На шахматный турнир в Ушачи съехались представители 5 районов Витебщины

Cпорт

Ушаччына ўваходзіць у лік некалькіх раёнаў Прыдзвіння, якія называюць “шахматнымі”. У мінулым годзе, да прыкладу, у нас было праведзена 28 турніраў рознага кшталту. Канечне, аматары старажытнай гульні ёсць абсалютна ў кожным раёне, але ж не ва ўсіх знаходзяцца апантаныя энтузіясты, здольныя згуртаваць вакол сябе мясцовых шахматыстаў. У нас гэтую місію ўзяў на сябе трэнер ДЮСШ Уладзімір Міхайлавіч Верлаў, ад якога мы атрымалі ў мінулую нядзелю запрашэнне пабываць на чарговым турніры, што праводзіўся ва Ушачах.

І для гэтага была адметная нагода: удзел у шахматных баталіях, што разгарнуліся ў ціры Ушацкай школы, прыняла рэкордная колькасць ігракоў – 38 чалавек з пяці раёнаў Віцебшчыны. “Напярэдадні давялося рыхтаваць для гульні дадатковыя сталы – убіралі з іх унутраныя перакладзіны, каб ігракам было зручна сядзець з абодвух бакоў”, – расказалі арганізатары. Але ж гэта таго варта – вельмі прыемна было бачыць вялікі рад дошак, за якімі прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты высвятлялі не толькі самых падрыхтаваных, але і тых, у каго лепшая рэакцыя: турнір праходзіў у фармаце “хуткіх” шахмат (10 хвілін на ўсе хады аднаго іграка). Гэта дазволіла правесці аж 9 тураў і, такім чынам, згуляць з большай колькасцю сапернікаў. Адметнасцю спаборніцтва стала вялікая колькасць маладых удзельнікаў, і трэба адзначыць, што шахматная змена парадавала: нават самыя юныя – а імі былі дзевяцігадовыя Улад Падворны з Ушач і Андрэй Рабкоўскі з Глыбокага – здолелі запісаць у свой актыў па некалькі перамог. “Упершыню прывёз ва Ушачы сваіх выхаванцаў і вельмі задаволены іх сённяшняй гульнёй”, – расказаў выкладчык шахматнага гуртка Глыбоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Васіль Сінькевіч.

Зрэшты, пацвер­дзілі свой клас і аксакалы, сярод якіх самымі ўмудронымі жыццёвым вопытам былі наш зямляк Анатоль Ільіч Кузьмічонак і прадстаўнік шумілінскай каманды Мікалай Дзмітрыевіч Радайкін. Дарэчы, абсалютны рэкорд масавасці падобных аматарскіх сустрэч (50 удзельнікаў) быў пастаўлены 9 год таму на турніры, які ладзіўся ў Шуміліне ў гонар 70-гадовага юбілею Мікалая Дзмітрыевіча.

“Едзем мы на такія сустрэчы найперш за прыемнымі зносінамі з сябрамі-сапернікамі, за азартам і адрэналінам барацьбы. Хоць, канечне, і складнік канчатковага выніку ніхто не адмяняў!” – падзяліўся меркаваннямі карэспандэнт лепельскай раённай газеты Яўген Мудры. І, трэба сказаць, мужчына цалкам пацвердзіў невыпадковасць атрыманага ад продкаў прозвішча, набраўшы самую вялікую колькасць балаў – 7,5. Але ж гэтага хапіла толькі для срэбра ў асабістым заліку, бо столькі ж ачкоў аказалася на рахунку юрысконсульта Докшыцкай ПМС Вячаслава Жытковіча, які атрымаў перамогу з улікам адмысловага каэфіцыента. Трэцім стаў яшчэ адзін прадстаўнік Лепеля Іван Бараноўскі. Лепшы вынік з ушацкіх удзельнікаў паказаў Уладзімір Барысёнак (6,5 ачка і 5-е месца). Па пяць набралі Уладзімір Леднік, Аляксандр Крацёнак, Мікалай Шчукін і Леанід Слуцкі. Першая каманда Ушач замкнула тройку прызёраў адпаведнага заліку, прапусціўшы наперад шахматыстаў з Докшыц і Лепеля.

Пераможцы і прызёры атрымалі кубкі і граматы ад ФСК “Ураджай”. І літаральна ад усіх удзельнікаў давялося пачуць добрыя словы наконт арганізацыі турніру і персанальныя падзякі ў адрас У.Верлава. Выказваліся і пажаданні, каб менавіта ва Ушачах праводзіўся чэмпіянат вобласці, бо наш раён не толькі мае зручнае размяшчэнне ў сярэдзіне рэгіёна, але і з’яўляецца сапраўдным цэнтрам яго шахматнага жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *