Як усё пачыналася
У аўторак падчас абедзеннага перапынку павіншаваць калектыў з гэтай датай завіталі старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка з намеснікам Аленай Васільеўнай Пашковіч. Ад іх прагучалі словы ўдзячнасці былым і сённяшнім работнікам, кіраўніцтву прадпрыемства, якое два дзесяцігоддзі працуе на карысць раёна. Для гісторыі гэта тэрмін невялікі, а вось у жыцці чалавека – значная вяха. На прадпрыемстве ёсць некалькі чалавек, якія могуць запытаць адзін у аднаго класічнае “А помніш, як усё пачыналася?” Міхаіл Данілёнак, Аляксандр Булаўка, Андрэй Жаўранак, Пётр Турчыновіч, Іван Залатухін, Мікалай Жарнасек працуюць у ААТ “Ушачы” з першых дзён, а некаторыя з іх пачыналі свой працоўны шлях на мехустаноўцы, калі яна яшчэ належала лясгасу.
Выдатна памятае ўсе этапы маладой гісторыі і В.Ф.Бяльковіч. З невялікім перапынкам ён узначальвае прадпрыемства з 2003 года. Першым жа дырэктарам таварыства стаў Аляксандр Пятровіч Антуневіч, пазней працэсам кіравалі Мікалай Канстанцінавіч Ляшкевіч і Аляксандр Ягоравіч Кухта.
Тэрыторыя прадпрыемства вялікая, а месца ў двары мала – у разгар рабочага дня ўсё ў руху. Разгружаецца ля платформы чарговы лесавоз з кругляком, туды-сюды сноўдаюць пагрузчыкі-кары, перавозячы гатовую прадукцыю, якая ляжыць і пад навесамі, і на выездах з цэхаў. Там таксама ўсё круціцца і гудзе – станкі выдаюць піламатэрыялы. Для жыхароў нашага раёна і ўсяго беларускага рынку прадпрыемства вырабляе дошкі розных памераў і формы, будаўнічыя матэрыялы: бэлькі, кроквы, брусы – іх імітацыю, модны зараз блок-хаўс і іншае – спектр прадукцыі даволі шырокі. Але на сённяшні дзень не яна прыносіць прыбытак, хаця цэны на яе ў ААТ “Ушачы” адны з самых нізкіх у рэгіёне.
Няпростыя ў фінансавым плане часы тут адчулі адразу – значна зменшылася колькасць заказаў на зрубы. Памятаю, як яшчэ некалькі год таму канструкцыямі з калібраванага бервяна была застаўлена вялікая пляцоўка, нават будынак невялікай царквы на Міншчыну рубілі: рабілі і па 100 метраў кубічных за месяц, за мінулы – толькі 39. Пакуль маецца ўсяго адзін заказ на зруб і тое на вясну – прадпрыемства працуе па папярэдняй дамоўленасці з кліентамі, бо няма сэнсу будаваць, напрыклад, двухпавярховы дом і чакаць, пакуль на яго знойдзецца пакупнік – дрэва хутка страчвае свае якасці, ды і сродкі патрэбны тут і зараз.
На новыя рынкі
Не атрымліваецца зарабіць на беларускім рынку – у апошні час актыўна асвойваюць замежны. І менавіта экспартныя пастаўкі сёлета дазваляюць трымацца на плыву. Каля 60 працэнтаў прадукцыі, а ў апошнія месяцы і ўсе 80, пастаўляюцца ў Польшчу, Латвію, Германію, Бельгію, Нідэрланды. У асноўным гэта палетная дошка коштам 100-105 еўра за метр кубічны хвойных парод і 90-95 – лісцёвых. Па словах В.Ф.Бяльковіча, напрамую на рынак Еўрасаюза выйсці складана – патрэбны вялікія аб’ёмы вытворчасці, таму прыходзіцца звяртацца да пасрэднікаў, але нават на такіх умовах гэта выгадна, бо адна фура ў залежнасці ад віду тавару “цягне” на 3300-2500 еўра, а іх адпраўляецца за мяжу і па дваццаць за месяц.
Без даўгоў і адходаў
Пры гэтым прадпрыемства не жыруе – толькі за спажытую электраэнергію даводзіцца штомесяц плаціць вялікія сродкі. Значная іх частка ідзе і на зарплату, сярэдні яе памер – 450 рублёў. “Зразумела, што за восем гадзін ля станкоў гэта нямнога, – канстатуе кіраўнік. – Але на дадзеным этапе няма магчымасці плаціць больш”. Трэба сказаць, што затрымак з выплатай заробленага тут няма, як і запазычанасцей па выплатах у бюджэт, фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Усе разлікі – празрыстыя, у адпаведнасці з заканадаўствам.
З моманту адкрыцця цэхі неаднойчы перажывалі малую мадэрнізацыю, а ў апошнія гады вытворчасць наладжана практычна безадходная. У справу ідзе нават пілаванне, якое забірае прадпрыемства “Кранаспан”, пабудаванае ў Смаргоні. Яно выпускае будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы, імпартазамяшчальную прадукцыю самай высокай якасці. Такім чынам у загрузцы магутнасцей прадпрыемства рэспубліканскага значэння, у запуск якога ўкладзена каля паўмільярда долараў ЗША, удзельнічае і наша невялікая мехустаноўка.
І ў начную змену
Наведваючы цэх, звярнуў увагу, што не так тут і многа людзей, і задаўся пытаннем, дзе ж працуе 70 чалавек? Аказваецца, гул станкоў над вадой Чаравэчча сціхае толькі падчас абедзенных перапынкаў і глыбокай ноччу – работы арганізаваны ў дзве змены, і другая заканчваецца а палове другой гадзіны.
Сёння многія імкнуцца стаць юрыстамі, топ-менеджарамі, і зыходзяць у нябыт так патрэбныя цэху спецыяльнасці – рамшчыкі і станочнікі, бо ўся работа, як і раней, грунтуецца не на новых лініях і тэхнічных ноу-хау, а на людзях – годных спецыялістах. “Мы дасягаем пэўных вынікаў таму, што ў нас сфарміраваўся вопытны і зладжаны калектыў – станочнікі, рамшчыкі, абслугоўваючы персанал. Дзякуй ім за тое, што выконваюць такую цяжкую працу”, – кажа кіраўнік. Ён расказвае, што многа людзей прыйшло ў 2003 годзе, і з тых часоў вялікай цякучасці кадраў няма. Работнікі новыя з’яўляюцца, бо жыццё не стаіць на месцы, але некаторыя паспрабавалі больш “лёгкага хлеба” ў іншых месцах і вярнуліся назад. А тое, што справа ў ААТ “Ушачы” і сапраўды нялёгкая, бачыў на свае вочы, калі крыху паназіраў за работай у цэхах, дзе без спецыяльных навушнікаў доўга не вытрымаеш – на розных станках, але ўсё ж уручную выпускам прадукцыі займаліся Аляксандр Кандрацкі, Міхаіл Лабань, Анатоль Емельянаў, Мікалай Закрэўскі і Ігар Карэйша. Рознага ўзросту і стажу, але, па словах кіраўніцтва, усе надзейныя і сумленныя работнікі.
На прыватным прадпрыемстве, як правіла, няма пасад лёгкіх і “цёплых” – законы бізнесу не дазваляюць абцяжарваць сябе раздзьмутым штатам. І ААТ “Ушачы” – не выключэнне. Замяшчае дырэктара па любых пытаннях яго намеснік Ігар Гракаў, добра спраўляецца са сваімі абавязкамі малады і разам з тым ужо вопытны начальнік цэха Руслан Кандрацкі. Тут яму дапамагаюць майстры Аляксандр Шасцярэнь і Аляксандр Журко, а іх калега Рыгор Акулёнак адказны за лесанарыхтоўкі. З самага лепшага боку характарызуюць мужчыны і адзіную ў калектыве прадстаўніцу цудоўнай паловы чалавецтва Кацярыну Дзмітрыеву, якая не толькі вядзе бухгалтэрыю, а і спраўляецца з абавязкамі кадравіка і яшчэ некалькімі.
Інтэрнацыянал “зялёнага” цэха
“Шматстаночнікаў” тут многа. Будзённасцю стала тое, што вадзіцель грузавога кара стане на месца рамшчыка ці наадварот – дзясяткі работнікаў могуць падмяніць адзін аднаго. Вось і Васіль Волах, брыгадзір лесанарыхтоўчай брыгады, мала што сам працуе на лесасецы з пілой побач з Уладзімірам Піульскім і Сяргеем Караваненкам – яшчэ і дастаўляе да дзялянкі брыгаду на аўтамабілі. Яе склад “інтэрнацыянальны”: трактарыст адзінага ў раёне чэшскага тралёвачніка LKT Аляксандр Стрыжонак – з Касароў, С.Караваненка – селішчанскі, а брыгадзір і У.Піульскі – жыхары гарпасёлка. Зрэшты, гэта зусім не перашкаджае ім добра ладзіць і не менш добра працаваць. “Хоць асноўная наша дзейнасць усё ж дрэваапрацоўка, ды не адзначыць гэтых хлопцаў немагчыма”, – расказваў па дарозе на лесасеку В.Ф.Бяльковіч.
За людзей і для людзей
“Заробкі ў нас невялікія, таму заўсёды іду насустрач людзям, лічу, што кіраўнік у адказе за калектыў, і калі ёсць магчымасць штосьці зрабіць для работніка, дапамагчы ў вырашэнні нейкага пытання – ён проста абавязаны гэта зрабіць. Так і напішыце! – адзінае, што дазволіў расказаць аб сабе В.Ф.Бяльковіч. – Лепш пра людзей!”. Хаця ў цэху я чуў адваротнае: “Вы пра дырэктара нашага болей, дзякуючы яму трымаемся…”, але выканаю абяцанне і асыпаць дыфірамбамі Васіля Фаміча не буду. Толькі прывяду адзін прыклад, які яскрава характарызуе яго як кіраўніка і чалавека. На працягу ўжо многіх гадоў кожны ранак за выключэннем выхадных на працу ў ААТ “Ушачы” накіроўваецца аўтамабіль з брыгадай касарскіх мужчын. Канечне, можна было б знайсці працоўныя рукі і бліжэй. Але падчас закрыцця стратнай вытворчасці ў Касарах (у ААТ “Ушачы” там быў філіял!) Васіль Фаміч абяцаў тутэйшым работнікам, што пакуль будзе ля “руля” і будуць жадаючыя працаваць ва ўшацкім цэху, падвоз людзей арганізуе таварыства. І слова сваё трымае па сённяшні дзень.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ