Деревня Кривущино выделяется чистотой и природными пейзажами

Благоустройство

Вёскі з “прыазёрнай” прапіскай заўсёды выгадна выдзяляюцца сярод астатніх. Да такіх адносіцца і Крывушчына Вяркудскага сельсавета. Усяго паўкіламетра ад бойкай шашы Ушачы-Віцебск – і ўздоўж дарогі на адной доўгай вуліцы раскінуліся дамы. У любую пару года тут можна назіраць прыгожыя пейзажы: з  аднаго боку размяшчаецца возера Сосенка, якое ў народзе называюць Крывушчынскім, крыху паводдаль раскінулася адно з самых любімых у рыбакоў Бярозаўскае. На радзіму бацькоў у гэты куток Ушаччыны едуць людзі з розных гарадоў нашай краіны, дачы ў Крывушчыне будуюць і архітэктар з Масквы, і ўрач з Мінска, і рабочы з Наваполацка. Прыцягальнае месца для жыцця і адпачынку. Цікавым яно можа быць не толькі для тых, хто марыць аб прыроднай ідыліі, а і для гісторыкаў: за паўкіламетра на паўночны захад, на месцы ўпадзення ракі Тураўлянка ў Бярозаўскае возера, размешчаны археалагічны помнік – курганны могільнік, які складаецца з некалькіх насыпаў дыяметрам да 12 метраў і вышынёй да метра. Як не дзіўна, але  на карце Беларусі ёсць толькі адзін населены пункт з назвай Крывушчына.

Душой прырос да гэтых мясцін

– Сапраўды, гэтае прыгожае месца вельмі любяць многія, хоць пастаянных жыхароў усяго з дзясятак. Нават не верыцца, што стагоддзе таму тут пражывала каля двухсот чалавек, – расказвае старэйшына вёскі Фёдар Іосіфавіч Федарэнка. – Калісьці пасяліўшыся ў Крывушчыне, і сам усёй душой прырос да гэтых мясцін.

Ураджэнец Шчарбёнак трапіў сюды, калі стаў працаваць электрыкам у мясцовым калгасе. Калі ж крыху пазней уладкаваўся ў энергазбыт і з’явілася магчымасць жыць у райцэнтры, ужо не паўстала думак аб пераездзе. У яго веданні былі ўчасткі на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета. Разам з жонкай Разаліяй Сямёнаўнай упарадкоўвалі ўласнае жыллё, нястомна працавалі і дастойнымі людзьмі выхавалі дваіх дзяцей. Калі ж Фёдар Іосіфавіч застаўся адзін, яшчэ доўга не мог адмовіцца ад падсобнай гаспадаркі, прыйшлося нават навучыцца даіць карову. Але ўзрост усё ж бярэ сваё, і сёння ўжо жыўнасць практычна не трымае. “Люблю займацца чыста мужчынскай справай: штосьці змайстраваць з жалеза, зварыць, парамантаваць машыну і, канечне, паглядзець футбол!” – з усмешкай зазначае Ф.І.Федарэнка, якога якраз і ўдалося застаць за гэтым заняткам.

Каля дзесяці гадоў Фёдар Іосіфавіч  паспяхова спраўляецца і з грамадскай нагрузкай, з’яўляючыся старэйшынам не толькі ў сваёй вёсцы, а і суседняй Малінаўцы, дзе засталося ўсяго дзве сям’і. Адным з абавязкаў з’яўляецца збор сродкаў самаабкладання. “Справа гэтая, лічу, патрэбная. Многае нам дае дзяржава, але ў тое, што чысцяцца дарогі, гараць ліхтары, павінен быць хоць і маленькі, але наш уклад. Раздзяляюць маю думку аднавяскоўцы, і ўсе без выключэння здаюць сродкі”, – адзначае старэйшына. – Задаволены жыхары і гандлёвым абслугоўваннем.

Праз выпрабаванні і нягоды

Аўтамагазін спыняецца ў самым цэнтры вёскі, якраз  каля дома Ганны Мікалаеўны Савін. Для адной з самых старэйшых жыхароў Крывушчына стала родным больш за паўстагоддзя таму, калі пасля замужжа пераехала сюды з Баброва. На долю гэтай жанчыны выпала нямала выпрабаванняў. Яе дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця: “Памятаю, як нам з маці прыходзілася хавацца ад бамбёжак у лесе, як у нашу хату прыходзілі партызаны. І на ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць выпадак, калі неяк у Чарсцвядах пераходзілі праз рэчку, а моста не было. Маці ўзяла мяне на рукі, і ў гэты момант нам насустрач прыспешыўся немец. Мне здавалася, што зараз ён нас заб’е, а ён дапамог перанесці мяне праз раку і адпусціў…”

Нялёгка было Ганне Мікалаеўне і ў дарослым жыцці. Працавала ў калгасе ў паляводчай брыгадзе і на ферме. Трэба было паспяваць спраўляцца і з вялікай падсобнай гаспадаркай.  Жанчына перажыла і цяжкое гора – пахавала мужа і дачку. “Хоць падводзіць здароўе, стараюся больш рухацца, каб не думаць пра дрэннае. Вось зараз козачак сваіх пайду пагляджу, курак пакармлю. Улетку люблю і кветачку якую пасадзіць, каб было прыгажэй. У нас кожны стараецца даглядаць сваю сядзібу – нельга адставаць!” – гаворыць Ганна Мікалаеўна.

Прыгажосць навокал… і ў душы

Своеасаблівай візітнай карткай Крывушчына па праве з’яўляецца падворак Эмы Маркіянаўны Дубчонак – у сёлетнім раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні ён прызнаны лепшым сярод іншых ветэранскіх на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета. Зрэшты, і сама вёска прэтэндавала на званне лепшага сельскага населенага пункта раёна, у чым, вядома, заслуга яе жыхароў. Тут няма ніводнага закінутага дома, зарослага ўчастка.

У Крывушчына ўраджэнка вёскі Турасы трапіла ў 1963 годзе: тут знайшла сваё каханне, выйшла замуж. Ніякіх цяжкасцей Э.М.Дубчонак не баялася: выхоўвала траіх дзетак, шчыра працавала ў мясцовым калгасе, трымала вялікую гаспадарку. Не здолела зламіць жанчыну і заўчасная смерць мужа – наадварот, загартавала яе, падштурхнула браць ад кожнага дня па максімуме.

У доме Эмы Маркіянаўны заўсёды чысціня і парадак, нават пасля “нашэсця” траіх унукаў і чацвярых праўнукаў. Яна адзіная ў вёсцы гаспадыня, якая трымае карову. Малочных прадуктаў хапае і сабе, і дзецям, і нават крыху на здачу. Ну а двор Э.М.Дубчонак – асобная тэма. З ранняй вясны і да позняй восені ён патанае ў кветках: ружах, вяргінях, астрах… Нельга прайсці міма і не зачапіцца позіркам за арыгінальныя архітэктурныя формы, якіх ля дома хоць адбаўляй. Прыгожых буслоў, казачных персанажаў з падручных матэрыялаў любяць вырабляць дочкі Эмы Маркіянаўны, што жывуць ва Ушачах і Полацку. Жанчыне ж даручана не менш адказная місія – знайсці ім месца “прапіскі” ў аазісе шматлікіх кветнікаў.

Перамога ў прыгаданым вышэй конкурсе і атрыманы падарунак падштурхнулі гаспадыню да новых ідэй, якія яна плануе ўвасобіць у жыццё ў новым сезоне.

Нават каты сябруюць

Аднадумцам і практычна родным чалавекам для Э.М.Дубчонак на працягу многіх гадоў з’яўляецца яе суседка Соф’я Якаўлеўна Пашута. Ураджэнка Дубраўкі, яна доўгі час жыла і працавала ў Лужасна. Калі ж у 2003-м выйшла на пенсію, вярнулася на малую радзіму, каб даглядаць пажылую маму, набыла дом у суседнім Крывушчыне, дзе яе падкупілі незвычайнай прыгажосці краявіды. На новым месцы жанчына хутка абжылася: завяла свіней, курэй, да нядаўняга часу былі ў яе і авечкі. Біёлаг па спецыяльнасці, пра кветкі, іншую расліннасць яна ведае, напэўна, усё – і самыя экзатычныя прадстаўнікі флоры, і вялікая арка з вінаградніку ля дома – яе рук справа. Зімой жа, калі работы на падворку меней, любіць С.Я.Пашута разгадваць крыжаванкі, час ад часу займаецца вышыўкай.

Шчыра кажучы, адносінам паміж Эмай Маркіянаўнай і Соф’яй Якаўлеўнай можна толькі пазайздросціць. Яшчэ ў юнацтве яны сябравалі, разам хадзілі на танцы. І цяпер, у паважаным узросце, жывуць, як кажуць, і бяды не ведаюць: штодня сазвоньваюцца, хоць жывуць праз дарогу, гасцююць адна ў адной, па чарзе топяць лазню. Цікава, але факт: нават каты жанчын сябруюць між сабой і “патрулююць” ад дома да дома – гаспадыні часам нават забываюцца, каторы з іх свой.

Галоўны скарб – людзі

Пражыць доўгія гады сярод асаблівых крывушчынскіх краявідаў пашчасціла Валянціне Мікітаўне Кірпічонак і Зінаідзе Кірылаўне Жогаль. Нягледзячы на паважаны ўзрост, абедзве жанчыны і зараз стараюцца трымаць свае дамы і падворкі ў належным стане. Апошняй дапамагае ў гэтай справе сын Мікалай, каваль па прызванні. Ну а першай, як і многім іншым пажылым вяскоўцам, на выручку прыходзіць сусед Міхаіл Уладзіміравіч Савін, які працуе сацыяльным работнікам у ТЦСАН Ушацкага раёна.

Добрыя традыцыі крывушчынцаў падтрымліваюць і дачнікі. Так, напрыклад, дагэтуль непрыкметны драўляны дом, у якім жыла Аляксандра Архіпаўна Савіна, дзякуючы цікавым рознакаляровым пано, зробленымі з накрывак ад пластыкавых бутэлек дачкой жанчыны Вольгай, стаў сапраўдным упрыгожаннем вёскі. Асновы пчалярства спасцігае тут Мікалай Паноў з Наваполацка. Зрэшты, жадаючых пераняць яго вопыт ці проста паласавацца мядком летам асабліва многа. Менавіта ў гэтую пару вёска, як той пчаліны рой, ажывае: да бабуль і дзядуляў прыязджаюць на канікулы ўнукі, магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні не ўпускаюць дачнікі, турысты. Пагуляць у баскетбол, выкарыстаўшы замест карзіны прымацаваны да дрэва металічны бачок без дна, палавіць рыбу на адным з самых прыгожых азёр Ушаччыны, пасядзець увечары ля вогнішча – што можа быць рамантычней?!

Карацей кажучы, вёска жыве – надаючы насельніцтву душэўных сіл, натхняючы на новыя здзяйсненні.

Вольга КАМАРКОВА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *