Голодный вор украл продукты у жителей деревни Вацлавово. Материалы из зала суда Ушачского района

Закон - один для всех

Галодны злодзей

Беспрацоўны жыхар вёскі Вацлавова 1985 года нараджэння ўжо меў некалькі судзімасцей за крадзяжы, калі ў красавіку бягучага года вырашыў незаконна падзарабіць. Шукаць прывабныя месцы недзе далёка мужчына не стаў – некалькі варыянтаў прыгледзеў у сваім жа населеным пункце. Так, ведаючы, што сусед часова адсутнічае, глыбокай ноччу Аляксей накіраваўся да яго дома. Праблем трапіць у памяшканне не ўзнікла: дзе гаспадар захоўвае ключы ад уваходных дзвярэй, ён ведаў. У доме ж зламыснік пажывіўся гумовымі ботамі і рознымі прадуктамі харчавання: крупамі, квашанай капустай, алеем і іншым на агульную суму каля 31 рубля.

Зрэшты, на гэтым “галодны” злодзей не спыніўся – і ўжо праз некалькі дзён зноў накіраваўся на “рэвізію” ў адзін з мясцовых дамоў. Яго пажылая гаспадыня таксама адсутнічала, пра што нячыстаму на руку суседу было вядома. Свае чорныя задумы, як і ў папярэднім выпадку, ён ператвараў у рэчаіснасць ноччу. Каб трапіць у памяшканне, прынёс з сабой металічны штыр, якім вырваў дзвярны прабой. І зноў пажывіўся найперш харчовымі прадуктамі: крупамі, макаронамі, цукрам, мукой і іншым на суму каля 19 рублёў. Вось толькі з’есці ўсе свае незаконныя прыпасы не паспеў: быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Суд прызначыў мужчыне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў.

Сапсаваў адпачынак

Непрыемны сюрпрыз чакаў у красавіку бягучага года некаторых адпачываючых і работнікаў санаторыя “Лясныя азёры”. У адзін з дзён на тэрыторыі ўстановы пабываў  нячысты на руку госць, жыхар г.п.Ушачы 1988 года нараджэння. Спачатку мужчына “пагаспадарыў” у адным з домікаў, куды трапіў, адкрыўшы акно – яго здабычай стаў тэлевізар “Гарызонт”, што належаў санаторыю, коштам каля 312 рублёў. Пасля ў яго злачынным маршруце аказаўся нумар, зайсці ў які атрымалася праз балконныя дзверы, – адтуль Уладзімір вынес электрачайнік коштам каля 16 рублёў. Ну а завяршыў удала распачатую аперацыю з размахам, зазірнуўшы ў трэці домік, дзе пражывала расіянка. Там мужчына прыхапіў 90 тысяч расійскіх рублёў, акустычную партатыўную калонку, флэш-карту і розныя прадукты харчавання.

Нечаканае ўзбагачэнне беспрацоўнага Уладзіміра цяжка было не прыкмеціць. Частку грошай ён разменьваў у розных касах банка, набываў нятанныя прадукты харчавання, з’явіўся ў яго ўласнасці і мабільны тэлефон. Вось толькі доўжыўся “святочны” марафон нядоўга: на мужчыну звярнулі ўвагу праваахоўнікі. Ад крымінальнай адказнасці Уладзіміра выратавала хіба што наяўнасць паранаідальнай шызафрэніі. Але ў адносінах яго прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння – бліжэйшы час мужчына правядзе ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем.

В.ЛАЮШКА, суддзя суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *