В Ушачской районной больнице скоро заработает новый рентгенкабинет

Зваротная сувязь

На “прамую лінію”, якую праводзіў на бягучым тыдні з жыхарамі раёна галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Анатольевіч МАІСЕЕЎ, тэлефанаванняў паступіла адносна нямнога. Тым не менш, пачуць адказы на ўзнятыя пытанні будзе карысна шырокаму колу нашых чытачоў.

Зварот жыхара райцэнтра датычыўся магчымасці пераафармлення групы інваліднасці яго жонкі з трэцяй на першую, а дакладней – паскарэння гэтага працэсу. Справа ў тым, што з узгаданым пытаннем сямейная пара звярнулася ў бальніцу яшчэ 14 лістапада. Заканчваецца месяц – а ніякага адказу пакуль не атрымана. Сяргей  Анатольевіч патлумачыў, што група інваліднасці пры наяўнасці паказанняў устанаўліваецца толькі пасля камісійнага агляду пацыента ўрачамі МРЭК, якія па вызначаным графіку прыязджаюць у наш раён з Полацка. З узгаданай вышэй даты іх візітаў на Ушаччыну не было. Між тым, новую групу інваліднасці (калі такая неабходнасць будзе пацверджана спецыялістамі) прысвояць з дня, калі пасыльны ліст з дакументамі пацыента былі зарэгістраваны ў МРЭК – хутчэй за ўсё, 15-16 лістапада.

Яшчэ адна ўшачанка пацікавілася, ці могуць бацькі васьмігадовага дзіцяці ў сувязі з яго хваробай атрымаць ліст непрацаздольнасці. С.А.Маісееў адзначыў, што такое права ў іх ёсць. Зрэшты, як і ў бабулі або дзядулі малога. Цікавым удакладненнем Сяргея Анатольевіча да ўзгаданай тэмы стала інфармацыя аб магчымасці атрымання бальнічнага ліста роднымі хворай жанчыны ў выпадку, калі тая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.

Пытанне, што датычыцца перыядычнасці праходжання “вадзіцельскай” медкамісіі, задаў галоўнаму ўрачу жыхар гарпасёлка, які нядаўна выйшаў на заслужаны адпачынак. Яго абурэнне выклікалі прызначаныя яму ў апошні раз толькі 12 месяцаў (раней было два гады). С.А.Маісееў патлумачыў, што гэта не прыдумка мясцовых медработнікаў – штогадовая неабходнасць праходзіць медкамісію на права кіравання транспартнымі сродкамі для пенсіянераў замацавана дзяржаўнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Карыстаючыся выпадкам, мы адрасавалі галоўнаму ўрачу некалькі пытанняў, якія паступілі ад чытачоў да нас у рэдакцыю. Так, адна жанчына цікавілася часам адкрыцця ў бальніцы новага рэнтгенкабінета. Сяргей Анатольевіч удакладніў, што ўсе работы па яго падрыхтоўцы, устаноўцы і настройцы абсталявання завершаны – застаецца дачакацца падпісання шэрагу дакументаў у Мінску (паколькі ўстаноўка – моцная крыніца іанізуючага выпраменьвання, патрабуюцца заключэнні санстанцыі, МНС і іншых службаў). Плануецца, што ўсе гэтыя “папяровыя” моманты будуць вырашаны да сярэдзіны снежня.

Яшчэ адно пытанне – зрэшты, не новае – датычылася правядзення ва Ушацкай ЦРБ вытворчых нарад. У сувязі з тым, што збіраюцца медработнікі па серадах каля 8 гадзін раніцы, пацыентам даводзіцца чакаць іх пад кабінетамі. С.А.Маісееў нагадаў, што названая акалічнасць выклікана асаблівасцямі рабочага графіка медыкаў: ва ўстанове яшчэ застаюцца спецыялісты, занятыя на начной змене, і ўжо ёсць тыя, што заступаюць на дзённую. Таму Сяргей Анатольевіч выказаў спадзяванне, што пацыенты з разуменнем будуць адносіцца да такой нязручнасці, тым больш што час правядзення нарады невялікі – да паўгадзіны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *