В Ушачском районе прошёл субботник по посадке ёлочек вдоль трассы Р-113

Благоустройство

На кастрычніцкай нарадзе па пытаннях удасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка ў ліку іншых даў даручэнне распрацаваць і зацвердзіць комплекс мерапрыемстваў па азеляненні тэрыторый, якія прылягаюць да аўтадарог. І справа нават не ў тым, што ў наступным годзе ў Мінску пройдуць II Еўрапейскія гульні – чысціню і парадак на транспартных артэрыях, якія сталі візітоўкай рэспублікі, неабходна падтрымліваць, ахайнасцю павінны вылучацца не толькі транзітныя магістралі, а і дарогі ў рэгіёнах.

У нашым раёне работа ў гэтым напрамку ўжо распачалася, для азелянення вызначаны ў першую чаргу ўчасткі аўтадарог рэспубліканскага і абласнога значэння. У аўторак суботнік па пасадцы елачак прайшоў на трасе Р-113. Нягледзячы на тое, што сярод працоўнага дэсанту з аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама былі намеснікі старшыні Андрэй Вітальевіч Галяковіч, Алена Васільеўна Пашковіч, галоўны архітэктар раёна Галіна Віктараўна Дымман, камандаваў работамі ўсё ж Васіль Александровіч, майстар Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 г.Лепеля, на абслугоўванні якога знаходзіцца прыгаданая траса.

– Елкі садзім у шахматным парадку, – спецыяліст размячаў напрамак, частату пасадкі на схілах і паралельна тлумачыў мэтазгоднасць такога размяшчэння саджанцаў. – Расліны прыжывуцца, падрастуць – карціна воку будзе прывабная, нам менш абкошваць, не будзе расці пустазелле і той жа баршчэўнік. Плюс узімку елачкі выканаюць і функцыю снегазатрымання, дапамогуць засцерагчы трасу ад перамётаў.

Работы праводзіліся на касагоры ля павароту на Дубраўку. У тры-пяць радоў у залежнасці ад плошчы схілаў размясціліся елачкі на асобных участках уздоўж дарогі насупраць прыпынку грамадскага транспарту ў Баброва і ля вясковых могілак у Чарсцвядах.

Месцамі схілы былі вельмі стромкія, каля 70 градусаў, што ўскладняла працу. Меч Колесава, які звычайна выкарыстоўваюць пры пасадцы хвойных на дзялянках, у гэтым выпадку не падыходзіў – у саджанцаў, выдзеленых лясгасам, ужо сфарміравалася даволі значная каранёвая сістэма і для копкі ямак прымяняліся рыдлёўкі. Але нават улічваючы гэта, за паўдня работы невялікаму атраду з 10 чалавек удалося пасадзіць каля 600 раслін.

Па словах лесаводаў, тэрміны для гэтага яшчэ не сышлі, а вільгаці ў зямлі хапае, абы не было маразоў. Елачкі, якія не прыжывуцца, у наступным годзе заменяць новымі, а работа па азеляненні схілаў ля аўтадарог працягнецца вясной.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *