За ўсім вядомай абрэвіятурай “загс” – запіс актаў грамадзянскага стану – штодзённая карпатлівая работа прадстаўнікоў службы: рэгістрацыя нараджэння новага чалавека, сям’і, змены прозвішчаў, аднаўленне даных… Работнікі загса на працягу стагоддзя нябачна пішуць дэмаграфічны летапіс краіны.
Кропкай адліку ў дзейнасці службы лічыцца 18 снежня 1917-га, калі з устанаўленнем савецкай улады быў прыняты Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. Паступова на змену аддзелам запісаў шлюбаў і нараджэнняў прыйшлі бюро загса, а ў верасні 1975-га – аддзелы загса пры райвыканкамах. У нашым раёне архіўны фонд службы часткова захаваў дакументы даваеннага перыяду – за 1928-1929 гады. Запісы ў іх рабіліся выключна на беларускай мове. У той час было ў нас 14 сельскіх Саветаў, якія таксама выконвалі функцыі органаў загса, – з іх удзелам у 1928-м зарэгістравана 1485 нараджэнняў і 740 смерцяў. Для параўнання: летась аддзелам і 7 сельвыканкамамі аформлена 122 нараджэнні і 328 смерцяў.
Поўны архіўны фонд нашай службы пачынае сваю гісторыю з 1944 года. На захоўванні знаходзяцца запісы актаў аб нараджэнні, смерці, заключэнні і скасаванні шлюбу, устанаўленні бацькоўства і мацярынства, усынаўленні (удачарэнні), змене прозвішча, асабістага імя, імя па бацьку. З 1994-га мы займаем першы паверх сучаснага трохпавярховага будынку практычна ў цэнтры Ушач. Дагэтуль аддзел загса размяшчаўся ў прыстасаваных памяшканнях: у звычайным драўляным доме з пячным ацяпленнем, раённым Доме культуры, райвыканкаме.
Так, многае змянілася за гэтыя 100 гадоў. Аднак нязменным засталося адно – вернасць высакароднай справе нашых спецыялістаў. У аддзеле загса ў розныя гады плённа працавалі Надзея Сямёнаўна Марчанка, Вольга Аляксееўна Курусёва, Вольга Уладзіміраўна Сырэль, Раіса Мікалаеўна Коршун, Ганна Карлаўна Лышко (на здымку). У сельскай мясцовасці запісам актаў грамадзянскага стану доўгі час займаліся сакратары сельвыканкамаў: Вольга Анатольеўна Іванковіч (Вяркуды), Вера Фёдараўна Сляпуха (Глыбачка), Ганна Міхайлаўна Клопава (Жары), Таццяна Аляксандраўна Дрозд (Дубраўка). Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх былых і сённяшніх нашых памочнікаў са 100-годдзем з Дня ўтварэння органаў загса Рэспублікі Беларусь! Жадаю моцнага здароўя, асабістага сямейнага шчасця, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, якая напаўняе жыццё радасцю і любоўю. Добрага ўсім настрою, поспехаў у рэалізацыі любых планаў на новым вітку гісторыі органаў загса!
А.МАЛАШЧАНКА, начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама.
Віньшую з юбілеем! 🙂