Виталий Климашевский — неравнодушный руководитель и человек

Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Кожны дзень з самай раніцы ў Віталя Іосіфавіча Клімашэўскага мноства розных спраў. Пасада дырэктара любой школы аднімае нямала часу, а Ушацкай, размешчанай у самым цэнтры гарпасёлка, – тым больш: вялікая тэрыторыя, калектыў звыш 130 чалавек і цэлая “армія” навучэнцаў. Але Віталь Іосіфавіч спраўляецца не толькі з функцыямі кіраўніка – нягледзячы на даволі малады ўзрост ён мае за плячыма багаты вопыт дэпутацкай дзейнасці.

Пачыналася ж усё з дэпутацтва ў Вяркудскім сельскім Савеце дэпутатаў. Гэта можа паказацца дзіўным, маўляў, якія адносіны мае карэнны ўшачанін да азёрнага вяркудскага краю? Але В.І.Клімашэўскі менавіта ў гэтым населеным пункце на працягу сямі гадоў працаваў дырэктарам школы. Пазней абараняў інтарэсы вяскоўцаў ужо на раённым узроўні, будучы дэпутатам ад Вяркудскай выбарчай акругі. Змяніўшы месца працы, не адмовіўся ад дэпутацкай дзейнасці і зараз: з’яўляецца народным абраннікам па Камсамольскай выбарчай акрузе.

Адно з апошніх пытанняў, з якім звярталіся да дэпутата, датычылася пашырэння аўтамабільнай стаянкі каля шматпавярхоўкі і магазіна “Раніца”. Зараз яно знаходзіцца ў стадыі пошуку магчымых варыянтаў. “Якія праблемы падымаюцца? Раней паспрыяў абсталяванню тратуараў – праз ажыўлены ўчастак вуліцы Камсамольскай, дзе штодня перамяшчаецца вялікая колькасць людзей і машын. А вось сельскіх выбаршчыкаў хвалявалі праблемы, звязаныя з асвятленнем, падсыпкай і расчысткай дарог, нарыхтоўкай дроў. Усе яны вырашаліся аператыўна, паколькі ў Вяркудах было наладжана цеснае ўзаемадзеянне са старшынёй сельвыканкама. Лічу, што толькі сумесная работа дае плён, нездарма ж кажуць, што адзін у полі не воін”, – разважае В.І.Клімашэўскі.

Ён заўсёды ўнікае ў кожнае пытанне, з’яўляецца членам прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, а таксама старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, моладзі. Пры выбары куратара Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна адразу прапанавалі яго кандыдатуру. І да гэтай місіі Віталь Іосіфавіч, як і да любой іншай справы, аднёсся адказна, стараўся граматна арганізаваць работу маладых лідараў.

Актыўная жыццёвая пазіцыя ў яго са школьных часоў. Падчас вучобы ва ўніверсітэце таксама быў у гушчыні падзей, заўсёды прымаў удзел у спартыўных і творчых спаборніцтвах. Добра зарэкамендаваў сябе на першым працоўным месцы ў Слабадской базавай школе, дзе праз пяць гадоў быў назначаны намеснікам дырэктара, выкладаўся на 100 працэнтаў і на пасадзе дырэктара цэнтра пазашкольнай работы. Не збавіў тэмпу і калі чатыры гады таму ўзначаліў родную альма-матэр. Акрамя арганізацыі вучэбнага, выхаваўчага і гаспадарчага працэсаў, Віталь Іосіфавіч выкладае ўрокі біялогіі ў 6-7 класах. “Работа з дзецьмі вельмі цікавая, прыемна даваць ім новыя веды і бачыць годныя вынікі”, – гаворыць мужчына.

Ва ўсіх справах ён на перадавой: у апошнія гады каманда Ушацкай школы трывала “прапісалася” ў ліку лідараў на ўсіх раённых спартыўных мерапрыемствах, а В.Клімашэўскі не толькі падбадзёрвае свой калектыў, а і прымае непасрэдны ўдзел у спаборніцтвах: гуляе ў шашкі, страляе, падымае гіру, цягне канат. Ніколі не выбірае сабе лёгкі фронт работ і падчас суботнікаў. За школай замацаваны і падшэфны населены пункт – Кавалеўшчына, дзе праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні мясцовых могілак. Ну і, канечне, шмат робіцца ў плане навядзення парадку непасрэдна каля школы, на тэрыторыю якой прыемна глянуць. Шмат добрых слоў даводзіцца чуць пра новы сквер ля ўстановы, які стаў сапраўдным упрыгожаннем цэнтральнай вуліцы гарпасёлка. Нямала сіл у рэалізацыю гэтай ідэі ўклалі работнікі школы на чале з дырэктарам.

Свае прафесійныя і грамадскія поспехі В.І.Клімашэўскі звязвае не толькі і не столькі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, а адзначае, што на ўсіх этапах яго кар’еры ён адчуваў надзейную падтрымку з боку калег і сваёй сям’і.

Гэты чалавек гатовы адкласці асабістыя справы на потым і рашаць пытанні грамадскія. Сур’ёзны і адказны, ён не будзе абяцаць дарэмна, але для землякоў, тых, каму патрэбна дапамога, зробіць усё, што ў яго сілах.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *