Учения с двойной пользой: ушачские спасатели отработали действия по спасению людей из-под завалов и снесли аварийное здание в горпосёлке

Cлужба-101

З-за выпадзення вялікай колькасці снегу ў гарпасёлку абрушыўся дах адміністрацыйнага будынка былога саўгаса “Ушацкі”. Пад заваламі знаходзіцца 2 чалавекі, збудаванне разбурана амаль напалову і ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю людзей. На месца здарэння праз лічаныя хвіліны пад’язджаюць выратавальнікі, медыкі, газавікі, работнікі электрычных сетак, праваахоўнікі забяспечваюць бяспеку руху.

Апісаная сітуацыя, на шчасце, не рэальнасць, а сцэнарый тактыка-спецыяльных вучэнняў аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ва Ушацкім раёне па стане на 1 лістапада мелася 816 кінутых, аварыйных будынкаў і збудаванняў, якія не эксплуатуюцца і ўяўляюць рэальную пагрозу жыццю і здароўю людзей, у тым ліку дзецям. Такія аб’екты ёсць на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў і гарпасёлка: будынак былой бібліятэкі ў Судзілавічах, Дамы культуры ў аграгарадках Глыбачка і Вялікія Дольцы, адміністрацыйны будынак калгаса ў Новым Жыцці, цялятнік у Рацькаве, недабудаваны санаторый “Вечалле” і іншыя. Распрацаваны план мерапрыемстваў, згодна з якім на працягу гэтага года неабходна знесці 40 аварыйных аб’ектаў. Аднак ліквідавана толькі палова ад запланаванага.

На апошнім пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме якраз разглядалася пытанне бяспекі каля аварыйных будынкаў, аб’ектаў будаўніцтва, кар’ераў. Тады і было вырашана правесці вучэнні з практычнай карысцю не толькі для выратавальнікаў, а і для раёна – ліквідаваць прыгаданы будынак па вуліцы Каранеўскага.

Выратавальнікі сумесна з усімі службамі пастаянна адпрацоўваюць дзеянні падчас магчымых няштатных сітуацый: тушаць пажар на цэнтральнай кацельні, убіраюць завалы на дарогах пасля ўрагану, ліквідуюць падтапленні ў прыватным сектары і іншыя наступствы здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага паходжання. А вось вызваляць людзей з-пад завалаў, няхай і ўмоўна, даводзіцца нячаста.

Падчас вучэнняў знесена не толькі былая кантора саўгаса, а і аварыйная гаспадарчая пабудова насупраць яе. У ліквідацыі разам з РАНС удзельнічала і тэхніка УП ЖКГ Ушацкага раёна, “Райаграсэрвіса”.

– Мы праверылі гатоўнасць сіл раённага звяна дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, – адзначыў на падвядзенні вынікаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях Андрэй Вітальевіч Галяковіч. – Работнікі ўсіх службаў, якія былі задзейнічаны, удала справіліся з пастаўленымі задачамі, а заадно і вырашылі застарэлую праблему зносу аварыйнага будынка. Можна з упэўненасцю казаць: пры рэальнай надзвычайнай сітуацыі ліквідаваць яе прыбудуць сапраўдныя прафесіяналы. Але лепш, каб падобных выпадкаў у раёне не ўзнікала і адточваць зладжанасць дзеянняў даводзілася толькі падчас вучэнняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *