаграсэрвіса” Б. Сталі ж яны магчымыя з-за адсутнасці кантролю з боку райсельгасхарча як за своечасовымі выплатамі ў Фонд, так і за непрыняццем мер, накіраваных на барацьбу з карупцыяй. Між тым праверкі пракуратуры сведчаць, што факты ўнясення лжывых звестак спецыялістамі аграпрамысловых прадпрыемстваў у афіцыйныя дакументы, якія, дарэчы, адносяцца да правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі, носяць масавы характар. І таксама могуць прывесці на лаву падсудных: за скажэнне даных статыстычнай справаздачнасці ў суд перададзена крымінальная справа ў адносінах галоўнага заатэхніка ААТ “Ільюшынскі” Т.

Сфарміраваць нецярпімыя адносіны

За дзесяць месяцаў пракуратурай было праведзена дзве праверкі выканання заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, па выніках якіх унесена 2 прадстаўленні, вынесена 5 прадпісанняў, адзін пратэст і папярэджаны 4 асобы. Зразумела, каб ліквідаваць такую ганебную з’яву як карупцыя, патрэбны скаардынаваныя, зладжаныя дзеянні ўсіх і, самае галоўнае, фарміраванне ў грамадстве нецярпімых адносін да карупцыі. Інакш не дапамогуць ніякія карныя меры. У сувязі з гэтым хачу прыгадаць, што дапамагчы праваахоўным органам у выяўленні карупцыі могуць любыя асобы, а згодна з Законам “Аб барацьбе з карупцыяй” яны знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Больш таго, ім гарантавана грашовае ўзнагароджанне: да 50 базавых велічынь – пры садзейнічанні выяўленню, раскрыццю, выкараненню карупцыйнага злачынства, якое адносіцца да катэгорыі цяжкога і вельмі цяжкога; да 30 – менш цяжкіх, а таксама да 10 базавых велічынь выплачваецца кампенсацыя (на падставе дакументаў) за панесеныя асобай расходы.

Дарэчы, зараз у вытворчасці Следчага камітэта вобласці знаходзяцца карупцыйныя справы на шэраг пасадных асоб Ушацкага раёна, на якіх мы спынімся падрабязней пасля вынясення прыгавору.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *