Валерий Гуща и Татьяна Лашкевич променяли московскую суету на жизнь в деревне

Благоустройство

Калі ў навінах паведамляюць пра смог у Маскве – Валерый і Таццяна моўчкі абменьваюцца позіркамі ды часцей выходзяць на вуліцу. Набіраюць поўныя грудзі марознага паветра, паглядаюць на срэбраныя, аблепленыя снегам галінкі пасаджаных імі маладых дрэўцаў. Разумеюць адзін аднаго без слоў, яны ім даўно не патрэбны. Вось і рашэнне перабрацца з Масквы на пастаяннае месца жыхарства ў Глыбачку было ўзаемным.

Хоць прычынай таму не былі сталічнае цяжкае паветра, пах або гул. Пераманіў іх на Ушаччыну… акунь! Не зусім звычайны, канечне, а каралеўскі, ва ўсялякім выпадку па памерах. Калі Валерый Уладзіміравіч Гушча не без цяжкасці выцягнуў з возера Глыбачка прыгажуна вагой адзін кілаграм 600 грамаў, захацеў мець магчымасць атрымліваць такое задавальненне кожны дзень і вырашыў паставіць тут аселую кропку. Тым больш што і ён, і жонка Таццяна Уладзіміраўна Лашкевіч ужо выйшлі на заслужаны адпачынак і маглі дазволіць пажыць на ўлонні прыроды для сябе.

У аграгарадку Глыбачка акрамя аднайменнага возера ёсць яшчэ і Рукшанскае, намнога большае па памеры, аднак набыў В.Гушча праз аўкцыён участак там, дзе спаткаў удачу. Тым больш, што зямельны надзел літаральна ў некалькі кроках ад возера, а на другім яго баку жывуць бацькі Таццяны Уладзіміраўны. Менавіта да іх і прыязджалі на госці, хоць і Валерый Уладзіміравіч таксама не з далёкіх краёў – родам з Улы.

Рыбачылі яны, і калі працавалі ў Маскве, прычым абое: кожныя выхадныя выязджалі за дзвесце кіламетраў, але атрыманае ад захаду сонца, вогнішча, юшкі задавальненне развейвалася, калі яшчэ не паспявалі дабрацца да кватэры – у шматгадзінных маскоўскіх пробках.

Будоўлю ж на Ушаччыне пачыналі з нуля. Зразумела, спатрэбіліся сродкі, тым больш што наймалі спецыялістаў і для ўстаноўкі зруба, і для пракладкі водаправоду, і для вырабу вінтавой лесвіцы з прыгожымі драўлянымі поручнямі. Затое зараз у іх катэджы ўсе выгоды цывілізацыі. Хоць у доме паравое ацяпленне, у зале паставілі камін, у сучаснай, заказанай па памерах кухні, – усе патрэбныя электрапрыборы, а штодзённая магчымасць прыняць душ, канечне, саступае задавальненню папарыцца ў лазні. Апошняя – пад адным дахам з домам, зусім невялічкая, але такая прыцягальная. Па сутнасці гэта парылка з некалькімі прыступкамі, каб “рэгуляваць” гарачыню, але тут жа гаспадары мыюцца і нават абдаюцца халадзёнкай, перакуліўшы на сябе драўляную бочачку, што замацавана пад столлю. Для дваіх месца хапае. У кутку – печ з адкрытымі камянямі, якая топіцца звонку, што дазваляе парыцца, нават не закрыўшы засланку. А паколькі літаральна ўсё там з ліпы – пара здаровая, гаючая.

На другім паверсе, які не ацяпляецца, пакоі для гасцей і адпачынку, у тым ліку актыўнага. Паколькі Валерый Уладзіміравіч – аматар більярда, вучыць, як трымаць кіі, усіх гасцей. Але сваім гонарам лічыць плоскі дах, выхад на які маецца з більярднага пакою. Па сутнасці гэта салярый: тут улетку ўстанаўліваюць шэзлонгі, лежакі і загараюць, не выходзячы з дому.

Прыгожа і ўсё на сваіх месцах: каваная агароджа і прасторны навес для аўтамабіля, да дому вядзе сцежка з замураваных драўляных калодак, у домік  савы “схаваны” электрычны падвод, шмат пасаджаных дэкаратыўных і пладовых дрэў. У двары абсталяваны турнік – рэгулярна займаецца гаспадар і дзеці, калі прыязджаюць на Ушаччыну.

Дарэчы, мае суразмоўцы вельмі молада выглядаюць. Настолькі, што не верылася, што гэтыя пераможцы раённага конкурсу па добраўпарадкаванні ўжо пенсіянеры. Прычынай таму, канечне, актыўны лад жыцця. Любяць паходы ў навакольныя, чыстыя сасоннікі пад Антунова, Кісялі, дзе Таццяна Уладзіміраўна ведае плантацыі розных ягад (таму зараз з задавальненнем ласуюцца чарніцамі са згушчонкай). Узімку становяцца на лыжы, улетку – плаваюць. І ў любую пару, канечне, рыбачаць. Сумку за плячо – і на возера, прычым прыхільніцай як летняй, так і падлёднай лоўлі з’яўляецца і жонка.

А яшчэ яны многа падарожнічаюць, адкрываючы для сябе невядомыя куткі Беларусі і Расіі: Глыбокае, Бабруйск, Нясвіж, Мір, Пскоў… І наперадзе працяглы маршрут, як і ажыццяўленне новых задум па добраўпарадкаванні сваёй сядзібы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *