«Прямая линия», посвящённая дорожным вопросам, прошла в редакции газеты

Зваротная сувязь

Апошняя “прамая лінія”, якая прайшла ў рэдакцыі на гэтым тыдні і была прысвечана дарожным пытанням, атрымалася вельмі ажыўленай. За гадзіну выконваючаму абавязкі начальніка філіяла Ушацкага ДРБУ №105 КУП “Віцебскаблдарбуд”  Дзмітрыю Пятровічу Цімафееву паступіла 7 тэлефанаванняў з розных куткоў раёна, прычым некаторыя нашы чытачы задавалі і не па адным пытанні.

Жыхароў Заазер’я Ушацкага сельсавета хвалюе той факт, што на дарозе з Матырына да іх вёскі адсутнічае ўказальнік населенага пункта. “Да нас прыязджаюць госці, карыстаемся паслугамі інтэрнэт-магазінаў. Людзям прыходзіцца блукаць па наваколлі ў пошуках таямнічай вёскі, якая на карце ёсць, а дарожных “падказак” – няма. Чакалі, што ўказальнік з’явіцца пасля капітальнага рамонту дарогі ў Матырыне, але і сёння ён адсутнічае. Будзем вельмі ўдзячны, калі гэта, здаецца, нескладанае пытанне вырашыцца, у цэлым жа станам дарог мы задаволены”. Дзмітрый Пятровіч паведаміў, што ўказальнік ужо закуплены і ў бліжэйшы час зойме сваё месца.

Жыхар вёскі Гута хвалюецца за свой участак, які часта падтопліваецца: труба, якая ляжыць праз дарогу, мае вельмі малы дыяметр, адпаведна засмечваецца і не прапускае ваду.  Дзмітрый Пятровіч ведае пра гэту праблему, але вырашыць яе ў адно імгненне не атрымаецца з-за адсутнасці фінансавых сродкаў.

З Садкоў паступіла просьба ў наступным годзе зрабіць ямачны рамонт дарогі ад Весніцка да іх вёскі: “Усё лета вазіла лес велікагрузная тэхніка лясгаса, да таго ж пастаянна перамяшчаюцца і трактары КУСГП “Вялікадолецкае”, вось асфальтавае пакрыццё і выходзіць са строю”. Д.Цімафееў зазначыў, што названы ўчастак будзе ўключаны ў план рамонту аварыйных дарог на наступны год.

Дарогай ад Селішча да Лажаняў незадаволены жыхары апошняга населенага пункта. Кіраўнік дарожнай службы адзначыў, што высветліць стан прыгаданага ўчастка на месцы, які пры неабходнасці прагрэйдзіруецца.

Старэйшына вёскі Лабані М.М.Пятніца падзякаваў за тое, што перыядычна па іх дарозе праходзіць грэйдар, але ўсё ж прасіў, каб увесну дарогу яшчэ і падсыпалі.

Скардзілася і старэйшына Казімірова В.І.Шышова: “Участак Царкавішча-Казімірова, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага. Хацелася, каб у цэлым абслугоўванне праводзілася добрасумленна: даводзілася бачыць, што ў адзін бок грэйдар ідзе з апушчанай лапатай, у адваротны – з паднятай”. Д.П.Цімафееў абяцаў узяць пытанні на кантроль.

Не раз падчас гэтай “прамой лініі” Дзмітрыю Пятровічу даводзілася тлумачыць, што сродкі ад дзяржпошліны, якія плацяць усе аўтаўладальнікі, ідуць выключна на будаўніцтва і капітальны рамонт дарог, а не на іх утрыманне – падсыпку, грэйдзіраванне, абкос і гэтак далей: “Вялікія надзеі ўскладаем на нядаўна зацверджаную дзяржаўную праграму па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады, згодна якой фінансаванне дарожнай галіны павінна значна  павялічыцца. Мы ведаем нашы слабыя месцы, але людзі павінны разумець, што ўсе дарогі нельга расчысціць, прагрэйдзіраваць ці тым больш адрамантаваць у адзін момант пры адсутнасці фінансавання”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *