Ушачские мелиораторы работают на реконструкции объекта «Чырвоны прамень»

Общество

У значэнні меліярацыі вельмі даступна, можна сказаць, наглядна пераканалася на аб’екце “Чырвоны прамень”. Заросшыя каналы, што так прыцягвалі сёлета рыбакоў, зараз чарнеюць дакладнымі контурамі, а вакол двух насыпаў з карчамі ААТ “Ільюшынскі” пасее культурныя травы. Ці выкарыстае па іншым прызначэнні, бо пасля меліяратараў землі з балоцістых нізоў пераходзяць у ворыўную эліту – атрымліваюць другое жыццё.

– Вельмі хацелася, каб тут распачаліся работы, – задаволена канстатуе майстар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Яўген Бурылаў. – Хоць і не думаў, што сам буду іх кантраляваць. Вакол усе знаёмыя, падыходзяць, цікавяцца планамі. Прыемна і адказна, тым больш што даўно не было тут ніякіх работ.

Для маладога спецыяліста, які толькі пяты год, як скончыў Лепельскі прафесійна-тэхнічны каледж, гэты аб’ект асаблівы. Ён сам з Жар, памятае, як па навакольных дарогах гойсалі з хлопцамі на веласіпедах, як каласіўся на меліяраваных землях хлеб, і як доўга гарэў тарфянік супраць аўтобуснага прыпынку. У выніку зямля страціла добры пласт чарназёму, і зараз меліяратары не толькі чысцілі каналы, але і паглыблялі іх.

Трэба зазначыць, што нашкодзілі тым самым не толькі рыбакам, але і мясцовым бабрам. Дарэчы, гэта дзякуючы іх плаціне тут паднялася вада і развяліся карасі. Яе пабурылі, вада і рыбы сышлі, будуць сцякаць вымачкі і праз адрамантаваны калектар. І самае галоўнае, на гэтай нізіне ў 3,6 гектара, дзе на папялішчы паспеў вырасці хмызняк, выкарчавалі кустоўе. Працуе брыгада дрэнажнікаў, якія займаюцца і рэканструкцыяй, і рамонтам зямель, аднаўляюць іх крываток. І хоць лепш рабіць гэта ў цёплы час года, пачатак снежня з лёгкім марозам тут таксама лічаць спрыяльнай парой.

– Самае горшае, калі ўвогуле без работы, кажа экскаватаршчык Андрэй Васільевіч Ціханаў, – а тут дома, без вялікіх пераездаў.

Хоць мне і цяжка ўявіць, як гэта цэлы дзень на вуліцы, вопытны дрэнажнік Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў таксама пацвердзіў, што рады і вялікім, і маленькім аб’ектам. Нядаўна вярнуліся з Полацкага раёна, дзе працавалі на субпадрадзе, паколькі суседзі не паспявалі своечасова здаць аб’ект. У ранейшыя гады выязджалі і ў Талочынскі, і ў Гарадоцкі раёны. І лічы ўвесь час “за мяжой”, на “Нафтане” працуе другая брыгада, што пракладае інжынерныя сеткі.

“Чырвоны прамень” – аб’ект пераходны на наступны год, хоць і закончаць асноўныя работы хутка. Брыгада разбіта на некалькі частак, працуюць тандэмам. Выражуць кусты, расчысцяць гарызонт для пошуку варонак ці вусця, а калі знойдуць – будуць чыс­ціць, прамываць, умацоўваць дзёрнам.

Наогул, аб’ект цікавы тым, што гэта не адно суцэльнае поле, а часткі тэрыторыі былога калгаса “Чырвоны прамень”, уключаючы вёскі, ваколіцы і землі гаспадаркі – 6 трубапераездаў, 55 вусцяў, 28 варонак, а аб’ёмы вымяраюцца не гектарамі, а кубічнымі метрамі зямлі, якую трэба падняць, каб прачысціць каналы. Іх 5637, а рамантуючы сістэму, меліяратары паралельна аднаўляюць дарогі, высушваюць затопленыя ўчасткі, асвятляюць праезную частку.

– Вось бачаце ручаёк, гэта людзі самі зрабілі, каб вада сцякала ў канал, а падобныя заросшыя варонкі мы і шукаем, – расказваюць меліяратары. – Таксама як і месцы, дзе каналы ўпадаюць у натуральныя ручаі, рэкі, азёры. А вунь напалову зарослая труба, прыедзьце паглядзіце, якой яна будзе праз пэўны час. Тут пераезд высокі, дарогу не падмые, а ў Дворыцы ёсць участак, які падтоплівае, таксама як і па Жарах. Так што ў рамонце “Чырвонага прамня” выйграе не толькі гаспадарка-пераемнік, а і мясцовыя жыхары.

Гэта адзін з самых узроставых аб’ектаў, што ўводзіўся ўшацкімі меліяратарамі ў 1977-м, праз пяць год пасля ўтварэння прадпрыемства. З тых часоў была і рэканструкцыя, і “касметычны рамонт”, аднак ўсё гэта яшчэ ў мінулым стагоддзі. Ну а чарговае нараджэння аб’екта запланавана на красавік.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *